Новыя інвэстыцыі зробяць порт рэгіянальным хабам, і дадуць Польшчы энэргетычную незалежнасьць.
Газапорт у Сьвінавуйсьці дзейнічае з чэрвеня 2016-га года. За гэты час порт прыняў 56 караблёў са звадкаваным газам, у асноўным з Катару. На сёньняшні дзень магутнасьць порту па прыняцьці ды дыстрыбуцыі газу складае 5 мільёнаў м3 у год.
У сераду ў порце адбылася ўрачыстая цырымонія з удзелам польскага прэзыдэнта ды прэм’ер-міністра падпісаньня дамовы на фінансаваньне будаўніцтва нарошчваньня інфраструктурных магутнасьцяў порту. Дзякуючы сродкам з ЭЗ на тэрыторыі газапорту будзе пабудаваная новая інфраструктура. Больш падрабязна распавядае карэспандэнтка Польскага радыё Агнешка Дранжкевіч.
Агнешка Дранжкевіч: Будаўніцтва газапорту ў Сьвінавуйсьці будзе доўжыцца 4 гады. У першую чаргу будуць рэалізаваныя інвэстыцыі ў нарошчваньні магутнасьцяў тэрміналу па рэгазафікацыі з 5 да 7 мільярдаў кубамэтраў газу ў год. Да 2023 года павінны быць пабудаваныя новае ўзьбярэжжа, чыгуначная лінія ды трэці тэрмінал. Пасьля пашырэньня порту, газ будуць вывозіць чыгункай, цыстэрнамі на аўтамабілях, а таксама меншымі караблямі ў іншыя парты на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора.
Дэталі новых інвэстыцый патлумачыў дырэктар фірмы «Polskie LNG » Павал Якубоўскі, якая валодае газапортам і займаецца нарошчваньнем магутнасьцяў інфраструктуры.
Павал Якубоўскі: На сёньняшні дзён асноўны варыянт выкарыстаньня газу з порту зьяўляецца – рэгазафікацыя ды адпраўка газаправодамі. Ёсьць яшчэ варыянт з перавозкай аўтацыстэрнамі. У выніку будаўніцтва порту, мы хацелі б, каб нашы кліенты маглі атрымоўваць газ праз чыгуначныя дастаўкі, а таксама з меншых караблёў, каб можна было развозіць сыравіну ўздоўж узьбярэжжа Польшчы, ці па Одэру ды Вісьле. Праграма будаўніцтва порта служыць таму, каб звадкаваны газ быў яшчэ больш даступны. Таму мы хочам, каб порт быў вельмі элястычны пры прыняцьці газу, каб яго можна было пастаўляць рознымі транспартнымі сродкамі.
Пры рэалізацыі гэтых інвэстыцый Польшча бярэ прыклад са скандынаўскіх краін. Тым больш, што польскі ўрад хоча спалучыць гэты праект з транспартнай ініцыятывай Baltic Pipe, якая палягае на будаўніцтве газаправоду з Даніі ў Польшчу. Гэты газаправод плянуюць спалучыць з газапортам у Сьвінавуйсьці.
Павал Якубоўскі: Такія дзяржавы як Швэцыя ды Фінляндыя ўжо цяпер рэалізуюць шмат праектаў ЛНГ малых маштабаў. Для іх патрэбна вялікая крыніца сыравіны. Таму мы будуем новае ўзьбярэжжа, каб мець магчымасьць запампоўваць газ на меншыя караблі. Мы маглі б стаць лякальным хабам ЛНГ, які быў крыніцаў сыравіны для лякальных спажыўцоў у басэйне Балтыйскага мора.
Апроч будаўніцтва новых магутнасьцяў у порце павысіць энэргетычную бясьпеку краіны, перакананы Павал Якубоўскі.
Павал Якубоўскі: Гэта можна назваць дадатковым зарадам энэргіі, які палепшыць нашую перамоўную пазыцыю краіны, якая хоча мець доступ да незалежных крыніц газу, мець свабоду прымаць рашэньне з кім, на якіх умовах і на які час хоча падпісваць кантракты.
У сваю чаргу, польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда распавёў, што ўрад плянуе, што газапорт у Сьвінаўсьці зможа прымаць да 10 мільярдаў м3 газу ў год, што дазволіць пастаўляць газ таксама ў іншыя краіны Цэнтральнай ды Ўсходняй Эўропы.
Анджэй Дуда: Польшча зможа таксама гарантаваць бясьпеку ў абшары газавай энэргетыкі сваім суседзям. У першую чаргу, ідзецца пра Ўкраіну, зь якой цяпер мы будуем спалучэньні, таксама пра Чэхію ды іншых нашых суседзяў.
Будаўніцтва новых магутнасьцяў газапорту працягнецца 4 гады. За гэты час уласьнік порту плянуе пабудаваць новыя магутнасьці, каб прымаць 7,5 мільярдаў мз звадкаванага газу ў год.
Юры Ліхтаровіч