У Менску ў чацьвер прайшла канфэрэнцыя, на якой была падсумаваная рэалізацыя праграмы дапамогі, якую ладзіць Польшча на тэрыторыі Беларусі.
Стварэньне адпаведных умоў для ўстойлівага разьвіцьця ў разьвіваючыхся краінах – так гучыць асноўная мэта праграмы польскай дзяржавы, якая называецца «Польская дапамога». Беларусь зьяўляецца адным з асноўных бэнэфіцыяраў дадзенай праграмы.
У Беларусі дапамогу атрымліваюць прадстаўнікі самых розных сфэраў, як сацыяльных, так і эканамічных, у тым ліку прадстаўнікі малога бізнэсу, але таксама гуманітарныя арганізацыі, – гаворыць дырэктар Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта Беларусі Валерый Скакун.
В. Скакун: Праграма Міністэрства замежных спраў Польшчы, якая рэалізуецца цяпер у Рэспубліцы Беларусь, накіраваная на невялікія праекты як у рэалізацыі малога бізнэсу, так і ў сфэры гуманітарнай дзейнасьці. Праекты ажыцьцяўляюцца на тэрыторыі Беларусі ва ўсіх рэгіёнах. Праграма працуе з 2007 году. Дзякуючы невялікім праектам, якія рэалізуюцца ў нашай рэспубліцы, паказваем магчымасьць дзьвюх блізкіх сяброўскіх краін, якія зьяўляюцца суседзямі, замацаваць адносіны ня толькі ў палітычнай, эканамічнай, але таксама гуманітарнай сфэры.
Беларусь, будучы сябрам Усходняга партнэрства, зьяўляецца абсалютна прыярытэтнай дзяржавай з усіх партнэраў Польшчы па дадзенай праграме, – адзначае Марэк Кубэрскі зь Міністэрства замежных спраў Польшчы. Галоўнае ў гэтай дапамозе – супрацоўніцтва, – дадае польскі чыноўнік.
М. Кубэрскі: Мы гэтую дапамогу разумеем як супрацоўніцтва, у рамках якога мы разам зь беларускімі партнэрамі знаходзім такія галіны, у якіх існуюць яшчэ пэўныя праблемы. Мы можам прапанаваць вырашэньні, якія спрацоўваюць у Польшчы, і можна іх перанесьці на беларускі грунт. Мы стараемся знаходзіць пэрспэктыўныя галіны, такімі галінамі зьяўляюцца прадпрымальніцтва і прыватны сэктар. Гэта зьвязана з візытам тагачаснага віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага ў Беларусь ў 2016 годзе. Тады аказалася, што назіраецца вялізнае зацікаўленьне Польшчай з боку беларускіх дробных прадпрымальнікаў. Яны хацелі даведацца, як падрыхтаваць бізнэс-плян, як разьвіваць бізнэс, у якіх сфэрах і г.д. З таго часу назіраецца вельмі цікавае супрацоўніцтва, падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі.
У рамках праграмы «Польская дапамога» у апошнім часе ўдалося адкрыць некалькі цэнтраў, дзе могуць праводзіць свабодны час дзеці. Такія цэнтры паявіліся ў Магілёве ды Менску, – распавядае дырэктар дабрачыннай арганізацыі каталіцкага касьцёла Карытас Менска-магілёўскай дыяцэзіі ксёндз Анджэй Жылевіч.
А. Жылевіч: Гэта інтэграцыйныя цэнтры для дзяцей – як дзяцей з дагледжаных дамоў, так і гэтак званых «дзяцей вуліцы», занядбаных. Такія дзеці могуць у цэнтры гуляць з іншымі дзецьмі, удзельнічаць у розных занятках – танцаваць, сьпяваць, вучыцца карыстацца кампутарам, інтэрнэтам. У дзяцей зь бедных сем’яў не заўсёды ёсьць магчымасьць нешта разам рабіць з дзецьмі з лепш забясьпечаных дамоў. У іх назіраюцца розныя дэфіцыты разьвіцьця, у цэнтрах яны вучацца супрацоўніцтву з іншымі.
Праграма «Польская дапамога» будзе працягнутая ў будучым годзе. Пакуль што невядома, якім бюджэтам будзе распараджацца праграма. Шмат залежыць ад праектаў, унесеных на новы год, але хутчэй за ўсё сродкі будуць падобныя, як сёлета, гэта значыць, ня менш чым 2 млн. эўра, – кажа Марэк Кубэрскі.
М. Кубэрскі: На маю думку, будзе ня менш грошай, чым сёлета, але шмат залежыць ад таго, якія праекты паявяцца. Супольныя праекты ладзяць нашы муніцыпальныя органы разам зь беларускай мясцовай адміністрацыяй, розныя праекты арганізуе наша амбасада пры супрацы з міжнароднымі арганізацыямі, між іншым ЮНІСЭФ. Зацікаўленьне ёсьць. Сёлета на праграму было прызначана больш за 2 млн. эўра, плюс стыпэндыі ў рамках адмысловай праграмы імя Стэфана Банаха. Беларусы актыўна карыстаюцца гэтымі стыпэндыямі, таксама як іншыя грамадзяне краін Усходняга партнэрства. Беларусь – наша суседка, яна, канешне, знаходзіцца ў цэнтры нашай увагі.
У польскай амбасадзе ў Менску падсумавалі праграму «Польская дапамога». Гэта ўжо другая канфэрэнцыя ў апошнім часе, зладжаная з мэтай падвесьці вынікі праграмы, якая фінансуецца са сродкаў польскай дзяржавы.
У. Пац/нг