Logo Polskiego Radia
Print

Тэрарысты нанесьлі ўдар па Новай Зэляндыі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 15.03.2019 15:23
  • Тэрарысты.mp3
Блізу 50 чалавек загінулі у выніку нападу на мячэці ў мястэчку Крайстчэрч.
Foto: Martin Hunter/PAP/EPA.

Блізу 50 чалавек загінулі і столькі ж параненых у выніку тэракту на ўсходнім узьбярэжжы Паўднёвай выспы Новай Зэляндыі. Ахвяр магло быць болей, калі б паліцыі не ўдалося нэўтралізаваць машыну з бомбай. Улады аб'явілі трывогу ў краіне.

Трагічныя падзеі здарыліся ў мястэчку Крайстчэрч у Новай Зэляндыі. Некалькі чалавек уварваліся са зброяй у дзьве мячэці горада ў часе малітвы ды пачалі страляць па верніках. 49 чалавек загінулі, а 48 атрымалі раненьні. Сярод ахвяр ёсьць дзеці. Пра тое, як гэта адбывалася, распавядае адзін са сьведак, які перажыў напад.

Сьведка: Там была лава, я ўпаў пад яе і затрымаў дыханьне. Ён сем разоў зьмяняў магазын, я чуў стрэлы ўвесь час. У мячэці ёсьць розныя памяшканьні, ён заходзіў у кожнае зь іх ды страляў усюды.

Адзін з нападнікаў вёў трансьляцыю нападу ў сеціве ды выклаў свой антыімігранцкі маніфэст. Іншы сьведак зазначыў, што атака стала нечаканасьцю.

Сьведка: Мужчына зайшоў у мячэць, у якой было каля 60 альбо 70 асобаў. Усе сядзелі ды маліліся. Увайшоўшы, пачаў страляць. Нехта з прысутных падскочыў да яго і схапіў за зброю. Нападнік быў добра ўзброены, меў бронекамізэльку, заплечнік, каску. Ён страляў усьляпую, куды папала.

Паліцыя затрымала 4 асобы ды знайшла грузавік з выбухоўкай. Сапёрам удалося нэўтралізаваць бомбу і пазьбегнуць большай колькасьці ахвяр. Адной асобе паліцыя вынесла абвінавачаньні. Гаворыць паліцыянт Майк Буш.

Майк Буш: Я магу дадаць, што аднаму з затрыманых прадʼяўлена абвінавачаньне ў зьдзяйсьненьні забойства. Заўтра 30-гадовы мужчына трапіць у суд. З рэштай працуюць сьледчыя, мы высьвятляем іх удзел у нападзе.

Улады ў адказ на атаку абвясьцілі ў краіне найвышэйшы ўзровень трывогі. Прэмʼер-міністарка Новай Зэляндыі Джасінда Ардэрн назвала напад тэрактам і зазначыла, што гэта найгоршы дзень у гісторыі краіны.

Джасінда Ардэрн: Гэта адзін з найбольш трагічных дзён для Новай Зэляндыі. Тое, што здарылася – гэта без аніякіх сумневаў надзвычайны акт тэрору.

Для новазэляндцаў тэракт стаў сапраўдным шокам, кажа полька, што трыццаць год жыве ў краіне, Дарота Шыманьска.

Дарота Шыманьска: Здавалася, што мы жывем у вельмі бясьпечнай краіне, і што да нас тэрарызм ня дойдзе. Цяпер усё зьмянілася, увесь час СМІ паведамляюць пра напад на вернікаў, якія маліліся ў мячэці, потым сказалі, што нападаў было два. З апошніх паведамленьняў вядома, што загінула 49 чалавек, але шмат людзей застаюцца яшчэ ў шпіталі, сярод іх ёсьць дзеці.

Улады зачынілі на некаторы час усе мячэці ў краіне, паліцыя раіць людзям без патрэбы не выходзіць з дому, перадае з Новай Зэляндыі журналіст Польскага радыё Томаш Гараздоўскі.

Томаш Гараздоўскі: Гэта найбольш крывавы тэракт у гісторыі Новай Зэляндыі. Папярэдні напад меў месца ў 1990-м годзе ў Аруана, у выніку загінула 13 чалавек. Цяпер паліцыя выступіла з заклікам зачыніць усе мячэці ў краіне на некаторы час. У самім горадзе Крайстчэрч зачыненыя школы, а жыхароў просяць без патрэбы не выходзіць з дому ды паведамляць пра любыя падазроныя паводзіны.

У Новай Зэляндыі здарыўся тэракт. Асобы антыімігранцкіх поглядаў уварваліся са зброяй у дзьве мячэці ў горадзе Крайстчэрч ды пачалі страляць у сабраных там вернікаў. У выніку нападу 49 чалавек загінулі, яшчэ каля 50 параненыя, трапілі ў шпіталь.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт