«Бурага» адбельваюць насуперак фактам
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
23.03.2019 15:35
Камюніке Інстытуту нацыянальнай памяці аб злачынствах „Бурага" , выклікала зьдзіўленьне нават у ІНП.
Рамуальд Райс «Буры» ў сярэдзіне, глядзіць у аб’ектыў.Photo:By nieznany - NAC [1], Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=31383955
Камюніке Інстытуту нацыянальнай памяці (ІНП) аб тым, што абвінавачаны ў генацыдзе жаўнер Арміі Краёвай капітан Рамуальд Райс „Буры" невінаваты, выклікала зьдзіўленьне нават у ІНП. Тым больш, што новага сьледзтва па справе не было і ня будзе.
Камюніке было зьмешчана на сайце ІНП у Чысты панядзелак – першы дзень Вялікага посту ў праваслаўнай царкве.
У ім гаварылася, што, паводле спэцыялістаў, забіцьцё 79 жыхароў беларускіх вёсак, у гэтым 40 вазакоў, у Польшчы ў 1946 г. брыгадай „Бурага" на самой справе было толькі трагічнай падзеяй, у якой не было рэлігійна-нацыянальнай матывацыі. Тым больш, што былі прычыны для гэтага – падтрымка мясцовага насельніцтва для камуністычнага рэжыму». Таму вынікі сьледзтва ІНП па гэтай справе, абвешчаныя ў 2005 г, у якіх гаварылася пра генацыд, учынены падначаленымі „Бурага” на праваслаўных і беларускіх вяскоўцах, «у многіх месцах несапраўдны».
Апраўданьне адразу агучылі па тэлебачаньні.
Найбольш ашарашаны быў пракурор Януш Раманьчук з беластоцкага аддзяленьня ІНП, якое праводзіла падрабязнае сьледзтва па справе „Бурага”. Пракурор тлумачыў, што Варшава зьмясьціла камюніке без іх ведама, і што для іх актуальным застаецца рашэньне Акруговага суду ў Беластоку, у якім гаворыцца, што «дзеяньні падкамандных „Бурага” ў беларускіх вёсках носяць прыкметы генацыду».
Іншыя супрацоўнікі беластоцкага аддзяленьня ІПН не хавалі злосьці. Паводле іх, справа камюніке зьяўляецца чарговай праявай таго, з чым яны сутыкаюцца з 2016 г., з таго часу як прыйшоў новы дырэктар ІНП Яраслаў Шарэк. Разам з гэтым пачаўся ў ІНП пэрыяд трэньня розных фракцый. Вялікі ўплыў на Шарэка аказвае гэтак званая нацыянальная фракцыя, а Шарэк, які раней нічым не кіраваў, дазваляе сабой лёгка маніпуляваць. «Гэта ў апошні час адзін з сумных прыкладаў адбельваньня польскай гісторыі з боку ІНП», - тлумачыў часопісу «Polityka» былы ўжо супрацоўнік варшаўскага аддзяленьня ІНП, які пажадаў застацца ананімным.
яс