Прэзыдэнт узнагародзіў змагароў за свабодную польскую дзяржаву
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
15.01.2019 14:30
"Важна, каб ісьці і змагацца, але важна таксама выжыць, каб магчы гэта ўсё пазьней расказаць наступным пакаленьням".
Ян Каспшык (зьлева) уручае ўзнагароду Эдварду КубуPAP/Radek Pietruszka
Ужо амаль 30 гадоў палякі жывуць у цалкам незалежнай дзяржаве, самі могуць вырашаць свой лёс. Тым ня менш, улады Польшчы стараюцца не забываюць людзей, якія прысьвяцілі сваю дзейнасьць барацьбе за такую менавіта краіну – дэмакратычную і свабодную.
Гэтыя людзі змагаліся за свабодную Польшчу, а цяпер многія апазыцыйныя дзеячы часоў Польскай Народнай Рэспублікі жывуць у цяжкіх матэрыяльных умовах. Прэзыдэнт Рэспублікі Польшча гатоў уключыцца ў падрыхтоўку прававых нормаў, дзякуючы якім былыя апазыцыянэры атрымаюць падтрымку. Польскае таварыства затрыманых і рэпрэсаваных асоб зьвярнулася да прэзыдэнта з заявамі, у якіх утрымліваецца між іншым просьба павялічыць пэнсіі былых апазыцыйных дзеячаў.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Блажэй Спыхальскі адзначае, што гэта будзе азначаць вяртаньне гістарычнай справядлівасьці.
Б. Спыхальскі: Канешне, мы выступаем за тое, каб былым апазыцыянэрам адпаведным чынам дапамагаць. Нельга забываць, што многія з іх сёньня жывуць у цяжкім становішчы. Гэта людзі, якія змагаліся з камуністычным рэжымам, а пасьля 90-га году польская дзяржава пра гэтых людзей проста забыла. Мы зацікаўленыя ў падрыхтоўцы адпаведных прававых нормаў, каб гэтую гістарычную справядлівасьць вярнуць.
Надоечы былі ўручаныя ўзнагароды людзям, якія ўнесьлі ўклад у барацьбу за свабодную дзяржаву. Узнагароды былі прызнаныя прэзыдэнтам Анджэем Дудам, а ўручыў іх дырэктар Ўпраўленьня па справах вэтэранаў і рэпрэсаваных асоб Ян Каспшык. Чатырнаццаць чалавек, у тым восем пасьмяротна, атрымалі Крыжы адраджэньня Польшчы, ордэны Крыжа незалежнасьці і Крыжы заслугі.
Ян Каспшык падкрэсьліў, што ўзнагароджаныя людзі пасьвяцілі сваю дзейнасьць роднай дзяржаве.
Я. Каспшык: Яны аддавалі сваё здароўе і жыцьцё, каб Польшча вярнулася на мапы сьвету, каб дзяржава стала незалежнай. Гэтае пакаленьне ведала, што неабходна быць верным наступным словам «Нічога для сябе, усё для Польшчы». За гэтую вернасьць узнагароджаныя сёньня людзі плацілі самую высокую цану – іх катавалі ў логаве гестапа, мучылі ў казематах НКВД і службы бясьпекі. Яны ніколі не здаліся.
Ад імя ўзнагароджаных падзякаваў Януш Міль – сын пасьмяротна адзначанага Кавалерскім крыжам Ордэну адраджэньня Польшчы Вінцэнта Міля – жаўнера Другой сусьветнай вайны, Арміі Краёвай. Сын жаўнера казаў пра выключны падыход да справы свайго бацькі.
Я. Міль: Важна, каб ісьці і змагацца, але важна таксама выжыць, каб магчы гэта ўсё пазьней расказаць наступным пакаленьням. Мой бацька пражыў 101 год, ён змагаўся на многіх франтах, да канца свайго жыцьця. Паходзіў з вёскі, быў афіцэрам Арміі Краёвай, усім сваім дзецям даў адукацыю, хаця ў яго самога не было магчымасьці, у часы камуністычнай улады, атрымаць адукацыю.
Таксама пасьмяротна Кавалерскім крыжам Адраджэньня Польшчы быў узнагароджаны Юзэф Бандзо, псэўданім «Ястраб», салдат Віленскай брыгады Арміі Краёвай. Ад імя памерлага ўжо вэтэрана ўзнагароду атрымала ягоная жонка Ганна Бандзо.
Г. Бандзо: Я вельмі ганаруся тым, што была высока ацэненая яго дзейнасьць, у першую чаргу партызанская, але таксама дзейнасьць ужо пасьля вайны, калі ён працаваў шмат з моладзьдзю, стараўся вучыць маладых патрыятызму. Для яго барацьба – гэта быў перш за ўсё патрыятызм, гэтым ён кіраваўся. Ён ды яго калегі не пыталі, за колькі і што іх чакае, а змагаліся, бо ведалі, што змагаюцца за свабодную Польшчу.
Сярод узнагароджаных прэзыдэнтам Анджэем Дудам ёсьць жаўнеры Войска Польскага, Арміі Краёвай, пасьляваеннага антыкамуністычнага падпольля, а таксама асобы, якія пасьля вайны клапаціліся за тое, каб памяць пра барацьбу за незалежную Польшчу не памерла.
ІАР ПР/нг