Logo Polskiego Radia
Print

Польскі бізнэс зацікаўлены супрацай з Усходам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.12.2018 15:55
  • Польскі ўрад.mp3
У Варшаве прайшла канфэрэнцыя «Усходні напрамак: патэнцыял для бізнэсу».

Польскія прадпрымальнікі шукаюць магчымасьці паглыбіць супрацоўніцтва з бізнэсам з Беларусі, Казахстану ды Расеі.

Канфэрэнцыю зладзіла Польскае агенцтва інвэстыцый ды гандлю ў супрацы з юрыдычнай канцылярыяй «Domański Zakrzewski Palinka». Мэтай сустрэчы было зацікавіць польскія фірмы разьвіцьцём гандлёвых адносін ды рэалізацыяй інвэстыцыйных праектаў на рынках Усходняй Эўропы ды Цэнтральнай Азіі. У першую чаргу польскі бок зацікаўлены выкарыстаньнем магчымасьцяў, якія дае ўваход на вялікі рынак у рамках Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Пра гэта казаў Давід Цыцуда з Польскага агенцтва інвэстыцый ды гандлю.

Давід Цыцуда: У першую чаргу пра патэнцыял гэтага рынку сьведчыць попыт, або вялікая колькасьць жыхароў, грамадзян краін, якія ўваходзяць у склад Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Гэта першы і галоўны паказьнік для польскіх прадпрымальнікаў. Перад пагаршэньнем сытуацыі на Ўсходзе наш экспарт туды меў вялізарныя маштабы. Цяпер ён змалеў. Я думаю, што палітыка не павінна ўплываць на бізнэс. Бізнэс павінен разьвівацца.

Падчас канфэрэнцыі на спэцыяльных трэнінгах міжнародныя экспэрты тлумачылі польскім прадпрымальнікам, на што трэба зьвяртаць увагу на Ўсходзе, каб без праблем разьвіваць бізнэс. Былі прадстаўленыя практычныя аспэкты вядзеньня бізнэсу ў Беларусі, Казахстане ды Расеі. Што найбольш важнае на Ўсходзе, гаворыць праўнік з юрыдычнай фірмай «Domański Zakrzewski Palinka» Тацяна Карякіна.

Тацяна Карякіна: Вельмі важна будаваць адносіны з прадпрымальнікамі на Ўсходзе, быць сваім чалавекам з партнэрамі, зьмяншаць дыстанцыю ды не задзіраць нос, што маўляў я прыехаў з Польшчы. Там дзейнічае прынцып, што спачатку будуем адносіны, а потым бізнэс. Нават, калі ў вас будзе супэр прадукт, але ня будзе добрых адносін, вам будзе праблематычна там замацавацца.

Пры гэтым, лічыць экспэртка, цяпер сярод фірм з Усходняй Эўропы ёсьць добрае стаўленьне ды інтарэс да супрацы з палякамі.

Тацяна Карякіна: Па-першае, Польшча – гэта ўжо Эўропа, тут высокі ўзровень разьвіцьця. Расея, Беларусь ды Казахстан – гэта краіны, якія разьвіваюцца, але там шмат чаго не хапае, таго, што Польшча можа даць. У першую чаргу, гэта тычыцца тэхналёгій ды ноў-хаў, адкрыцьцё вытворчасьці. Гэтым вельмі зацікаўленыя мясцовыя рынкі.

Удзел у канфэрэнцыі ўзялі дзясяткі прадстаўнікоў польскіх фірм. Гэта яшчэ адно сьведчаньне таго, што ў апошнія гады ў Польшчы расьце зацікаўленасьць усходнім напрамкам, кажа Давід

Давід Цыцуда: Ёсьць вялізарная зацікаўленасьць, польскія фірмы глядзяць з зацікаўленасьцю на Ўсход. Палякі бачаць вялізарны патэнцыял у супрацы з усходнімі рынкамі: украінскім, беларускім, расейскім ды казахскім. Дзеля гэтага наша агенцтва імкнецца стварыць плятформу, якая дазволіць будаваць давер паміж прадпрымальнікамі, паспрыяе нарошчваньню польскага экспарту на ўсходнеэўрапейскі рынак.

У Варшаве прайшла міжнародная канфэрэнцыя прысьвечаная знаёмству палякаў з патэнцыялам усходнеэўрапейскіх рынкаў, у першую чаргу Беларусі ды Расеі. Таксама польскі бок з інтарэсам прыглядаецца да магчымасьці ўваходу на адзіны рынак ЭўрАзЭС.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт