Ня толькі ў Беларусі ёсьць рознагалосьсі наконт закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». У Польшчы таксама ўрад разглядае падобны заканадаўчы акт, але нават у межах адной партыі ёсьць розныя погляды на гэтую праблематыку.
Нагадаем, яшчэ летам мінулага году беларускае Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала на сваім сайце канцэпцыю закону «Аб папярэджаньні гвалту ў сям’і». Закон плянавалася прыняць у 2019 годзе, але кіраўнік дзяржавы яго раскрытыкаваў. Па словах А. Лукашэнкі, гэта «дурасьць, узятая з захаду», а там «мужык з мужыком жэняцца, дзяцей няма каму нараджаць». У выніку МУС адмовіўся ад падрыхтоўкі закону.
У Польшчы ёсьць заканадаўчы акт, прыняты з думкаю пра дапамогу ахвярам хатняга гвалту, аднак Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі прапанавала ўнесьці зьмены ў дакумэнт. Сярод важнейшых – адмаўленьне ад аўтаматычнага афармленьня на сям’ю, дзе прысутны хатні гвалт, гэтак званай «Блакітнай карты» (дакумэнт афармляе паліцыя), а таксама фармулёўка насільля – не аднаразовы акт, а рэгулярнае зьбіваньне ці іншыя праявы агрэсіі. Такія былі новыя палажэньні, але яны не ўступілі ў сілу, паколькі з крытыкай выступіў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. У выніку міністар Эльжбета Рафальска адмовілася ад прасоўваньня праекту і прызнала, што ён патрабуе дапрацоўкі.
Э. Рафальска: Гэты законапраект быў зьмешчаны ў «Бюлетэні публічнай інфармацыі», але ня быў адпраўлены на міжведамасныя кансультацыі, а гэта азначае, што ён на самой справе яшчэ ня выйшаў зь міністэрства. І вельмі добра, паколькі неабходна ўвесьці ў яго істотныя зьмены. І сёньня я поўнасьцю згодная, што ён заўчасна быў зьмешчаны ў «Бюлетэні публічнай інфармацыі».
«Супрацьдзеяньне хатняму гвалту – гэта прыярытэт ураду партыі «Права і справядлівасьць», а польскія законы павінны быць празрыстыя, каб не было нават ценю сумненьня, ці яны ў поўнай меры ахоўваюць ахвяр. Я прыняў рашэньне, што законапраект вернецца да аўтараў, каб яны змаглі паправіць усе сумнеўныя палажэньні», – заявіў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. І дадаў, што з кожным хатнім гвалтам неабходна змагацца, незалежна ад таго, ці гэта аднаразовы акт, ці рэгулярнае насільле.
Міністар сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі заявіла, што яе ведамства падрыхтуе новы законапраект.
Э. Рафальска: Няма ніякіх сумненьняў, што тыя рашэньні, якія мы прапануем у законе, заўсёды павінны акцэнтаваць перш за ўсё тое, што мы робім стаўку на ахову ахвяр. Галоўная мэта нашай дзейнасьці – абарона ахвяры гвалту. Тут няма і ня можа быць ніякіх сумневаў.
Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык заверыў, што ўрад прыкладае шмат намаганьняў, каб бараніць ахвяр хатняга гвалту. Такім чынам міністар пракамэнтаваў рашэньне прэм’ера Матэвуша Маравецкага, каб адправіць зьменены закон на дапрацоўку.
М. Дворчык: Правы жанчын зьяўляюцца адным з прыярытэтаў ураду «Права і справядлівасьці». А ўчорашняе рашэньне прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага зьяўляецца найлепшым гэтаму доказам.
Намесьнік міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Эльжбета Баяноўска заявіла, што чакае рашэньня міністра аб яе далейшым лёсе. Справа ў тым, што менавіта Баяноўска падрыхтавала зьмены ў закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту. Яна ўзяла на сябе поўную адказнасьць за падрыхтоўку гэтага законапраекту ды некаторых іншых прававых актаў.
Э. Баяноўска: Гэтая вэрсія законапраекту ніколі не павінна трапіць на вочы людзей. Яна ніколі не павінна выйсьці за сьцены нашага ведамства, але нават у рабочай вэрсіі не павінна быць такіх палажэньняў, якія ў яе трапілі. Заўсёды нашай мэтай быў клопат пра сям’ю ды ахова яе самых слабых чальцоў.
Па словах Баяноўскай, мэтай унясеньня зьменаў і дапаўненьняў у закон было імкненьне як мага лепш бараніць ахвяр насільля. На жаль, выйшла інакш, чым меркавалі аўтары.
Э. Баяноўска: Зусім недапушчальным палажэньнем, якое трапіла ў законапраект, была больш вузкая фармулёўка зьявы хатняга гвалту. У чарговы раз я хачу падкрэсьліць, што кожны чалавек, правы якога былі парушаныя ў выніку хатняга гвалту, зьяўляецца ахвярай такога гвалту. Бяз розьніцы, ці гэта быў адзінкавы інцыдэнт, ці ён паўтараўся, быў рэгулярны.
Зьменены законапраект аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту ў панядзелак быў зьмешчаны на сайце Ўрадавага цэнтру прававых актаў, але ў сераду ён зьнік са старонкі, паколькі некаторыя палажэньні выклікалі пратэсты, перш за ўсё прапанова зьмяніць фармулёўку хатняга гвалту.
нг