Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве адбудзецца дабрачынны канцэрт дапамогі ахвярам вайны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.01.2019 13:50
  • канцэрт Сырыя.mp3
Увесь даход, атрыманы дзякуючы канцэрту і падчас збору сродкаў у рамках смс-акцыі, будзе перададзены сырыйцам.
photo: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

6 студзеня ў Варшаве адбудзецца дабрачынны канцэрт, даход з якога будзе прызначаны на дапамогу асобам, пацярпелым у выніку ваенных дзеяньняў у Сырыі.

Пад дэвізам «Польшча памагае – дапамога для Сырыі» у нядзелю пройдзе канцэрт сьвяточных песьняў у варшаўскім парку Каралеўскія лазенкі. Калядныя песьні прасьпяваюць салісты, Вакальны калектыў, а таксама аркестар Польскай каралеўскай опэры. На мерапрыемстве згадзілася таксама выступіць у якасьці госьця зорка опэрнай сцэны, як польскай, так і замежнай, Малгажата Валеўска, якая сьпявае мэца-сапранам. Дарэчы, перад новым тысячагодзьдзем амэрыканскі тыднёвік «Тайм» занёс яе ў лік самых славутых палякаў.

Увесь даход, атрыманы дзякуючы канцэрту і падчас адмысловага збору сродкаў у рамках смс-акцыі, будзе перададзены сырыйцам, якія пацярпелі падчас вайны. Гаворыць ксёндз Марэк Дэц, намесьнік дырэктара Caritas Polska – дабрачыннай арганізацыі Каталіцкага касьцёла, якая ладзіць канцэрт.

М. Дэц: Мы ведаем, якая сытуацыя ў Сырыі, паколькі мы пастаянна знаходзімся ў кантакце з касьцёламі ў Алепа ды іншых гарадах. Мы ведаем патрэбнасьці людзей, сырыйскіх сем’яў. Цяпер, у калядны час, мы хацелі б перадаць ім, акрамя цяпла калядных сьвятаў, канкрэтныя дары ад сэрца. У часе канцэрту будзе дзейнічаць адмысловая смс-лінія. На яе можна будзе высылаць дабрачынныя смс-паведамленьні пад лёзунгам «Польшча дапамагае».

Грамадзянская вайна ў Сірыі працягваецца ўжо амаль восем гадоў. У выніку ваенных дзеяньняў мільёны людзей былі прымушаныя пакінуць свае дамы, шукаць больш бясьпечны прытулак. На жаль, часта нават элемэнтарныя патрэбы ахвярам вайны не ўдаецца заспакоіць. Меркаваньнем кіраўніка Мэдыя-цэнтра Caritas Polska Робэрта Казімерскага, нават восем мільёнаў сырыйцаў могуць быць пазбаўленыя гуманітарнай дапамогі.

Р. Казімерскі: Гэта штодзённае змаганьне за ваду, гэта штодзённае змаганьне за харчаваньне, гэта таксама штодзённая барацьба за энэргію, цяпло. Ёсьць такі трагічны бок вайны. Акрамя пакут людзей, гэта эканоміка вайны. Эканоміка вайны заключаецца ў тым, што, напрыклад, хлеб падаражэў на 800%, энэргія падаражэла на 1700%. Гэтыя людзі часта ня могуць раздабыць элемэнтарныя сродкі, неабходныя для жыцьця.

На дабрачынны канцэрт запрашае таксама міністар культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі. На адмысловай прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай дадзенай падзеі, міністар адзначыў, што кожны чалавек добрай волі можа ўнесьці свой уклад у справу дапамогі ахвярам грамадзянскай вайны ў Сырыі.

П. Гліньскі: Гэта наша сумесная дабрачынная акцыя. Я ад усяго сэрца запрашаю ўсіх удзельнічаць у канцэрце. Можна выслаць некалькі смс-паведамленьняў, каб павялічыць памер дапамогі. А каму мы памагаем? Тым, каму наша падтрымка проста жыцьцёва неабходная. Гэта дапамога для людзей на ахопленых вайной тэрыторыях – між іншым у горадзе Алепа. Памагаем людзям, якім не пашанцавала – яны жывуць у нестабільнай дзяржаве. Мы хочам ім дапамагчы, гэта наш абавязак.

Канцэрт дапамогі ахвярам грамадзянскай вайны ў Сырыі ладзяць польскае Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны, Польская каралеўская опэра, Caritas Polska, музэй Каралеўскія лазенкі і Польскае тэлебачаньне. Дабрачынная акцыя пройдзе ў нядзелю, гледачы Другой праграмы польскага тэлебачаньня змогуць паглядзець тэлетрансьляцыю. Запрацуе адмысловы нумар смс 72052, на які можна будзе высылаць паведамленьне, а даход пойдзе на дабрачынныя мэты.

У першай частцы канцэрту выканаўцы прасьпяваюць тры калядныя песьні падрыхтаваныя Яцэкам Урбанякам, у тым ліку адну сьвяточную кампазыцыю, якая паходзіць з Блізкага Ўсходу. У другой частцы прагучаць польскія калядныя песьні. Падчас падобнага дабрачыннага канцэрту, зладжанага летась на пачатку году, удалося сабраць амаль адзін мільён злотых на дапамогу ахвярам вайны ў Сырыі.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт