Logo Polskiego Radia
Print

Польскае радыё зладзіла дабрачынны канцэрт у дапамогу Стану Борысу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.06.2019 16:52
  • Стан Борыс.mp3
Славуты польскі музыкант перажыў інсульт, у выніку якога ён часткова паралізаваны.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаpixabay.com/CC0 Creative Commons

«Ты не адзін» – пад такім лёзунгам у Канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітальда Лютаслаўскага надоечы адбыўся дабрачынны канцэрт зорак польскай эстрады. Мэта падзеі – сабраць сродкі на лячэньне выдатнага польскага музыканта Стана Борыса, які некалькі месяцаў таму перажыў інсульт мозгу, яму патрэбная рэабілітацыя.

Па словах старшыні Польскага радыё Анджэя Рагойскага (Andrzej Rogoyski), Стан Борыс – гэта выключны чалавек, ня толькі для яго фанаў, але таксама для слухачоў Польскага радыё.

А. Рагойскі: Гэта артыст, якога мы вельмі любім. Мы ў Польскім радыё вельмі любім яго выступленьні на сцэне. Я памятаю яго творчасьць, гэта выключная постаць. Ня толькі таму, што ён выдатна сьпявае, яго песьні маюць цудоўныя словы, але таксама таму, што гэта выключны чалавек, выключная постаць. Асабіста я яго ня ведаю, але адчуваю, наколькі гэта незвычайны чалавек, які нясе нейкі мэсыдж сваім прыгожым голасам, сьпевам. Польскае радыё ўдзячнае яму за тыя прыгожыя моманты, калі ён сьпяваў, Польскае радыё заўсёды для яго адкрыта.

І таксама заўсёды Польскае радыё адкрытае для артыстаў, якія аказваюць дапамогу іншым людзям, калі ім такая дапамога вельмі патрэбная, – дадаў старшыня Польскага радыё Анджэй Рагойскі.

А. Рагойскі: Адкрытае для ўсіх музыкантаў, якія тут сабраліся і далі прыгожы канцэрт. Многія з іх выступалі на фэстывалі Польскай песьні ў Аполі, яны толькі-толькі адтуль вярнуліся, яшчэ вельмі стомленыя, і нягледзячы на гэта выступілі ў нас. Гэта было цудоўна. Мы вас вельмі любім, дарагі Барыс, калі я магу так да Вас зьвяртацца па-мужчынску!

Стан Борыс – вакаліст, кампазытар, актор і паэт. Нарадзіўся ў верасьні 1941 году. Пачынаў тэатральную кар’еру ва ўзросьце 17 гадоў, заснаваў музычны калектыў Блекаут, пазьней вырашыў сьпяваць самастойна. Доўгі час жыў за мяжою, у ЗША і Канадзе. У лютым бягучага году з ім здарыўся цяжкі інсульт, у выніку якога музыкант быў часткова паралізаваны, цяпер змагаецца за здароўя, патрэбнае яму дарагое лячэньне і рэабілітацыя. І менавіта на гэтыя мэты прызначаны даход з канцэрту, які адбыўся ўчора ў студыі Польскага радыё. «Прыйшоў час, каб мы ўсе падзякавалі Стану Борысу за той уклад, якія ён зрабіў у польскую музыку», – адзначае вакаліст і кампазытар Ежы Грунвальд, які выступіў падчас канцэрту.

Е. Грунвальд: Я сачу за яго музычнай кар’ерай, пачынаючы з 70-80-ых гадоў. На маю думку, кожная яго дзейнасьць становіцца нечым новым, сьвежым, хаця для яго самога зьяўляецца вялікім выклікам. Гэта артыст, які пастаянна шукае нешта новае, цікавае, стваральнае. Я перакананы, што яго музыка жыве ў нас. Мне здаецца, што менавіта музыка, жаданьне далей тварыць дае яму сілу змагацца. Гэты канцэрт для ўсіх тых, хто любіць яго музыку, у тым ліку музыку 80-ых гадоў. Гэты канцэрт мае высакародную мэту – дапамагчы яму.

Падчас канцэрту выступілі такія зоркі польскай эстрады, як Влодзімеж Корч, Кшыштаф Цугоўскі, Кая, Ізабэля Траяноўска, Вольга Боньчык ды іншыя. Мерапрыемства зладзілі Польскае радыё і Фундацыя Lex Nostra. Падзею паказалі на сайце Польскага радыё, а па Першай праграме радыё можна будзе пачуць выступленьні артыстаў у дзьвюх частках 20 і 21 чэрвеня.

У дапамогу Стану Борысу ўключыліся вядомыя мастакі, якія падарылі свае творы на адмысловы аўкцыён. Да 19 чэрвеня можна будзе браць удзел у аўкцыёне карцін Рафала Альбіньскага, Кшыштафа Арачэўскага, а таксама Марэка Грэхуты ці Кшыштафа Шэмёта – аўтара тэксту да славутай кампазыцыі Стана Борыса «Зьняволеная ластаўка».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт