Ідзецца пра глябальную праграму падтрымкі й разьвіцьця безэмісійнага транспарту.
Дэклярацыя электрамабільнасьці была прадстаўленая сёньня на кліматычным саміце ААН, які праходзіць у польскім горадзе Катавіцэ. Дэклярацыю ўжо падпісалі 30 дзяржаў. Дакумэнт тычыцца ўвядзеньня зьмен у транспартную галіну ды разьвіцьцё электрычных транспартных сродкаў. Пра гэта распавёў старшыня саміту СОР24 Міхал Куртыка.
Міхал Куртыка: Польшча ды Вялікабрытанія сумесна падрыхтавалі дэклярацыю. Дакумэнт падтрымалі шэраг краін ды шматлікія няўрадавыя арганізацыі. Пад дакумэнтам ужо падпісаліся 30 краін з 5 кантынэнтаў, дзе жыве траціна чалавецтва, а таксама арганізацыі ды ўстановы, якія яднаюць 1500 гарадоў ды 1200 буйных фірмаў.
Прэзэнтуючы дэклярацыю, польскі прэм’ер-міністар зазначыў, што Польшча плянуе быць актыўным ды эфэктыўным акторам у працэсах разьвіцьця электратранспарту. Сьвет імкліва ўрбанізуецца, што прыводзіць да росту выкідаў вуглякіслага газу. Сёньня за траціну выкідаў адказвае транспарт. Напрыклад, у Польшчы ў 1990-ыя гады было 5 мільёнаў машын, а цяпер - 22-23 мільёны. Менавіта таму Польшча робіць стаўку на электрамабільнасьць, якая служыць утрыманьню клімату ды стварае новыя месцы працы, зазначыў польскі прэм’ер.
Матэвуш Маравецкі: Выклікі, зь якімі мы сутыкаемся, трэба пераўтварыць у нашу перавагу ў бліжэйшыя дзесяць гадоў. Мы зрабілі хатняе заданьне й падрыхтавалі комплексную, адказную ды амбіцыйную палітыку ўстойлівага разьвіцьця. Яе інтэгральнай часткай зьяўляецца плян разьвіцьця электрамабільнасьці. Мы стварылі адмысловы фонд нізкаэмісійнага транспарту, які пачне дзейнічаць з пачатку 2019-га году.
Для рэалізацыі дэклярацыі сумесна з Сусьветным банкам Польшча стварыла фонд электрамабільнасьці.
Матэвуш Маравецкі: З фонду будзе ажыцьцяўляцца фінансаваньне на фармаваньне партнэрстваў на лякальным узроўні паміж гарадамі, рэгіёнамі. Напрыклад, Каір - Катавіцэ, Варшава - Шанхай або Джакарта. Супрацоўніцтва можа быць як двух-, так і шматбаковым. Сёньня я запрашаю ўсіх на першы саміт электрамабільнасьці «Drivibg chabges together», які адбудзецца ў Польшчы ў будучым годзе.
Інвэстыцыі ў электратранспарт – гэта неабходнасьць сёньня для Польшчы. Пра гэта заявіла на саміце ў Катавіцах міністар прадпрымальніцтва ды тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч.
Ядвіга Эмілевіч: Нам, можа, і не хапае сродкаў на электрамабільнасьць, але на чысьціні транспарту няма чаго эканоміць. Сёньня Польшча - адна з краін, дзе тэрмін карыстаньня аўтамабілямі адзін з найбольш працяглых – больш за 12-17 гадоў. У многіх гарадах транспартнае забруджваньне зьяўляецца адной з галоўных прычын кепскага паветра. Мы павінны вырашыць гэтую праблему.
Ужо ёсьць пэўныя вынікі гэтых інвэстыцый, Польшча далучылася да краін, дзе рэалізуюцца транспартныя інавацыі. Горш выглядаюць справы з доступам да зараднай сеткі для прыватных карыстальнікаў. Без гэтага электрамабільнасьць немагчымая. Польскі ўрад хоча ў бліжэйшыя гады ліквідаваць гэты прагал. Распавядае міністар энэргетыкі Польшчы Кшыштаф Тхужэўскі.
Кшыштаф Тхужэўскі: Цягам бліжэйшых двух гадоў у Польшчы зьявіцца сець падзарадак для электрычных аўтаў. Хто захоча прыехаць у Польшчу ў 2021-м годзе, зможа свабодна езьдзіць па ўсёй краіне. Ён свабодна знойдзе месца, каб падзарадзіць батарэі. Практычна гэта станецца магчымым яшчэ ў 2020-м годзе.
Польскі ўрад мусіць вельмі сур’ёзна паставіцца да агучанай дэклярацыі. Павінны быць канкрэтныя крокі па рэалізацыі заяў, інакш у бліжэйшай будучыні Польшча можа згубіць шанец на заробкі і даходы ад продажу новых тэхналёгій. Гаворыць намесьніца дырэктара Нацыянальнага цэнтра дасьледаваньняў ды разьвіцьця Ізабэля Змудка.
Ізабэля Змудка: Калі мы прыйдзем апошнімі ў гонцы да электрамабільнасьці, нам пагражае, па-першае, быць толькі спажыўцамі тэхналёгій іншых, па-другое, адсутнасьць уплываў на працэсы фармаваньня новага рынку, і, што больш важна, нас абміне падзел даходаў.
У рамках кліматычнага саміту ААН у Катавіцах прайшоў "Дзень электрамабільнасьці". Польскі ўрад прадставіў у гэты дзень глябальную дэклярацыю ў падтрымку электрамабільнасьці. Яе падтрымалі ўжо 30 краін.
Юры Ліхтаровіч