У Менску працягваецца польска-беларускі гаспадарчы форум «Добрасуседзтва». 6 чэрвеня ў першы дзень сустрэчы шматлікія польскія прадпрыемцы наведалі найвялікшую сельскагаспадарчую выставу Беларусі – «Белагра», якая праходзіць пад Менскам. На міжнароднай сельскагаспадарчай выставе былі прадстаўленыя й польскія прадпрыемствы. У сваю чаргу наведвальнікі Форума «Добрасуседзтва» 2019 удзельнічалі ў сустрэчах зь беларускім вытворцамі сельскагаспадарчай тэхнікі й прадукцыі.
Істотную частку польскай дэлегацыі складалі фэрмэры. «Белагра» было выдатнай магчымасьцю азнаёміцца з дасягненьнямі ды асаблівасьцямі вядзеньня сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Пра свае ўражаньні й пэўныя расчараваньні гаворыць удзельнік Форума, дэпутат рады гміны Пасвэнтнэ Лодзькага ваяводзтва, старшыня фінасава-бюджэтнай камісіі Рады Баляслаў Кацпшак.
Баляслаў Кацпшак: Дэлегацыя нашай гміны прыехала сюды, каб дамовіцца аб партнэрстве з пэўнай беларускай адміністрацыйнай адзінкай. Таксама мы намагаемся даведацца больш пра беларускую сельскую гаспадарку, бо ў польскія медыя такая інфрамацыя наогул не трапляе. Пасьля першых дзён наведваньня Беларусі, пасьля выставы «Белагра» мы адчуваем пэўнае расчараваньне. Гледзячы з пэрспэктывы польскіх сярэдніх сямейных фэрмэрскіх гаспадарак, тыя машыны і абсталяваньне, якое прадстаўленае на выставе, не адпавядае нашым патрэбам. Тут усё разьлічанае на абсалютна іншы маштаб. Прыстасаваньні створаныя з большага для агромністых сельскагаспадарчых камбінатаў, якія маюць тысячы й тысячы гектараў. Мы трошкі расчараваныя, бо калі б такая ж самая выстава адбывалася ў Польшчы, зацікаўленасьці там амаль ня было бы. Што нас сапраўды зьдзівіла, уразіла дык гэта небывалая чысьціня ўздоўж дарог. Нават выгляд гаспадарак, шлях загаспадараваньня ўгодзьдзяў. Скажу шчыра, перад прыездам сюды быў перакананы, што тут усё занядбанае. Бачу, што палеткі дагледжаныя, якасьць зямлі добрая. Тут ня трэба праводзіць дасьціпныя экспэртызы, каб пераканацца, што палеткі плённыя. Гэта бачна па іх стане, узровень сельскай гаспадаркі ў Беларусі сапраўды высокі. Выкарыстоўваюцца эўрапейскія тэхналёгіі, сучасныя машыны. Прызнаюся, калі б не мая прысутнасьць у Беларусі, я быў бы перакананы, што тут пануе значна горшая сытуацыя.
На 7-га чэрвеня прыпала самая афіцыйная частка форума Добрасуседзтва 2019. У гмаху Нацыянальнай бібліятэкі ў Менску адбываюцца працоўныя перамовы на высокім дзяржаўным узроўні: польскі бок прадставіць старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі, а Беларусь старшыня Рады Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч.
эж