Logo Polskiego Radia
Print

Шматдзетныя маці атрымаюць у Польшчы пэнсію

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.01.2019 14:22
  • пэнсія маці.mp3
Нават непрацуючыя маці чатырох і больш дзяцей атрымаюць мінімальную пэнсію.
www.pixabay.com/Alexas_Fotos/CC0 Creative Comons

З 1 сакавіка гэтага году ў Польшчы пачне дзейнічаць закон, які дасьць магчымасьць шматдзетным маці атрымаць мінімальную пэнсію, нават калі яны не адпрацавалі ў сваім жыцьці на платнай пасадзе ніводнага дня.

Урадавая праграма называецца «Маці 4 Плюс». Гэта значыць, магчымая фінансавая дапамога для жанчын (або і мужчын), якія выхавалі як мінімум чацьвёра дзяцей, але не ўдалося ім сабраць пэнсійныя складкі ў такой колькасьці, якая давала б права на пэнсію, хаця б мінімальную. Праграму назвалі «мацярынскай пэнсіяй». Яна будзе значнай падтрымкай для многіх жанчын. Праграма пачне дзейнічаць 1 сакавіка, гэта значыць, з дадзенага дня жанчыны, якія адказваюць яе крытэрам, змогуць падаваць заявы на пэнсію.

Колькі жанчын зможа скарыстацца новай праграмай? Паводле падлікаў экспэртаў, з 1 сакавіка 2019 году пэнсію ў рамках праграмы «Маці 4 Плюс» атрымаюць 65 тыс. асоб, у якіх стаж працы ніжэй за мінімальны і амаль 21 тысяча чалавек, якім атрымліваюць пэнсію, але яе памер ніжэйшы, чым мінімальная пэнсія. Гаворыць міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Рафальска.

Э. Рафальска: Мамы, якія выхавалі чацьвёра і больш дзяцей, але няма ў іх неабходнага працоўнага стажу, або такія, хто ніколі ў жыцьці не працаваў, атрымаюць права на бацькоўскую матэрыяльную дапамогу. Зь 1 сакавіка гэта будзе 1100 злотых. Гэта будзе таксама права мужчын, бацькоў, якія выхоўвалі дзяцей. Усе сытуацыі акрэсьлівае адпаведны закон. Гаворка ідзе пра бацькоў, якія самі выхоўвалі дзяцей.

Кожны год дзяржава будзе прызначаць на праграму каля 800 млн. злотых. Гэта пакуль што прыкладныя падлікі, паколькі дакладныя кошты залежаць ад таго, колькі мацярок падасьць заявы на афармленьне мінімальнай пэнсіі. І таму на пачатку дзейнасьці праграмы яна будзе каштаваць дзяржаўнаму бюджэту крыху менш, чым у пазьнейшыя гады.

Э. Рафальска: На працягу дзесяці гадоў, паводле нашых падлікаў, на праграму неабходна будзе выдаткаваць каля 11 млрд. злотых. На бягучы год сродкі ўжо падрыхтаваныя ў адпаведнай суме. Калі будуць прынятыя рашэньні, то дзяржава ў абавязковым парадку павінна выплаціць дадзеныя грошы.

Польская дзяржава ня можа зусім забываць пра маці, якія прысьвяцілі сваё жыцьцё нараджэньню і выхаваньню дзяцей. На гэта зьвярнуў увагу прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, у яго самога, дарэчы, чацьвёра дзяцей, двое ўжо дарослых і двое ў пачатковай школе.

М. Маравецкі: Мамы працуюць без перапынку. Мама з чатырма дзецьмі – гэта як маці на чатырох стаўках, а мама з пяцьцю дзецьмі – як жанчына на пяці стаўках. І гэтак далей.

У заходніх грамадзтвах хатняя праца як правіла значна менш цэніцца, чым праца на стаўку. Польскія ўлады вырашылі гэта памяняць і прызнаць пэнсію тым жанчынам, якія не плацілі страхавых узносаў у Фонд сацыяльнага страхаваньня (ён выплачвае пэнсіі), але іх праца ня менш важная для грамадзтва, паколькі яны займаліся дзецьмі – будучым краіны. Аб гэтым казала міністар Эльжбета Рафальска.

Э. Рафальска: Гэта вельмі важны законапраект, які вяртае годнасьць жанчынам. Упершыню быў прыняты закон, які так высока цэніць працу маці, якія выгадавалі як мінімум чацьвёра дзяцей. Нагадаю, што мінімальную пэнсію змогуць атрымаць мамы, якія выхавалі чацьвёра і больш дзяцей, але тады, калі жанчынам споўніцца 60 гадоў.

Праграма «Мама 4 Плюс» – гэта чарговы праект польскага ўраду з допісам «Плюс». Жыхары краіны могуць атрымліваць дапамогу на дзяцей з праграмы Сям’я 500 Плюс, пажылыя жыхары маюць права на бясплатныя лякарствы дзякуючы праграме «Лякарствы 75 Плюс». А пра мацярынскія пэнсіі для шматдзетных маці кіруючая партыя казала яшчэ перад выбарамі, абяцаючы ўвесьці такую праграму, калі выйграе. І цяпер «Права і справядлівасьць» выконвае свае абяцаньні.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт