Logo Polskiego Radia
Print

Расея хваліцца эканамічным ростам

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.02.2019 16:23
Аднак згаданыя лічбы ставяць пад сумнеў многія эканамісты.
Расейскія рубліРасейскія рубліpixabay.com/Public Domain CC0

Фэдэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расеі паведаміла, што ў 2018 годзе эканоміка краіны разьвівалася найхутчэй за апошнія шэсьць гадоў. Аднак згаданыя лічбы ставяць пад сумнеў многія эканамісты, інфармуе польскае выданьне Dziennik Gazeta Prawna.

Расейскія статыстыкі паведамілі, што ў мінулым годзе рост эканомікі краіны склаў 2,3%. Аднак эканамісты й аналітыкі са скептыцызмам падышлі да згаданай лічбы. «Статыстычныя дадзеныя ў невялікай ступені адлюстроўваюць фактычны стан эканомікі. Больш за тое, з боку фірм няма ніякіх сыгналаў, якія б сьведчылі аб іх эканамічнай актыўнасьці», – цытуе польскае выданьне словы эканаміста Ўладзіміра Ціхамірава з кампаніі BCS Financial Group.

Сапраўды, у Расеі пачалася рэалізацыя некаторых буйнамаштабных праектаў, якія ў мінімальнай ступені маглі паўплываць на эканамічны рост, напрыклад, пачатак газавага праекту на поўначы Сібіры коштам у 27 млрд даляраў ЗША. Чэмпіянат сьвету па футболе, які ў мінулым годзе прайшоў у Расеі, прычыніўся да росту абаротаў у рэстаранным і гатэльным бізнэсе на 6,8%. Аднак згаданыя, а таксама падобныя інвэстыцыйныя праекты ды падзеі не ўплываюць на агульны стан эканамічнай сытуацыі. Паводле эканамістаў, сапраўды заўважаецца рост у будаўнічай галіне, але адначасова працягваецца падзеньне ў прамысловай вытворчасьці.

Польскае выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што сумнеўны рост у памеры 2,3% і так меншы, чым хацелі б расейскія ўлады. Dziennik Gazeta Prawna нагадвае, што пасьля мінулагодніх выбараў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абяцаў, што ў канцы яго шасьцігадовых паўнамоцтваў эканамічны рост складзе 3,7% – гэта значыць больш за сярэднестатыстычны глябальны вынік.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт