Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы заяўлена пра пляны будаўніцтва дзьвюх АЭС

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.01.2019 11:12
Да канца невядома, адкуль узяць вялізныя фінансавыя сродкі на будаўніцтва.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакpixabay.com/Public Domain CC0

Міністэрства энэргетыкі заявіла пра пляны будаўніцтва дзьвюх атамных электрастанцый у Польшчы. Блёкі будуць разьмешчаныя ў цэнтральнай частцы краіны ды на поўначы – паведамляе «Rzeczpospolita». Плян будаўніцтва пакуль што ня быў адобраны ўрадам. Невядомыя таксама крыніцы фінансаваньня пабудовы АЭС, а гэта будзе каштаваць каля 100-135 млрд. злотых.

За апошнія дзесяць гадоў, з таго часу, калі Дональд Туск заявіў пра пляны будаўніцтва атамнай электрастанцыі, на гэтыя мэты прызначана ўжо каля аднаго мільярда злотых – піша камэнтатар выданьня. Цікавым можа падавацца другое месца прапанаванага разьмяшчэньня АЭС – Бэлхатаў, дзе цяпер дзейнічае вугальная электрастанцыя. Яна працуе на буры вугаль, залежы якога пакрысе заканчваюцца. З найбольшай польскай электрастанцыі адыходзяць промні сеткі пастаўкі электраэнэргіі, ня трэба яе ствараць з нуля. Пытаньне толькі ў тым, адкуль узяць ваду для ахалоджваньня рэактараў, паколькі навокал няма ніводнага вадаёму.

Таксама да канца невядома, адкуль узяць вялізныя фінансавыя сродкі на будаўніцтва. Дастаткова прыгадаць праблемы з пошукам фінансаваньня блёку электрастанцыі ў Астралэнцы, а гэта «толькі» 6 млрд. злотых, нішто ў параўнаньні з 100-130 на АЭС. Кіраўніцтва мінэнэргетыкі павінна браць пад увагу сур’ёзныя праблемы з фінансаваньнем, бо нават у багатай Вялікабрытаніі было стрымана будаўніцтва дзьвюх АЭС з-за недахопу сродкаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт