Урад Польшчы прыняў Вялікі фінансавы плян дзяржавы. Стратэгія ахоплівае 2019-2022 гады й прадбачыць эканамічны рост, зьмяншэньне беспрацоўя, нізкі ўзровень інфляцыі й малы бюджэтны дэфіцыт. Згаданы плян мае стаць асновай бюджэту на 2020 год.
Пасьля паседжаньня ўраду прэс-сакратар Кабміну Польшчы Яанна Капціньска зазначыла, што бюджэт дзяржавы стабільны, а дадатковыя сацыяльныя праграмы, якія ўводзяцца польскім урадам, не парушаць фінансавай дысцыпліны. Да канца красавіка праграма будзе перададзеная на разгляд у Эўрапейскую камісію.
У 2018 годзе эканамічны рост склаў у Польшчы 5,1% і быў найбольшым ад 2007 году. У пляне прагназуецца, што згаданая тэндэнцыя захаваецца ў бліжэйшыя гады.
У 2019 годзе эканамічны рост прагназуецца на ўзроўні 4%, 2020-м – 3,7%, а ў 2021 і 2020 гадах – 3,4% і 3,3% адпаведна.
Польскі ўрад таксама разьлічвае на далейшае зьмяншэньне беспрацоўя. І так, паводле прагнозаў, беспрацоўе ў 2019 годзе складзе 3,6%, а ў 2020-м – 3,3%. І тут варта нагадаць, што яшчэ 15 гадоў таму беспрацоўе ў Польшчы перакрочвала 20%. Зьніжэньне беспрацоўя – гэта кумуляцыя некалькіх фактараў, у прыватнасьці, разьвіцьця польскай эканомікі, пашырэньня сфэры паслуг ды агульных пазытыўных эканамічных тэндэнцый у сьвеце й Эўропе.
Калі ж казаць пра інфляцыю, то ў 2018 годзе яе ўзровень склаў 1,6%. Пры гэтым варта нагадаць, што ў 2014 годзе ўзровень інфляцыі склаў 0%, а ў 2015 і 2016 гадах назіралася дэфляцыя – гэта значыць зьмяншэньне цэн на тавары й паслугі ў краіне.
У праграме таксама гаворыцца пра буйныя інвэстыцыйныя праекты з удзелам дзяржаўнага капіталу, у прыватнасьці пра Цэнтральны камунікацыйны порт. Як паведамлялася, Польшча плянуе пабудаваць Цэнтральны камунікацыйны порт «Салідарнасьць» – адзін з найбольшых аэрапортаў у Эўропе. Аб’ект плянуецца ўзьвесьці паміж гарадамі Варшава й Лодзь. Аэрапорт будзе спалучаны з гарадамі краіны чыгуначнымі лініямі, у тым ліку высокахуткаснымі.
У чэрвені мінулага году прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў спэцыяльны закон, раней прыняты парлямэнтам, які дазваляе вылучыць фінансаваньне на будаўніцтва аэрапорту зь дзяржаўнага бюджэту. Пасьля адкрыцьця аэрапорту «Салідарнасьць» варшаўскі міжнародны аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна будзе закрыты для пасажырскага руху. Інвэстыцыя паўстане каля вёскі Станіславаў у гміне Баранаў у 40 км на захад ад Варшавы. Паводле плянаў, з часам польскі аэрапорт павінен стаць найбуйнейшым у Эўропе з магчымасьцю абслугоўваньня ў год 100 млн пасажыраў.
Аэрапорт «Салідарнасьць» мае стаць галоўнай базай і хабам для польскай авіякампаніі LOT, а таксама хабам для іншых авіяліній ды перасадачным пунктам на шляху пасажыраў з розных частак сьвету.
Пакуль што вырашаюцца рознага роду тэхнічныя пытаньні, але ўжо працуе дзяржаўная кампанія, якая адказвае за каардынацыю прац пры праектаваньні й будаўніцтве аб’екту.
Былы старшыня кампаніі Яцэк Бартосяк сказаў Польскаму радыё, што разьвіцьцё авіяцыйнага транспарту й рост пасажырапатоку стварае добрыя пэрспэктывы для новай інвэстыцыі.
Яцэк Бартосяк: Згодна з мадэлямі й прагнозамі, узьвядзеньне Цэнтральнага камунікацыйнага порту не прывядзе да зьмяншэньня пасажырскага руху з рэгіянальных аэрапортаў. Таму няма чаго баяцца, што ЦКП зьнішчыць рэгіянальныя аэрапорты. Справа ў тым, што рост пасажырапатоку ў Польшчы й Цэнтральнай Эўропе настолькі вялікі, што ёсьць месца для існаваньня й вялікага аэрапорту, і рэгіянальных аэрапортаў. Я таксама нагадаю, што Цэнтральны камунікацыйны порт – гэта ня толькі аэрапорт, гэта вялікі чыгуначны вузел, які спалучыць Польшчу ў адным месцы.
Паводле ўступных ацэнак, будаўніцтва аб’екту й інфраструктуры павінна пачацца ў 2021 годзе й паглынуць 35 млрд злотых (каля 9 млрд эўра). Будаўніцтва й мадэрнізацыя чыгуначных ліній паглыне, паводле падлікаў, 8-9 млрд злотых, а аўтатрас – 7 млрд злотых. Польскі ўрад сьцьвярджае, што згаданыя капіталаўкладаньні створаць дадатковыя месцы працы й дадуць штуршок у разьвіцьці рэгіёну й краіны ў цэлым.
Акрамя інвэстыцый, Вялікі фінансавы плян дзяржавы прадугледжвае працяг і ўвядзеньне новых сацыяльных праграм, у прыватнасьці, выплаты грошай сем’ям альбо бацькам-адзіночкам, якія выхоўваюць дзяцей, пэнсіянэрам, а таксама зьмяншэньне падаткаў, у тым ліку падатку на дадзеную вартасьць.
вс