Польшча пытаецца ў ЗША, за колькі Амэрыка прадасьць свае зьнішчальнікі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.03.2019 13:54
Новыя баявыя самалёты могуць паступіць у Польшчу ў 2025-2026 гг.
F-35 Lightning IIphota: www.pixabay.com
Каля двух тыдняў таму міністар нацыянальнай абароны Польшчы Марыюш Блашчак заявіў, што дзяржава намераная набыць амэрыканскія баявыя самалёты новай генэрацыі F-35 – нагадвае «Dziennik Gazeta Prawna». Як стала вядома выданьню, Мінабароны краіны зьвярнулася з запытам да амэрыканцаў пра кошт машын, ня толькі F-35, а таксама іншых мадэляў – F-16 і F-18. ЗША пакуль што не адказала на запыт, але польскія ўлады і так прынялі рашэньне пра пакупку F-35.
Вельмі малаверагодна, што дамову ўдасца падпісаць яшчэ ў гэтым годзе. Калі Польшча атрымае афіцыйны адказ на запыт, яна павінна будзе выслаць чарговыя дакумэнты ў Амэрыку (гэтак званы запыт LOR), і як мінімум некалькі месяцаў працягнуцца перамовы на тэму канчатковай прапановы. Калі браць пад увагу вельмі аптымістычны варыянт, новыя зьнішчальнікі могуць паступіць у Польшчу ў 2025-2026 гг.
Набыцьцё самалётаў – гэта толькі адзін з элемэнтаў сур’ёзнай працэдуры. Неабходна яшчэ выкупіць пакеты падрыхтоўкі пілётаў, лягістыкі і г.д. Трэба таксама атрымаць згоду амэрыканскага Кангрэсу. Некаторыя цяжкасьці могуць узьнікнуць з-за таго, што ў польскай арміі вельмі мала спэцыялістаў, якія ведаюць дадзеную працэдуру. Па словах аднаго з афіцэраў, якія прыводзіць выданьне, у войску ёсьць толькі двое людзей, якія былі б у стане эфэктыўна правесьці ўвесь працэс пакупкі. Ніводзін з іх ня быў прызначаны на пасаду ўпаўнаважанага па набыцьці новых баявых самалётаў, – кажа ананімны афіцэр.
Dziennik Gazeta Prawna/нг