Многія аматары літаратуры, навінак прама з друкарскіх станкоў зь нецярпеньнем чакаюць 23 траўня, калі ў Польшчы пачынаецца самая буйная імпрэза, зьвязаная з рознымі відамі літаратуры.
У Варшаве заўтра пачынаецца штогадовы кніжны кірмаш. Сёлета юбілейная, дзясятая па ліку выстава адчыняе свае дзьверы 23 траўня і працягнецца да 26 чысла. На яе прыедзе звыш 800 экспанэнтаў з 27 краінаў сьвету, будзе прадстаўлена больш за 1030 аўтараў, паралельна з кірмашом пройдзе 1,5 тыс. розных мерапрыемстваў. Варшаўскі кірмаш – гэта самая буйная такога тыпу імпрэза ў Польшчы.
Дырэктар Варшаўскага кніжнага кірмашу Яцэк Орыль запрашае ўсіх на Нацыянальны стадыён у сталіцы, дзе ня толькі можна будзе пазнаёміцца з навінкамі кніжных выдавецтваў, але таксама сустрэцца з папулярнымі аўтарамі кніг, як з Польшчы, так і з-за мяжы. На кірмаш запрошаныя між іншым аўтары любімых тысячамі чытачоў дэтэктыўных раманаў. Акрамя таго, прыедзе вялікая беларуская зорка Святлана Алексіевіч.
Я. Орыль: Мы запрасілі на наш юбілейны кірмаш 10 вядомых і папулярных пісьменьнікаў, якіх мы будзем прымаць на гэтак званай літаратурнай канапе. На ёй пасядзіць між іншым Святлана Алексіевіч, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, якая таксама два разы заваявала галоўную ўзнагароду фэстывалю імя Рышарда Капусьціньскага. Запрасілі мы і нашых польскіх вядомых пісьменьнікаў – Эўстахы Рыльскага, Марэка Краеўскага, Зыгмунта Белашэўскага.
На кірмашы, як штогод, будзе прэзэнтацыя таксама беларускай літаратуры. На стэндзе Беларусі свае выданьні прадставяць між іншым выдавецтвы «Народная асьвета», Белкніга, Выдавецкі дом «Беларуская навука». Загадчыца аддзелу маркетынгу выдавецтва «Беларуская навука» Ала Лефарэнка распавяла, што яна прывязе з сабой у Варшаву і з якімі плянамі ды думкамі адпраўляецца ў польскую сталіцу.
А. Лефарэнка: У нас ня так даўно выйшла кніга «Беларусь. Старонкі гісторыі», «Вялікае Княства Літоўскае. Палітыка. Эканоміка. Культура», «Полацк», «Прыказкі ды прыказкі. Мудрай мовы прывязкі». Гэта кніжка на беларускай, польскай і кітайскай мовах, нашы маладыя мастакі падрыхтавалі вельмі цікавыя ілюстрацыі да яе. Я ўзяла таксама кніжкі з сэрыі «Традыцыйны лад жыцьця», «Народнае мастацтва», «Сьцежкамі дзядоў», «Сьвятыя крыніцы». У нас нядаўна выйшла таксама кніга, праўда, на расейскай мове, «Польшча – Беларусь. 1921-1953 гг». Археалягічныя зборнікі, кнігі па фальклёру... Я першы раз еду, таму ў мяне пляны наладзіць супрацоўніцтва, можа ўдасца электронныя вэрсіі прадаць, таму што папяровыя кнігі ўжо дрэнна купляюць. Ну, і паказаць сябе, мне сказалі, што там дыяспара беларуская, цікавіцца. Наш Інстытут гісторыі Акадэміі навук параіў мне зьвярнуцца да бібліятэкі Інстытуту археалёгіі Польскай Акадэміі Навук. У нас жа навуковая літаратура, яна больш цікавая вучоным.
Ганаровым госьцем кірмашу будзе сёлета Румынія. Дырэктар Румынскага Інстытуту культуры ў Варшаве Сабра Даіці падкрэсьлівае, што ў гэтым годзе адзначаецца стагодзьдзе наладжваньня польска-румынскіх дыпляматычных адносінаў, а таксама ў дадзены момант Румынія зьяўляецца старшынёй Рады Эўрапейскага Зьвязу. Так што ёсьць нагода, каб бліжэй пазнаёміць варшавян і гасьцей польскай сталіцы з гэтай дзяржавай, яе гісторыяй, культурай ды сёньняшнім днём.
С. Даіці: Гэта цудоўная нагода, каб прыгадаць пра сяброўства, якое злучае румынаў і палякаў, пра наша супрацоўніцтва, пра нашы адзіныя каштоўнасьці, тое, што для нас важнае. Вельмі важна ў гэтыя дні, што мы можам зьвярнуць увагу на культуру, якая ўсіх нас яднае. Менавіта культура будзе галоўным героем гэтых дзён.
Падчас кірмашу з чытачамі сустрэнуцца румынскія пісьменьнікі, між іншым Варуян Васганян, пройдуць шматлікія аўтарскія сустрэчы і дэбаты, у прыватнасьці, спатканьне, прысьвечанае тэме перакладаў твораў румынскай літаратуры.
У рамках Варшаўскага кніжнага кірмашу заплянаваныя прэм’ерныя прэзэнтацыі кніг, паказы дакумэнтальных і мастацкіх кінафільмаў, майстар-клясы і паказы мультфільмаў для самых малодшых наведвальнікаў.
нг