Дадзеныя заявы робяцца для ўнутранага карыстаньня ў палітычных мэтах. У Польшчы паставіліся адмоўна да падобнай практыкі.
Працягваецца крызіс на лініі Варшава-Ерусалім. Прэм’ер-міністар ды міністар замежных спраў Ізраіля зрабілі шэраг заяў, якія выклікалі абурэньне ў Польшчы. Ізраільскія палітыкі заявілі, што «польскі народ супрацоўнічаў з нацыстамі», што «палякі засвоілі антысэмітызм з малаком маці», што «шмат палякаў былі калябарантамі».
У адказ на гэтыя словы Польшча адмовілася браць удзел у саміце Вышаградзкая група – Ізраіль, які быў заплянаваны ў Ерусаліме. Афіцыйная Варшава запатрабавала ад ізраільскіх палітыкаў выбачэньня. Польскі прэм’ер-міністар заявіў у размове з ізраільскай штодзёнкай «Haaretz», што Польшча ня будзе мірыцца з падманам, бо насамрэч шмат палякаў ратавалі габрэяў падчас вайны. Распавядае карэспандэнт Польскага радыё Караль Суруўка.
Караль Суруўка: Польскі прэм’ер распавёў ізраільскаму СМІ, што яго моцна абразілі словы в.а. міністра замежных спраў пра тое, што палякі з малаком маці засвоілі антысэмітызм. Не праблема прыняць словы пра тое, што былі асобныя палякі, якія супрацоўнічалі з нацыстамі ў часы вайны, але такое абагульненьне – гэта расізм. Насамрэч антысэмітызм у Польшчы сустракаецца рэдка, гэта маргінальная зьява. Колькасьць антысэміцкіх інцыдэнтаў зьмяншаецца, тады як на Захадзе Эўропы – наадварот. Дзясяткі тысяч палякаў дапамагалі габрэям падчас вайны, а польскае падпольле карала сьмерцю за выдачу габрэяў нацыстам.
У першую чаргу, трэба памятаць усё дабро, што зрабілі палякі для габрэяў. Так пракамэнтаваў цяперашні дыпляматычны крызіс старшыня Польска-ізраільскай парлямэнцкай групы Ян Кшыштаф Арданоўскі.
Ян Кшыштаф Арданоўскі: Тут не было штрафаў, як у Заходняй Эўропе, толькі адразу сьмяротнае пакараньне таго, хто даваў прытулак габрэям, і цэлай ягонай сям’і. Сьмерць пагражала нават за кубак вады. Нават суседзям пагражала сьмерць. Нягледзячы на гэта, паводле падлікаў Арміі Краёвай, 2 мільёны палякаў удзельнічалі ў ратаваньні габрэяў. Пра гэта трэба памятаць, пра Яд-Вашэм, пра дрэўцы праведнікаў сярод народаў сьвету, а не прыкладацца да пагаршэньня нашых стасункаў.
Пакуль не прагучаць выбачэньне, Варшава ня бачыць сэнсу сустракацца з ізраільскімі чальцамі ўраду. Пра гэта заявіў віцэ-міністар замежных спраў Шыман Шынкоўскі.
Шыман Шынкоўскі вэль Сэнк: Гэта палітык, давер да якога ўпаў да нуля. Размова зь ім цяпер ня мае ніякага значэньня. Я не ўяўляе сабе магчымасьці сустрэчы зь ім у бліжэйшым часе. Празь некалькі месяцаў ізраільскі палітык пераканаецца, што пагаршэньне міжнароднага іміджу краіны дзеля пару перадвыбарчых пунктаў было кепскай ідэяй. З чым ён тады застанецца – вось пытаньне.
Непрымальнымі словы ізраільскага чыноўніка назваў міністар замежных спраў Польшчы Яцэк Чапутовіч.
Яцэк Чапутовіч: Дыплямат не павінен выкарыстоўваць такія параўнаньні, якія абвінавачваюць польскую нацыю ў антысэмітызьме. Гэта неадпаведна, і непрымальна, пра што сьведчыць і шырокая крытыка дадзеных слоў міністра з усяго сьвету. З нашага боку, мы чакаем, што будзе зьменены падыход. Зразумела, што могуць быць радыкальныя выказваньні, але калі гэта робіць міністар замежных спраў, гэта выклікае занепакоенасьць.
Варшава настойвае на прабачэньнях з боку Ізраіля, таму што, калі пакінуць інцыдэнт без увагі, гэта заахвоціць іншых. Летась польскае МЗС ажно 218 разоў рэагавала на гістарычныя падлогі ды маніпуляцыю на тэму Польшчы.
Юры Ліхтаровіч