Logo Polskiego Radia
Print

У Маскве разьвіталіся зь легендарнай праваабаронцай Л. Аляксеевай

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.12.2018 13:09
  • Разьвітаньне Л.Аляксеева.mp3
"Прыезд Пуціна сюды выклікае пратэст. Ён і правы чалавека – рэчы зусім несумяшчальныя".
photo: PAP/EPA/ALEXEI DRUZHININ / SPUTNIK / KREMLIN POOL

Жыхары Масквы ды госьці расейскай сталіцы разьвіталіся са славутай актывісткай праваабарончага руху Людмілай Аляксеевай, якая памерла ў суботу на 92 годзе жыцьця. У паніхідзе ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі польскіх дзяржаўных уладаў.

Усё сваё жыцьцё яна змагалася за права кожнага чалавека жыць годна, крытыкавала палітыку расейскіх уладаў, як у часы Савецкага Саюзу, за што была прымушаная іміграваць, так і ў цяперашняй Расеі, у тым ліку палітыку Ўладзіміра Пуціна. Пратэставала супраць ваенных канфліктаў, якія ініцыявала Расейская Фэдэрацыя.

Праваабарончай дзейнасьцю Людміла Аляксеева пачала займацца ў 1968 годзе, была машыністкай праваабарончага бюлетэня «Хроніка бягучых падзей». Пад канец 70-ых была прымушаная пакінуць Савецкі Саюз. Вярнулася ў Расею ў 1993 годзе. Была адным з заснавальнікаў і старшынёй Маскоўскай Хэльсынскай групы. Напісала больш за 100 працаў, прысьвечаных пытаньням правоў чалавека, атрымала 11 узнагарод за сваю дзейнасьць.

У Польшчы высока цэняць дзейнасьць Людмілы Аляксеевай. Пра яе заслугі для праваабарончага руху згадваў у нядзелю прэзыдэнт Анджэй Дуда, на разьвітальную цырымонію адправіўся кіраўнік Канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык. Ён адзначыў, што Аляксеева змагалася, між іншым, за поўную праўду пра Катынскае злачынства.

М. Дворчык: Памёр чалавек, які ўсё сваё жыцьцё прысьвяціў барацьбе за правы чалавека. Яна змагалася за тое, каб Расея была дэмакратычнай краінай, дзяржавай, якая зразумела сваё таталітарнае мінулае, за тое, каб праўда аб катах ды іх ахвярах была даступная для ўсіх. Яна змагалася таксама за тое, каб мы даведаліся праўду пра Катынь, пра савецкія злачынствы супраць польскіх афіцэраў і пра савецкае нападзеньне на Польшчу.

Падчас жалобнай паніхіды ў Маскве прадстаўнік польскіх дзяржаўных уладаў прачытаў ліст ад прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага і паведаміў пра тое, што прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда пасьмяротна ўзнагародзіў Людмілу Аляксееву Ордэнам заслугі. «Гэта быў чалавек, які змагаўся за такую Расею, з якой Польшча хацела б разьвіваць блізкія двухбаковыя адносіны», – адзначыў Міхал Дворчык.

М. Дворчык: Яна да канца жыцьця была актыўная. Пра яе казалі, што яна выхоўвала чарговыя пакаленьні праваабаронцаў, людзей, якія змагаюцца за тое, каб Расея была дзяржавай дэмакратычнай, адкрытай, якая з пашанай ставіцца да жыцьця сваіх грамадзян і якая паважае сваіх суседзяў.

Цырымонія праходзіла пры павышаных мерах бясьпекі, паколькі на ёй прысутнічаў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. У Цэнтральны дом журналіста, дзе была выстаўленая труна, прапускалі толькі асоб, якія загадзя запоўнілі анкету аб акрэдытацыі. Таму многія звычайныя грамадзяне не змаглі разьвітацца з Аляксеевай, але прыйшлі вядомыя палітыкі, актывісты грамадзянскай супольнасьці, дэлегацыі замежных дзяржаваў. Ня змог прыбыць блізкі супрацоўнік Аляксеевай Леў Панамароў, які адбывае пакараньне 16 сутак за заклік да акцыі каля ФСБ «За нашых і вашых дзяцей».

Па словах Аляксея Навальнага, прысутнага на паніхідзе, Расея будзе балюча адчуваць страту чалавека, які карыстаўся такім вялікім аўтарытэтам.

А. Навальны: Праваабарончы рух Расеі асірацеў. Я з цяжкасьцю сабе ўяўляю, хто можа яе замяніць.

У сваю чаргу апазыцыйны палітык Дзьмітрый Гудкоў крытыкаваў прысутнасьць Пуціна на цырымоніі.

Д. Гудкоў: Прыезд Пуціна сюды выклікае, мякка кажучы, зьдзіўленьне, а нават пратэст. Таму што ён і правы чалавека – рэчы зусім несумяшчальныя.

Да апошніх хвілін свайго жыцьця Людміла Аляксеева захавала ясны розум, да канца перажывала за сьвет, які пакідае. Ужо будучы ў бальніцы, Людміла Міхайлаўна дапісала тэкст – зварот да праваабаронцаў, якія прыехалі на зьезд Маскоўскай Хэльсынскай групы. Праз дзень пасьля сьмерці Аляксеевай, у дзень адкрыцьця зьезду 9 сьнежня зварот быў зачытаны на сустрэчы. У тэксьце яна вельмі шкадуе, што здароўе не дазваляе ёй быць разам з калегамі ў 70-ую гадавіну прыняцьця Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека. «Нам сапраўды ёсьць пра што падумаць у гэты дзень. Дакумэнт, апіраючыся на вопыт жахлівай Другой сусьветнай вайны, сфармуляваў унівэрсальныя правілы сужыцьця на нашай плянэце, на падставе пашаны да чалавечай годнасьці і правоў чалавека... Трэба прызнаць, што чым далей мы адыходзім па часе ад урокаў вайны, тым з большай доляй цынізму і бесклапотнасьці новыя пакаленьні адносяцца да сыстэмы каштоўнасьцяў ды інстытутаў, усё часьцей правяраючы іх трываласьць».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт