Logo Polskiego Radia
Print

Варшаву наведала самая калярытная пара беларускамоўнай творчасьці (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.04.2019 14:03
  • Цімафеева Бахарэвіч Белдом.mp3
Ня часта здараецца нагода паслухаць у Варшаве такіх выдатных літаратараў, як Ю. Цімафеева і А. Бахарэвіч.
Ю.Цімафеева і А. БахарэвічЮ.Цімафеева і А. Бахарэвічфота: Н. Грышкевіч/БСПР

У Беларускім доме ў Варшаве свае кнігі і фатаграфіі прэзэнтавалі перакладчыца, фатограф і паэтка Юлія Цімафеева ды пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

Ня часта здараецца нагода ўбачыць і паслухаць у Варшаве такіх выдатных літаратараў, як Юлія Цімафеева і Альгерд Бахарэвіч. А зацікаўленьне творчасьцю беларускамоўных пісьменьнікаў у Польшчы ёсьць, паколькі ў Варшаве пражывае некалькі тысяч беларусаў. Варта, каб яны пазнаёміліся, – гаворыць арганізатар вечарыны.

Pamedor Reuckij: Сёньня ў Беларускім доме ў Варшаве адбываецца нешта такое, чаго тут яшчэ не было – вэрнісаж выставы Юліі Цімафеевай і творчы вечар яе і Альгерда Бахарэвіча. Адначасова праходзіць прэзэнтацыя мінулагодняга альбому гурту Аўтономікон. Я зьяўляюся адміністратарам групы «Беларусы ў Варшаве», якая пачыналася як такі жарт, я прыехаў і напісаў, ці магу задаць адразу ўсе пытаньні наконт майго пражываньня ў Варшаве. Мне сказалі, што такой групы няма. Я яе стварыў, дадаў усіх сваіх сяброў, першы год-два было ціха, а пазьней нечакана пачало расьці як сьнежны ком. Цяпер нас каля 4 тыс., на маю думку, прыкладна 2 тыс. жыве ў Варшаве. Раней не атрымлівалася сабрацца, вось гэта першы раз.

Юлія
Юлія Цімафеева (у сярэдзіне) і Pomedor Reuckij (з правага боку)

Выстава здымкаў Юліі Цімафеевай носіць незвычайную назву «Менск вачыма апэратара дрона іншаземнага карабля». Па словах самой аўтаркі, праз фатаграфію яна хацела наблізіцца да гораду, адчуць, што ён – свой, ня страшны.

/

Ю. Цімафеева: Выстава прысьвечаная Менску, часам дзіўнаму, незвычайнаму. Здымаць я пачала ў Парыжы, дзе мы з мужам Альгердам Бахарэвічам былі на стыпэндыі. Фатаграфія была для мяне сродкам змагацца з горадам – вельмі моцным, агрэсіўным. Фотаапарат быў для мяне зброяй. Калі я вярнулася ў Менск, я хацела гэта працягнуць, але адчула, што куды б я не страляла, усюды прамахваюся. Менск часта называюць вельмі чыстым горадам, але за гэтай чысьцінёй хаваецца пустэча. Я пачала шукаць, за што схапіцца, як паказаць прыгажосьць мэлянхалічнага, часам змрочнага гораду.

/

Юлія ня толькі паказвала свае здымкі, але таксама чытала вершы са зборніка паэзіі «Цырк», перакладзенага, дарэчы, на польскую мову.

У сваю чаргу Адьгерд Бахарэвіч прадставіў сабраным у Беларускім доме свой новы аўтабіяграфічны твор «Мае дзевяностыя». Гэта, як распавёў нам пісьменьнік, кніжка ня толькі для тых, каго маладосьць прыпала на 90-ыя гады ў Беларусі, але таксама для маладзейшага пакаленьня.

А. Бахарэвіч: Гэта кніга для таго, каму дзесьці ад 25 гадоў да 45. Людзі старэйшага пакаленьня яе не ўспрымуць, яны былі заклапочаныя зусім іншым. Цяпер у нас прачынаецца цікаўнасьць да найноўшай беларускай гісторыі, гісторыі беларускай паўсядзённасьці. Тым, хто 90-ыя не перажыў, будзе цікава даведацца, а маё пакаленьне пазнае сябе ў гэтай кнізе – смакі, твары, пахі, словы, мову гэтых гадоў. 90-ыя пачаліся з таго, што Беларусь стала незалежнай, распалася імпэрыя. Мы ўсе адчулі, што значыць жыць у свабоднай дзяржаве. Гэтыя гады запомніліся мне як гады вольныя, п’яныя гэтым адчуваньнем, што ты жывеш у свабоднай эўрапейскай краіне, гэтая краіна – твая.

У Беларускі дом прыйшлі ў асноўным маладыя людзі, відаць, многія з іх – гэта беларускія студэнты, якія вучацца ў польскай сталіцы. Некаторыя ўпершыню сутыкнуліся з творчасьцю Цімафеевай і Бахарэвіча, іншыя прыйшлі дзеля таго, каб убачыць і паслухаць сваіх куміраў.

Наведвальнікі: Мяне завуць Ільля. Я захапляюся творчасьцю Альгерда Бахарэвіча, час ад часу трапляў на фотаздымкі Юліі Цімафеевай. І вельмі быў усьцешаны, што тут у Беларускім доме яны зьбіраюцца зладзіць імпрэзу.

Вельмі цікавая выстава. Менск – ня самае прыгожае месца, а на гэтых фатаграфіях прадстаўленыя цікавыя разынкі гораду, было на што паглядзець.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт