У адным зь іх бярэ ўдзел Папа Рымскі. Таксама набажэнствы Вялікай пятніцы масава ладзяцца ў Польшчы.
У пятніцу перад Вялікаднём, каталікі сьвету адзначаюць дзень суду, пакут ды сьмерці Ісуса Хрыста.У гэты дзень у касьцёлах не цэлебруецца Эўхарыстыя, не адпраўляецца імша. Ладзіцца толькі спэцыяльная служба – набажэнствы Адарацыі сьвятога Крыжа. Вялікая пятніца для каталікоў – гэта дзень разваг, каяньня, ды абмежаваньня, у тым ліку і ў ежы. У гэты дзень вернікі абавязаны пасьціць, ня есьці дасыта ды ўстрымлівацца ад мясных страў. Вялікая пятніца – гэта вельмі сымбалічны дзень, кажа айцец Рафал Штэйка з Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Любліне.
Рафал Штэйка: Вялікая пятніца – гэта ўсьведамленьне таго, што Бог пакутуе, бярэ крыж, каб паказаць, што ўсе крыжы, што мы нясем у жыцьці, што па ўсіх нашых крыжовых дарогах ён ідзе з намі. Таму варта ў Вялікую пятніцу задаць сабе пытаньні, кім я ёсьць на гэтай крыжовай дарозе. Ці дапамагаю несьці крыж ці асуджаю, крыжую – гэта вельмі важнае пытаньне. Кім я бачуся на крыжовай дарозе.
Таксама Вялікая пятніца – гэта дзень разваг і асэнсаваньня таямніцы крыжа. Менавіта таму ў касьцёлах ды на вуліцах шматлікіх гарадоў сёньня адпраўляецца набажэнства Крыжовага шляху. У Польшчы Крыжовыя дарогі пройдуць па вуліцах Любліна, Яснай Гуры, Кальвары Забжыдоўскай ды іншых. Распавядае айцец Сэбаст’ян Матэцкі з Яснай Гуры.
Сэбаст’ян Матэцкі: Мы ладзім Крыжовую дарогу, каб ушанаваць важны момант, каб мы змаглі ўмацаваць нашу любоў да Збаўцы, каб мы маглі чэрпаць ды ўмацоўвацца з гэтай любові. Вядома, што ў нашы жыцьці мы сутыкаемся з рознымі крыжовымі дарогамі, але з намі Хрыстос, які нахіляецца да нас ды мае міласэрнасьць да нас. Крыж – галоўны сымбаль Вялікай пятніцы.
Вялікая пятніца – гэта дзень сьмерці Хрыстоса, што натуральна змушае людзей задумацца над тым, як наша грамадзтва ставіцца да болі ды сьмерці. Паміраньне – гэта рэальнасьць для чалавека й ня трэба баяцца пра яе гаварыць, кажа псыхоляг Агнешка Янкоўска.
Агнешка Янкоўска-Рахэль: Можна задаць сабе пытаньне: як я сам хацеў ці хацела бы памерці, каго хацеў бы бачыць побач з сабой, ці ёсьць нешта што я хацеў бы сказаць, ці мне сказалі б? Такія самыя пытаньні можна задаць чалавеку, які памірае альбо пакутуе. Гэта вельмі важныя моманты, якія потым даюць супакой блізкім, бо яны зрабілі ўсё, што маглі зрабіць.
Чалавек у цяжкія хвіліны вельмі патрабуе блізасьці зь іншымі людзьмі. Таму трэба не баяцца такіх сытуацыі і быць падрыхтаваным да іх. Вельмі добрую нагоду да гэтага дае нам Вялікая пятніца. Гэта час, каб мы прабачылі іншым правіны, кажа сьвятар Марэк Хшаноўскі.
Марэк Хшаноўскі: У жыцьці верніка прабачэньне мае вельмі важнае значэньне. Непрабачэньне – гэта вялікая разбуральная сіла, якая б’е па нас саміх. Прабачаючы, дабро мы робім самім сабе, заахвочваю да прабачэньня. Тады Ісусу будзе ўтульней жыць у нас.
Вялікая пятніца – гэта дзень, калі каталікі ды іншыя хрысьціяне згадваюць ды ўшаноўваюць перамогу ўкрыжаванага Ісуса Хрыста над сьмерцю. Гэта дзень разваг над нашым жыцьцё, прыняцьце болі ды навука прабачэньня.
Юры Ліхтаровіч