Logo Polskiego Radia
Print

Дэфіцыт дзяржбюджэту ў Польшчы можа вырасьці да трох адсоткаў ВУП

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.03.2019 14:56
Уладам хутчэй не ўдасца знайсьці крыніцы фінансаваньня ўсіх новых сацыяльных выдаткаў.
500 польскіх злотых500 польскіх злотыхNarodowy Bank Polski

У аўторак урад адобрыў законапраект праграмы «Пэнсія+», дзякуючы якой усе пэнсіянэры ў Польшчы атрымаюць аднаразовую грашовую дапамогу – нагадвае «Rzeczpospolita». Гэтак званая трынаццатая пэнсія – гэта адзін з пяці элемэнтаў вялікай сацыяльнай праграмы кіруючай партыі «Права і справядлівасьць».

Такія дадатковыя выдаткі, якія раней не былі ўзятыя пад увагу ў дзяржаўным бюджэце, зьяўляюцца вялікім цяжарам для дзяржавы. Прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі на прэс-канфэрэнцыі прызнаў, што бюджэтны дэфіцыт, які паявіўся ўжо ў лютым, утрымаецца да канца году. Яшчэ большы дэфіцыт можа назірацца ў будучым годзе, калі фінансавыя сродкі з праграмы 500+ будуць выплачваць цягам усяго году (сёлета сем’і атрымаюць грошы на першае або адзінае дзіця толькі зь ліпеня).

Матэвуш Маравецкі заявіў, што ўладам хутчэй не ўдасца знайсьці крыніцы фінансаваньня ўсіх выдаткаў (паводле падлікаў ураду, гэта каля 40 млрд. злотых – амаль 9,5 млрд эўра). Таму магчымы рост бюджэтнага дэфіцыту – да 2%, а нават 3% ВУП – заявіў Маравецкі. Варта нагадаць, што рэалізацыя ранейшых сацыяльных праграм абышлася без росту дэфіцыту. Наадварот, удалося панізіць яго да рэкордна нізкіх памераў дзякуючы барацьбе з падатковымі махлярамі і росту спажывецкіх выдаткаў.

Дэфіцыт на ўзроўні 2-3% – гэта вельмі блізка да максымальна дапушчальнага Эўрапейскім Зьвязам (3% ВУП). Прэм’ер-міністар заявіў, што ўрад зробіць усё магчымае, каб утрымаць дэфіцыт на ўзроўні трох адсоткаў.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт