Logo Polskiego Radia
Print

"Ініцыятыва трох мораў" набірае абароты

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.06.2019 16:15
  • Ініцыятыва трох мораў.mp3
Арганізацыя стварае адмысловы Фонд для фінансаваньня інвэстыцыйных праектаў.
Foto: twitter.com/prezydentp

У Славеніі праходзіць двухдзённы саміт "Ініцыятывы трох мораў". У Любляне сабраліся лідары Цэнтральнаэўрапейскіх краін. На саміт прыбылі таксама прадстаўнікі прэзыдэнцкай адміністрацыі ЗША. Размовы ішлі пра прысьпешваньне рэалізацыі праектаў ініцыятывы.

"Ініцыятыву трох мораў" стварылі ў 2015-м годзе па прапанове прэзыдэнтаў Польшчы ды Харватыі. Яны бачылі ў ёй плятформу эканамічнага, энэргетычнага ды інфраструктурнага супрацоўніцтва паміж 12 краінамі, што месьцяцца паміж трыма марамі: Адрыятыкай, Балтыкай ды Чорным. Чальцамі ініцыятывы сталі Аўстрыя, Баўгарыя, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Летува, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія ды Вугоршчына.

Славенскі саміт 5-6 чэрвеня бягучага года стаў чацьвёртай сустрэчай у вярхах прэзыдэнтаў краін Ініцыятывы. Сёлета ў саміце ўпершыню ўдзельнічаў прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер ды дзяржсакратара па справах энэргетыкі ЗША Рык Пэры.

Сёлетні саміт прысьвечаны стварэньню інструмэнтаў супрацоўніцтва. Адным з такіх інструмэнтаў павінен стаць Фонд Трох мораў, зь якога б ішло фінансаваньне на інфраструктурныя праекты. Такія як будаўніцтва дарог, партоў, трубаправодных спалучэньяў. Больш падрабязна са Славеніі перадае карэспандэнт Польскага радыё Караль Дармарос.

Караль Дармарос: Мэтай саміту зьяўляецца актывізацыя ды большая апэратыўнасьць "Ініцыятывы Трох мораў. У першую чаргу гэта тычыцца фінансаваньня блізу 50 інфраструктурных праектаў. Дзеля гэтага бакі ствараюць афіцыйны "Фонд Трох мораў", каб эфэктам ініцыятывы стала ня колькасьць сустрэч лідараў, а колькасьць кілямэтраў новых дарог.

Менавіта на гэтым практычным аспэкце Ініцыятывы засяродзіўся ў сваім выступе на саміце прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Польскі кіраўнік зазначыў, што краіны Цэнтральнай Эўропы ўсё больш інтэнсіўна разьвіваюцца. Для ўтрыманьня цяперашніх тэмпаў разьвіцьця рэгіёну патрэбны рост прамысловасьці, стабільнасьць фінансавых інстытуцый, а таксама вялізарныя інвэстыцыі ў транспартную інфраструктуру: аўтамагістралі, чыгунка ды энэргетыка.

Анджэй Дуда: Польшча ды Румынія заснавалі фонд, які будзе новай крыніцай фінансаваньня інфраструктурных інвэстыцый. Гэта будзе практычнае вымярэньне супрацоўніцтва ў рамках Ініцыятывы трох мораў. Гэта будзе канкрэтны інструмэнт дапамогі. Для нас важна ацэньваць эфэктыўнасьць Ініцыятывы не колькасьцю сустрэчы і падпісаных заяў, а кілямэтрамі пабудаваных аўтадарог, мадэрнізаваных газаправодаў, сродкамі, прызначанымі на пільныя інвэстыцыі. Гуляючы разам як каманда, мы пераходзім ад этапу аналітыка да дзеяньня ды рэалізацыі супольна вызначаных плянаў.

Гэтыя пляны ў выглядзе канкрэтных праектаў Славенія хоча прадставіць на разгляд новай Эўракамісіі. Пра гэта казаў славенскі прэзыдэнт Барут Пагор. Яны тычыцца ў першую чаргу энэргетыкі, інфраструктуры ды лічбавых тэхналёгій.

Барут Пагор: У нас будзе, што паказаць, новаму кіраўніку Эўрапейскай Камісіі. Спачатку мы прадставім справаздачу пра посьпехі ды дасягненьні з мінулага года ў розных напрамках. Потым агучым сэты ды пэрспэктывы нашага рэгіёна на будучыню. У нас ёсьць сьпіс нашых мэтаў, які мы перадамо Камісіі з просьбай сур’ёзна падумаць пра гэта.

У Славеніі адбыўся двухдзённы саміт "Ініцыятывы трох мораў". Кіраўнікі 12 краін Цэнтральнай Эўропы выступілі з заклікам перайсьці да рэалізацыі канкрэтных праектаў на карысьць рэгіёну трох мораў: Балтыйскага, Чорнага ды Адрыятыкі. Фінансаваньне праектаў зоймецца афіцыйны "Фонд трох мораў", створаны ў рамках ініцыятывы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт