У швэйцарскім курорце Давос як кожны год сабраліся важнейшыя дзяржаўныя дзеячы сьвету, каб размаўляць на тэму будучыні сусьветнай геапалітыкі ды эканомікі. У аўторак пачаўся Сусьветны эканамічны форум.
Сёлетні форум, магчыма, будзе спакайнейшым, менш эмацыйным, чым у мінулыя гады, паколькі на яго ня прыбылі прадстаўнікі некалькіх дзяржаў – сусьветных эканамічных лідараў. Няма прэзыдэнта ЗША, галавы францускай дзяржавы, брытанскага прэм’ер-міністра. Таму, на думку назіральнікаў, больш гучным можа стаць голас прадстаўнікоў іншых дзяржаваў.
У гэтым годзе выключна моцную дэлегацыю на форум выслала Польшча. У швэйцарскі курорт адправіліся між іншым прэзыдэнт Анджэй Дуда і прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі, а каля галоўнага прамэнаду горнага гарадка паявіўся Польскі дом – адмысловы павільён, у якім паралельна з панэльнымі дыскусіямі форуму адбываюцца дэбаты, прэзэнтацыі і канфэрэнцыі, прысьвечаныя як глябальнай, так і польскай палітыцы.
Учора прэзыдэнт Анджэй Дуда ўрачыста адкрыў «Polish House» (Польскі дом). Па словах галавы польскай дзяржавы, такім чынам Польшча хоча паказаць сябе ў якасьці краіны адкрытай, дзе назіраюцца дынамічныя тэмпы разьвіцьця і выдатныя эканамічныя дасягненьні.
А. Дуда: Гадавы рост ВУП складае 5%. У параўнаньні з іншымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу гэта выдатны вынік. У ЭЗ мы займаем першыя месцы, але таксама на фоне ўсяго сьвету гэта добры вынік. Можам стаяць тут з высока паднятай галавой, з гонарам казаць пра сваю краіну, якая хутка разьвіваецца, дзе прадпрымальнікі маюць добрыя ўмовы працы, а працаўнікі – выдатную падрыхтоўку і адукацыю.
Лідар польскай дзяржавы таксама нагадаў, што акрамя эканамічнага разьвіцьця, у Давосе важнай тэматыкай перамоваў будзе таксама пытаньне бясьпекі. У графіку сустрэч Анджэя Дуды ёсьць, у прыватнасьці, гутарка з генэральным сакратаром NATO Енсам Столтэнбэргам. Польскі прэзыдэнт адзначыў, што цяпер абарончы саюз у лепшай форме, чым калі-колечы раней.
А. Дуда: NATO цяпер у значна лепшай форме, чым некалькі гадоў таму. NATO паказала ў 2016 годзе, што яно яшчэ не памерла, што яно зьяўляецца рэальным абарончым саюзам, такім саюзам, які бароніць усе свае сяброўскія краіны. Паказала гэта дзякуючы сваім рашэньням, якія былі прынятыя найперш на сустрэчы ва Ўэльсе, а пазьней на саміце ў Варшаве. Гаворка ідзе пра стварэньне ўзмоцненага ўсходняга флянгу ў краінах Прыбалтыкі ды ў Польшчы.
Самая важная задача высокапастаўленых чыноўнікаў розных дзяржаваў – гэта барацьба за агульную бясьпеку на Зямлі. Гэтак мяркуе амэрыканскі дзяржсакратар Майк Пампэа (Michael Pompeo). Пра гэта амэрыканскі палітык нагадаў падчас тэлеканфэрэнцыі з удзельнікамі эканамічнага форуму ў Давосе. Майк Пампэа – гэта самы важны амэрыканскі палітык, які сёлета сустрэўся з удзельнікамі форуму, паколькі ў Давос не прыляцеў прэзыдэнт Дональд Трамп.
Кіраўнік амэрыканскага дыпляматычнага ведамства пахваліў посьпехі амэрыканскай адміністрацыі на міжнароднай арэне. І адзначыў, што яны не былі б магчымыя, калі б не сумесныя захады шматлікіх палітычных дзеячаў.
М. Пампэа: Мы разам аказвалі максымальны прэсінг на Паўночную Карэю, дзякуючы чаму лідар краіны прыступіў да перамоваў. Выдатную працу пры падрыхтоўцы санкцый выканала ААН, і гэта дапамагло збудаваць сусьветную кааліцыю. Мы таксама збудавалі кааліцыю, каб справіцца з Іранам, і падтрымліваць імкненьні жыхароў гэтай краіны. Мы таксама пераглядаем адносіны з Кітаем пры падтрымцы дзяржаваў Азіі ды ўсяго сьвету.
Эканамічны форум у Давосе – самая прэстыжная такога роду сустрэча на сьвеце. Акрамя палітыкаў, у ёй удзельнічаюць шматлікія прадпрымальнікі, эканамісты, журналісты ды экспэрты. Вельмі важныя ня толькі афіцыйныя панэльныя дыскусіі, але таксама нефармальныя сустрэчы, аб чым кажа прэзыдэнт Анджэй Дуда. На ягоную думку, ня толькі афіцыйныя, але таксама менш афіцыйныя сустрэчы могуць прынесьці выдатныя вынікі.
А. Дуда: У Давосе няма вялікай дыпляматычнай напружанасьці, тут вельмі шмат нефармальных сустрэч, шмат перамоваў вядзецца ў кулюарах. Сюды прыходзяць людзі ў сьвітэрах, тут асабістыя кантакты маюць вялізарнае значэньне, тут вельмі шмат важных рашэньняў прымаецца нават падчас прагулак. Гэта і ня дзіўна, бо як жа не карыстацца ўнікальнымі прыроднымі ўмовамі гэтага курорта.
Анджэй Дуда прымае сёньня ўдзел у дэбатах, прысьвечаных NATO, Блізкаму Ўсходу і Афрыцы. Таксама магчымыя незаплянаваныя сустрэчы, якія адбываюцца як правіла ў Цэнтры кангрэсаў, які знаходзіцца непадалёк ад галоўнага прамэнаду ў Давосе.
нг