Logo Polskiego Radia
Print

2019 год пройдзе пад знакам Манюшкі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.12.2018 16:33
  • Год Манюшкі.mp3
У Польшы, Летуве ды Беларусі пачалася падрыхтоўка да вялікага юбілею.
Foto: moniuszko200.pl

Польшча, Летува ды Беларусь будуць адзначаць у будучым годзе юбілей – двухсотгодзьдзе нараджэньня Станіслава Манюшкі. Краіны супольна ўпісалі гэтую дату ў сьпіс юбілеяў ЮНЭСКА. Аднак, сьвяткаваць у кожнай краіне будуць па-рознаму.

Найбольш гучна да сьвяткаваньня 200 гадавіны нараджэньня славутага кампазытара ставяцца ў Польшчы. Тут нацыянальны парлямэнт прыняў рашэньне, каб 2019 год прызнаць «Годам Манюшкі». Урачыстае адкрыцьцё заплянавана на 5 студзеня 2019 канцэртным выкананьнем опэры «Галка» у выкананьні аркестра Europa Galante на гістарычных інструмэнтах. Рыхтуецца цэлая праграма імпрэзаў прысьвечаных Станіславу Манюшку.

Менш афіцыйна будуць адзначаць юбілей кампазытара ў Летуве, кажа дырэктар Польскага інстытуту ў Вільні Марцін Лапчыньскі.

Марцін Лапчыньскі: Год Манюшкі афіцыйна вызначаны ў лістападзе бягучага году польскім Сэймам. У Летуве Год Манюшкі афіцыйна не адзначаецца, такога рашэньня летувіскі Сэйм не прымаў. Варта зазначыць, што 200-ая гадавіна нараджэньня гэтага кампазытара запісаная ў сьпіс юбілеяў ЮНЭСКА. Гэта была супольная ініцыятыва трох краін – Польшчы, Летувы ды Беларусі. 12 сьнежня мы запрашаем усіх на інаўгурацыю сьвяткаваньня 200 юбілею народзін Манюшкі і адначасова на пачатак Года Манюшкі.

Пры гэтым заплянавана вельмі багатая праграма ўрачыстасьцяў прысьвечаных славутаму музыку. Гаворыць Марцін Лапчыньскі.

Марцін Лапчыньскі: У будучым годзе ў Летуве пры ўдзеле ды супрацы Польскага інстытуту адбудзецца шэраг цікавых падзей. У красавіку ў Коўне падчас джазавага фэстывалю прагучаць творы кампазытара ў джазавай аранжыроўцы. У Вільні ў касьцёле сьв. Янаў у траўні адбудзецца спэцыяльны польска-летувіска-беларускі праект, прысьвечаны Манюшку: выступ унівэрсытэцкіх хораў з Вільні, Беластоку ды Менску. Потым падобныя канцэрты пройдуць у Беластоку ды Менску. Адным з галоўным пунктаў сьвяточнай праграмы будзе міжнародная навуковая канфэрэнцыя, якая адбудзецца ў Летувіскай нацыянальнай бібліятэцы ў чэрвені. У рамках канфэрэнцыі ладзіцца канцэрт чатырох Вострабрамскіх літаньняў Манюшкі. Праграма вельмі багатая, спадзяюся, дазволіць наблізіць постаць Манюшкі летувіскай публіцы.

У Беларусі таксама плянуецца адзначаюць юбілей народзін кампазытара. Напрыклад, у чэрвені адбыўся канцэрт твораў Станіслава Манюшкі ў выкананьні гурта «Вытокі» у Вялікім тэатры ў Менску. Таксама плянуецца адбудова радавой сядзібы Манюшкі. Ёсьць пазытыўныя ініцыятывы, кажа гісторык Алесь Белы, адзін з ініцыятараў адзначэньня двухсотгодзьдзя нараджэньня кампазытара.

Алесь Белы: Варта адзначыць, што пастаўлены помнік кампазытару. Створана «Музычная гасьцёўня Манюшкі» у Смілавічах. Гэта станоўча, але ёсьць пытаньні да міністэрства культуры. Ці ёсьць праграма сьвяткаваньня, дзе можна зь ёй азнаёміцца. Ці ёсьць нацыянальны аргкамітэта, хаця б група ў Фэйсбуку? Што гэта за падыход у ХХІ-м стагодзьдзі.

Пры гэтым вядомы гісторык ды папулярызатар беларускай гісторыі ды культуры зазначае, што недастаткова робіцца, каб адсьвяткаваць такі важны юбілей, у першую чаргу не хапае інфармацыі. Складваецца ўражаньне, што ў Беларусі дадзеная гадавіна адзначаецца вельмі сьціпла, кажа наш суразмоўца.

Алесь Белы: Гэты юбілей трэба адзначыць годна, як агульнанацыянальную падзею. Я ня бачу гэтага. Магчыма я нешта ня ведаю, але не хапае інфармацыі. Я ня чуў, каб рыхтавалася нейкая вялікая прэм'ера, каб было сьвята вялікага нацыянальнага юбілею. Дарэчы, «Страшны двор» Манюшкі выстаўляўся ў Беларусі апошні раз у 1952 годзе. Гэтая опэра больш ніколі ў Беларусі не ставілася.

У будучым годзе ў Польшчы, Летуве ды Беларусі будуць адзначаць юбілей – 200 год з нараджэньня славутага кампазытара Станіслава Манюшкі. Ён нарадзіўся 5 траўня 1819 года ў мястэчку Ўбэль. У Польшчы 2019 год афіцыйна абвешчаны «Годам Манюшкі». У Летуве ды Беларусі такога рашэньня не прымалі, але рыхтуюцца шматлікія імпрэзы прысьвечаныя кампазытару.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт