З афіцыйным візытам у ЗША знаходзіцца польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда. У амэрыканскай сталіцы ён сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Па выніках сустрэчы бакі падпісалі дэклярацыю пра пашырэньне амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы.
Амэрыканцы пагадзіліся павялічыць на 1000 жаўнераў часовы вайсковы кантынгент ЗША, які знаходзіцца ў Польшчы. Дональд Трамп заявіў, што дадатковыя войскі перавядуць у Польшчу зь іншых эўрапейскіх краін. Магчыма гэта будуць часьці, што месьцяцца ў Нямеччыне. Белы Дом не перастае крытыкаваць Бэрлін за нежаданьне павысіць свае вайсковыя выдаткі да 2% ВУП і будаўніцтва газаправоду «Nord Stream2».
Таксама ЗША згадзіліся прадаць Польшчы сучасныя баявыя зьнішчальнікі F-35. Дональд Трамп назваў іх найлепшымі самалётамі ў сьвеце.
Дональд Трамп: У нашай дэклярацыі ўтрымліваецца запіс, што Польшчы і ЗША будуць паглыбляць супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі. Польшча прадставіць інфраструктуру для тысячы амэрыканскіх жаўнераў. Польскі ўрад пакрые кошты з гэтым зьвязаныя, без дадатковых затрат з боку ЗША. Я яшчэ вельмі задаволены тым, што Польшча вырашыла набыць 32 амэрыканскія зьнішчальнікі F-35. Мы мелі магчымасьць пабачыць гэтае цуда тэхнікі падчас палёту над Белым домам. Гэта неверагодная машына, якая можа лятаць вэртыкальна.
У сваю чаргу польскі ўрад удакладніў, што ЗША перасунуць у Польшчу шэраг вайсковых часьцей з розных радоў войск. Гаворыць міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.
Марыюш Блашчак: Будуць сфармаваныя эскадра бесьпілётных апаратаў паветраных сілаў ЗША, авіяцыйная база, групы падтрымкі ўзброеных сілаў ЗША ў нашай краіне, а таксама неабходная інфрастурктура на патрэбы танкавай баявой групы, авіяцыйнай баявой брыгаду, а таксама батальёну лягістычнай падтрымкі.
Усю неабходную інфраструктуру, зьвязаную з побытам гэтых войска ў Польшчы: жылыя ды складзкія памяшканьні ды іншае, – прадставіць польскі бок. Пра гэта распавёў журналістам прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
Анджэй Дуда: Тысяча жаўнера, пра якія ідзецца ў падпісанай дамоўленасьці, гэта розныя войскі, а не адна часьць. Гэта будуць кампанэнты спэцыяльных сілаў, лягістыкі, дывізіённае камандаваньне. На нашай тэрыторыі цяпер будзе ўсё больш войск ЗША, гэта будуць розныя часткі, супраца зь якімі будзе мець розныя напрамкі. Польскі бок узяў на сябе так званыя інфраструктурныя кошты. Ідзецца пра тое, што будзе пабудавана ў Польшчы ў зьвязку з прысутнасьцю войск ЗША: зямля, будынкі. Уся вайсковая інфраструктура: тэхніка, узбраеньне, танкі, армія ЗША прывязе з сабой у Польшчу. Выдаткі на арганізацыю такой баявой інфраструктуры будуць нашмат большыя.
Польскі ўрад разьлічвае ўзмацніць баявыя здольнасьці сваёй арміі, дзякуючы супрацы з амэрыканцамі. Таксама Варшава разьлічвае палепшыць сваю энэргетычную бясьпеку праз супрацу з ЗША, зазначыў былі міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.
Вітальд Вашчыкоўскі: Калі мы купім згаданыя 30 самалёта, а гэта самы сучасны зьнішчальнік, гэта будзе служыць умацаваньню бясьпекі нашай краіны. Мы не проста аддаём грошы ЗША. За гэта мы атрымаем самую сучасную тэхніку. Таксама на бясьпеку Польшчы паўплывае і пакупка амэрыканскага газу. Дзякуючы гэтаму праз некалькі год мы зможам цалкам адмовіцца ад расейскага газу, які зьяўляецца палітычным інструмэнтам шантажу. Таму гэта карысна для Польшчы.
У рамках афіцыйнага візыту польскай дэлегацыі ў Вашынгтон адбылося падпісаньне дамоўленасьці паміж польскім газавым канцэрнам PGNiG з амэрыканскай фірмай Venture Global. Пагадненьне тычыцца паставак у Польшчы 3,5 мільёнаў тон звадкаванага газу з Амэрыкі ў Польшчы штогод. Так Варшава хоча скараціць залежнасьць ад расейскага газа. Амэрыканскія войскі ў Польшчы павінны абараніць гэтую краіну ад магчымай расейскай агрэсіі. Гэтае рашэньне Вашынгтона ўжо пахваліла Летува ды кіраўніцтва НАТО.
Юры Ліхтаровіч