У нядзелю ўкраінцы выбіраюць прэзыдэнта
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
30.03.2019 18:43
Амаль палова ўкраінцаў ні пры якіх абставінах ня мае намеру галасаваць за Парашэнку, а кожны трэці апытаны дэкляруе, што не падтрымае Цімашэнку.
Фаварыт выбараў Уладзімір ЗяленскіPAP/EPA/STEPAN FRANKO
Газэта Rzeczpospolita на першай паласе публікуе вялікі артыкул на тэму прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Упершыню ў гісторыі краіны фаварытам зьяўляецца кандыдат бяз вопыту ў палітыцы – адзначае выданьне. Нядзельныя (31 сакавіка) прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне зьдзіўляюць ня толькі самым доўгім сьпісам кандыдатаў, у якім 39 прозьвішчаў. Зьдзіўляе таксама й той факт, што найбольшыя шанцы на перамогу мае вядомы актор і шоўмэн Уладзімір Зяленскі, у якога да гэтага часу не было ніякага палітычнага вопыту.
Rzeczpospolita прыводзіць вынікі апошніх сацапытаньняў, згодна зь якімі сапернікам Зяленскага ў другім туры будзе альбо дзеючы прэзыдэнт Пётр Парашэнка, альбо былая прэм'ер-міністар Юлія Цімашэнка. Прычым, паводле апытаньняў, Зяленскі ў другім туры ўпэўнена выйграе з кожным зь іх. Перш за ўсё таму, што амаль палова ўкраінцаў ні пры якіх абставінах ня мае намеру галасаваць за Парашэнку, а кожны трэці апытаны дэкляруе, што не падтрымае Цімашэнку.
Rzeczpospolita адзначае, што большасьць украінцаў ня ведае перадвыбарных праграм кандыдатаў. Тым ня менш, яны лічаць, што пасьля выбараў сытуацыя зьменіцца да лепшага.
Для жыхароў Украіны важным зьяўляецца ня толькі пераадоленьне глыбокага эканамічнага крызысу, але таксама бясьпека й спакой, якія могуць наступіць толькі пасьля заканчэньня вайны ў Данбасе, – піша Rzeczpospolita.
вс