Logo Polskiego Radia
Print

Польшча інвэстуе ў мадэрнізацыю чыгункі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.02.2019 15:55
  • Польшча інвэстуе.mp3
Урад павялічвае выдаткі на рэалізацыю Нацыянальнай чыгуначнай праграмы.
Foto: pixabay.com/CC0

Гэта найбольшая інвэстыцыйныя праграма ў сэктары чыгуначнага транспарту ў Польшчы за апошнія гады. Летась інвэстыцыі ў сэктары перавысілі 4 мільярды эўра.

Пры канцы 2018 года інвэстыцыі канцэрну PKP (Польская чыгунка) у мадэрнізацыю спалучэньняў ды складоў сягнулі 18 мільярдаў злотых (гэта прыблізна 4,1 мільярды эўра). Дадзеныя інвэстыцыі рэалізуюцца ў рамках Нацыянальнай чыгуначнай праграмы (НЧП), якая ўжо названая найбольшай праграмай мадэрнізацыі чыгункі ў Польшчы за апошнія гады. Агульны бюджэт праграмы складае больш за 66 мільярдаў злотых (15,3 мільярды эўра). У праграме больш за 220 інвэстыцыйных праектаў, яны закрануць больш за 9 тысяч кілямэтраў чыгуначных ліній. Частку сродкаў Польшча атрымоўвае з фондаў Эўрапейскага Зьвязу.

Так, напрыклад, цяпер вядуцца мадэрнізацыйныя працы на трасе Кракаў-Катавіце. У выніку аднаўленьня палатна цягнікі змогуць езьдзіць тут з хуткасьцю 160 км/г, што скароціць час праезду на 20-30 хвілін. Адноўленая спалучэньне будзе ўведзенае ў карыстаньне са спазьненьнем на паўгады. Гэта непазьбежна пры такіх вялікіх праектах, кажа прадстаўнік PKP Пётр Гамарнік.

Пётр Гамарнік: Частка насыпу пачала асыпацца, нам давялося выканаць дадатковыя працы па ўмацаваньні канструкцыі. Таксама здараецца, што падчас прац мы знаходзім неазначаныя на мапах кабелі, тады трэба шукаць уласьніка, атрымліваць згоду на іх перанос, гэта ўсё забірае час.

Пры гэтым фірма заяўляе, што больш за 60% праектаў з НЧП ужо ў рэалізацыі. Чыгуначныя спалучэньні мадэрнізуюцца, набываюцца новыя лякаматывы ды цягнікі. Да 2024 года большасьць праектаў будуць завершаныя, перакананы дырэктар Польскай чыгункі Ірэнэўш Мэрхэль.

Ірэнэўш Мэрхэль: Паводле нашых плянаў, сапраўдным пераломам будзе 2021-ы год, калі 2/3 нашых інвэстыцый будуць завершаныя. Завяршэньне ўсіх мадэрнізацыйных прац заплянавана на 2023-ы год. Мы перакананыя, што ўсё тэрміны рэальныя і будуць выкананыя.

У аўторак польскі ўрад прыняў рашэньне на спэцыяльным паседжаньні павялічыць выдаткі на рэалізацыю Нацыянальнай чыгуначнай праграмы яшчэ на 1,8 мільярды злотых у 2019-м годзе (гэта каля 500 мільёнаў эўра). Больш падрабязна пра гэта распавядае карэспандэнт Польскага радыё Аляксандар Пшоняк.

Аляксандар Пшоняк: У першую чаргу грошы будуць накіраваныя на падтрымку інвэстыцый, мэта якіх лепшае спалучэньне Польшчы з марскімі партамі. Урад перадасьць сродкі праз набыцьцё акцый АТ «Польская чыгунка». Гэты крок ажыцьцяўляецца ў рамках праграмы мадэрнізацыі чыгункі ў Польшчы. Сёлета ў рамках праграмы будзе рэалізаваная мадэрнізацыя чыгуначных спалучэньняў з Варшавы да Познані й Любліна, з Кракава да Жэшава. Агулам будуць адноўленыя 9 тысяч кілямэтраў чыгуначных ліній. Таксама з праграмы фінансуецца набыцьцё новых цягнікоў

Польшча інвэстуе ў мадэрнізацыю чыгуначных спалучэньняў. Урад павялічвае выдаткі на рэалізацыю найбольшай праграмы мадэрнізацыі галіны за апошнія гады.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт