Logo Polskiego Radia
Print

Улады Польшчы ліквідуюць Адкрытыя пэнсійныя фонды

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.04.2019 15:08
  • OFE.mp3
Прэм’ер-міністар М. Маравецкі: "Зьмены павінны навесьці парадак у пэнсійнай сыстэме".
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Польшчы нараджаецца значна менш дзяцей, чым, скажам, 40 гадоў таму. На пэнсію выходзяць тыя пакаленьні, якія прыйшлі на сьвет неўзабаве пасьля вайны, у 50-60 гады мінулага стагодзьдзя, тады нараджалася прыкладна ў два разы больш дзяцей, чым цяпер. Адпаведна, выдаткі дзяржавы на пэнсійнае забесьпячэньне пастаянна растуць, і расьці будуць яшчэ нейкі час, а ўзносы на сацыяльнае страхаваньне павялічваюцца значна павольней.

Прадстаўнікі ўладных структур краіны ломяць сабе галовы, якім чынам балянсаваць даходы і выдаткі Ўпраўленьня сацыяльнага страхаваньня (польскі ZUS Zakład Ubezpieczeń Społecznych – ведамства, якое выплачвае пэнсіі). Акрамя таго, урад партыі «Права й справядлівасьць» прапануе жыхарам краіны новыя сацыяльныя праекты, якія значна павялічваюць выдаткі дзяржавы.

У выніку рэформы пэнсійнай сыстэмы ў 1999 годзе ў Польшчы былі створаныя гэтак званыя Адкрытыя пэнсійныя фонды (Otwarte Fundusze Emerytalne – OFE) – прыватныя фінансавыя структуры, куды ўсе працуючыя былі абавязаныя ўносіць невялікую частку сваіх заробкаў, паралельна з абавязковымі выплатамі ў дзяржаўны ZUS. Паводле ідэі, фонды павінны былі павялічыць у канчатковым рахунку пэнсіі. За два дзясяткі гадоў у OFE былі сабраныя аграмадныя сумы, якія пачалі спакушаць улады, каб прыбраць іх да рук. Папярэдні кааліцыйны ўрад «Грамадзянскай плятформы» і Польскай сялянскай партыі перасунуў частку сродкаў у дзяржбюджэт, але OFE не былі зьліквідаваныя, да іх надалей належыць 15,8 млн. палякаў, якія трымаюць на рахунках фондаў свае ашчаднасьці. Надоечы прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўсе гэтыя грошы будуць пераведзеныя на індывідуальныя пэнсійныя рахункі, у ZUS або гэтак званыя Пляны накапленьня капіталу для супрацоўнікаў. Па словах прэм’ера Матэвуша Маравецкага, зьмены павінны навесьці парадак у пэнсійнай сыстэме.

М. Маравецкі: Такім чынам, каб пэнсіянэры былі больш упэўненыя, і каб пры гэтым сабраных сродкаў было больш на іх рахунках у ZUS. А для тых, хто вырашыць не пераводзіць сваіх сродкаў у ZUS, ёсьць магчымасьць перанесьці грошы на Індывідуальныя пэнсійныя рахункі або рахункі Плянаў накапленьня капіталу для супрацоўнікаў. Гэта будуць сродкі, якія былі сабраныя ў Адкрытых пэнсійных фондах для кожнага з гэтых 15,8 млн. грамадзян.

Меркаваньнем кіраўніка Рады міністраў, такім чынам урад перадае гэтыя сродкі грамадзтву.

М. Маравецкі: Калі падзяліць суму, сабраную ў Адкрытых пэнсійных фондах, на амаль 16 млн. іх чальцоў, то атрымаецца, што на аднаго чальца Адкрытага пэнсійнага фонду прыходзіцца каля 10 тыс. злотых. Такім чынам гэтыя сродкі мы намераныя перадаць грамадзтву, перадаць іх людзям.

У гэтай бочцы мёду ёсьць усё ж такі і лыжка дзёгцю. Грошы з рахункаў у OFE сапраўды будуць прыватызаваныя, гэта значыць, аддадзеныя іх уладальнікам, але прыйдзецца за апэрацыю заплаціць – 15% сабранай сумы. Улады тлумачаць, што калі б перанясеньне сродкаў было б вызвалена ад падатку, гэта было б несправядліва ў адносінах да ўзносаў на пэнсійныя рахункі ў ZUS, якія абкладаюцца падаткам.

Супраць прапанаваных зьменаў выступае палітычная апазыцыя. Пратэстуе, між іншым, самая буйная апазыцыйная партыя «Грамадзянская плятформа». Дэпутатка ад гэтай групоўкі Ізабэля Лешчына заявіла, што перанос сродкаў з OFE азначае «дэ факта ліквідацыю гэтай званай другой пэнсійнай апоры». Былая віцэ-міністар фінансаў выказала свой камэнтар таксама на тэму пераводу сродкаў з OFE у дзяржаўнае Ўпраўленьне сацыяльнага страхаваньня (ZUS).

І. Лешчына: Што робіць урад «ПіС»? Ліквідуе субрахунак. Ён не пераносіць грошы з OFE на субрахункі, з захаваньнем права спадчыны, як зрабіла гэта «Грамадзянская плятформа», а пераносіць гэтыя грошы на нашы асноўныя індывідуальныя рахункі. Гэта значыць, урад падмане нашых дзяцей на спадчыне.

Урад плянуе, што ў траўні адбудуцца грамадзкія кансультацыі яго праекту. У чэрвені або ліпені будзе прыняты законапраект з наступным адпраўленьнем яго ў парлямэнт. На восень прадбачваецца адабрэньне закону парлямэнтам. Калі ўсё пойдзе згодна пляну, перанос сродкаў з OFE у іншыя структуры адбудзецца на пачатку 2020 году. Пасьля гэтых зьменаў польская пэнсійная сыстэма будзе складацца з трох элемэнтаў: дзяржаўнага Ўпраўленьня сацыяльнага страхаваньня, куды ўсе працуючыя абавязкова плацяць узносы, Плянаў накапленьня капіталаў для супрацоўнікаў ды Індывідуальных пэнсійных рахункаў. Некаторыя фінансавыя аналітыкі выказваюць боязі, што з-за ліквідацыі Адкрытых пэнсійных фондаў, пэнсіі палякаў празь некалькі дзясяткаў гадоў будуць меншыя, паколькі грашыма, перанесенымі з OFE, можна будзе скарыстацца раней, не чакаючы выхаду на заслужаны адпачынак.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт