У адной з бальніц Гданьска сёньня пасьля поўдня памёр Павал Адамовіч. Кіраўнік муніцыпальных уладаў прыморскага гораду быў цяжка паранены ў нядзелю вечарам, калі ўдзельнічаў у дабрачыннай акцыі. Уся Польшча задае цяпер пытаньне, як гэта магло здарыцца, і ці можна было прадухіліць замах на жыцьцё мэра.
Павал Адамовіч – чалавек, які хацеў быць блізка звычайных людзей, ведаць іх надзённыя справы і праблемы, імкнуўся ім дапамагаць. Можа, гэта яго і згубіла. Калі ён выйшаў на сцэну, каб быць разам са звычайнымі жыхарамі і гасьцямі Гданьска падчас фіналу дабрачыннай акцыі Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі, тады на гэтую ж сцэну ўварваўся псыхапат з нажом.
Як многія польскія палітыкі, Павал Адамовіч мог пахваліцца беларускімі каранямі – бабуля Адамовіча нарадзілася ў Смаргоні, пазьней сям’я пераехала ў Вільню, а адтуль пасьля Другой сусьветнай вайны – у Польшчу. Нейкі час таму мэр пабываў з візытам у Беларусі, праехаў па розных гарадах краіны, а разважаньнямі пра падарожжа падзяліўся ў інтэрнэце, пішучы, што Беларусь – вельмі цікавая краіна, а стэрэатыпнае ўяўленьне пра яе хутка разбураецца пры бліжэйшым знаёмстве з адкрытымі і гасьціннымі беларусамі. Ён тады пісаў, што "Беларусь - у нас", а цяпер беларусы павінны сказаць: Адамовіч - у кожным з нас.
Паўлу Адамовічу на момант сьмерці было 53 гады, ён знаходзіўся на пасадзе мэра Гданьска рэкордна доўгі тэрмін – 20 гадоў. У сваім горадзе ён зьяўляўся вельмі папулярным палітыкам, хаця з ягоным пераабраньнем былі зьвязаныя моцныя эмоцыі, паколькі назіраецца жорсткае супрацьстаяньне паміж двума групоўкай – апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформай», якой Адамовіч быў адным з заснавальнікаў у Гданьску, ды «Правам і Справядлівасьцю». Адамовіч на муніцыпальных выбарах у лістападзе мінулага году са значным адрывам перамог кандыдата ПіС Кацпэра Плажыньскага. Дарэчы, апошнім час Адамовіч разышоўся са сваёй партыяй.
Магчыма, часткова гэтыя нэгатыўныя эмоцыі палітычнай сцэны сталі прычынай брутальнага нападу на мэра ў нядзельны вечар. Зламысьнік пасьля нападу крычаў, што «Грамадзянская плятформа» яго катавала, ён без віны сядзеў у турме. Сапраўды, Стэфан В. правёў за кратамі звыш 5 гадоў, але цяжка паверыць у яго невінаватасьць, калі ён быў асуджаны за чатыры напады на банкаўскія аддзяленьні са зброяй у руках. Цяжка таксама пазбыцца ад думкі, што гісторыя любіць паўтараецца, паколькі гэта ня першы замах на жыцьцё высокапастаўленага палітыка. Праўда, у Польшчы такія падзеі здараюцца рэдка, але на сьвеце можна знайсьці шмат прыкладаў. Але і ў Польшчы былі замахі на палітыкаў, між іншым, самы гучны, удалы напад адбыўся ў 1922 годзе, калі ў Варшаве загінуў прэзыдэнт Польшчы Габрыэль Нарутовіч, які прабыў на сваёй пасадзе ледзьве тыдзень.
Зь нядзельнага вечара ўся Польшча задае пытаньне, ці можна было прадухіліць трагічнае здарэньне, дзе былі ахоўнікі? На думку экспэрта па пытаньнях бясьпекі правядзеньня масавых мерапрыемстваў, падчас фіналу Вялікага аркестра сьвяточнай дапамогі ў Гданьску на сцэне магло быць надта мала ахоўнікаў. З іншага боку, адзначае Марцін Самсэль, вельмі цяжка стрымаць зламысьніка, які хоча замахнуцца на жыцьцё іншага чалавека.
М. Самсэль: Гэта вельмі цяжка, гэта ўмеюць зрабіць толькі сапраўды выдатна падрыхтаваныя людзі, якія паўтараюць падрыхтоўку рэгулярна. Гэтаму вучаць паліцэйскіх, якія працуюць на вуліцах, сутыкаюцца за такімі падзеямі, або целаахоўнікаў са службаў, якія ахоўваюць вельмі важных палітыкаў. Гэтыя людзі ўмеюць затрымаць нападаючага. Аднак звычайны ахоўнік, які быў наняты, каб ахоўваць масавае мерапрыемства, ня зможа гэтага зрабіць.
Зламысьніка, які напаў на мэра, хутка затрымалі ахоўнікі, ён нават ня вельмі супраціўляўся, вельмі ганарыўся тым, што зрабіў. Стэфан В. быў дапытаны пракуратурай, яму пагражае пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне за забойства. Адно з самых важных пытаньняў, якія сьледчыя павінны задаць, гэта тое, колькі ахоўнікаў было па дарозе на сцэну, – працягвае Марцін Самсэль.
М. Самсэль: Ці хаця б нехта зірнуў на ягоную акрэдытацыю, ці хтосьці заўважыў, калі гэты чалавек выцягнуў нож, і колькі часу прайшло з таго моманту, калі ён выцягнуў нож, і да самой атакі. Гэта вельмі важныя пытаньні, вельмі істотны час, калі можна было адрэагаваць. Гэта самыя важныя пытаньні, на якія неабходна адказаць, а ня тое, ці нехта з ахоўнікаў мог пасьпець адрэагаваць, ці не.
Як кажуць экспэрты, у такой сытуацыі заўсёды назіраецца вялікая перавага нападаючага, паколькі звычайныя нармальныя людзі як правіла не спадзяюцца нападзеньня, ня думаюць пра небясьпеку. Пасьля трагічнай падзеі палітыкі з усіх бакоў палітычнай сцэны заверылі, што яны асуджаюць атаку, хаця некаторыя кажуць, што нэгатыўныя эмоцыі, якія раздзьмуў заснавальнік дабрачыннай акцыі Ежы Оўсяк, маглі прычыніцца да атакі. Партыя «Права і справядлівасьць» прапануе правесьці адмысловае шэсьце супраць насільля.
нг