МЗС Польшчы аказвае дапамогу сем’ям загінулых.
У Этыёпіі працягваецца пошукавая апэрацыя на месцы крушэньня самалёту Этыёпскіх авіяліній ET302 ў нядзелю. У катастрофе загінулі 149 пасажыраў ды 8 чалавек экіпажа. Самалёт ляцеў з Адыс-Абэбы ў сталіцу Кеніі Найробі. Машына ўпала і разьбілася 6 хвілін пасьля старту. Прычыны аварыі высьвятляюцца.
Аварыя адбылася каля горада Бішофту, што непадалёк этыёпскай сталіцы. Інфармацыю пра аварыю паведаміла адміністрацыя прэм'ер-міністра Этыёпіі. Таксама офіс прэмʼер-міністра ў Twitter-ы выказаў «найглыбейшыя спачуваньні» семʼям загінулых. Парлямэнт Этыёпіі абвясьціў дзень Памяці па загінулых.
У сваю чаргу авіякампанія паведаміла, што што ў самалёце былі грамадзяне 22 краін. Найбольш – Кеніі, Этыёпіі ды Канады. Былі таксама грамадзяне Кітая, Расеі. Сярод загінулых 19 працаўнікоў ААН, студэнцкі актывіст з Амэрыкі, жонка і дзеці славацкага дэпутата. Сваякі загінулых распавялі мэдыям, што ім цяжка паверыць у тое, што сталася. Я ў шоку, сказаў BBC сын аднаго з пасажыраў.
Бэн: Калі я абудзіўся, я зазірнуў у тэлефон, паглядзець ці ёсьць ад яго паведамленьне, што даляцеў бясьпечна. Першае, што я ўбачыў, навіну, што разьбіўся самалёт Этыёпскіх авіяліній. Я даведаўся, што амаль усе загінулі. Я кінуўся здабываць інфармацыю.
Польскае міністэрства замежных спраў пацьвердзіла, што ў авіякатастрофе загінулі 2 грамадзяніна Польшчы. Гаворыць прэсавая сакратарка МЗС Польшчы Эва Сувара.
Эва Сувара: На борце гэтага самалёта было двое польскіх грамадзян. Этыёпскія ў лады падалі інфармацыю, што ніхто з пасажыраў не выжыў у катастрофе.
Польскія дыпляматы аказваюць дапамогу сем’ям загінулых
Эва Сувара: Мы аказваем консульскую дапамогу сем’ям ды блізкіх тых дзьвюх асобаў, якія загінулі ў авіякатастрофе. Я хацела бы выказаць спачуваньні ўсім сваякам, якія страцілі блізкіх у гэтай катастрофе. Мы будзем прыкладаць усе намаганьні, каб бараніць інтарэсы палякаў, злагодзіць боль, зьвязаны са сьмерцю блізкага чалавека.
У нядзелю ў Этыёпіі разьбіўся пасажырскі самалёт. Загінулі 149 пасажыраў ды 8 чалавек экіпажа. На месцы крушэньня вядуцца пошукавыя працы.
юл