Logo Polskiego Radia
Print

Хто не працуе – застанецца без ацяпленьня

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 04.12.2018 15:44
Беларускія ўлады стварылі электронную базу дадзеных асобаў, якія афіцыйна нідзе не працуюць.
фота: Фэйсбук/А.Лябедзька

Тэмай зацікавілася польская штодзёнка «Rzeczpospolita».

Пасьля Новага года асобы са сьпісу пачнуць атрымліваць так званыя «лісты шчасьця», або больш высокія рахункі за газ, ацяпленьне ды цёплую ваду. Аляксандар Лукашэнка загадаў, каб тыя, хто не працуе, перасталі атрымліваць дзяржаўныя даплаты да камунальных паслуг. У выніку за ацяпленьне ім давядзецца заплаціць у 5 разоў болей, чым цяпер.

Міністар працы Беларусі заявіла, што ў базе знаходзіцца паўмільёна чалавек. Пры гэтым, піша выданьне, афіцыйна беспрацоўных у Беларусі толькі 220 тысяч чалавек. Жыхары розных гарадоў пачалі атрымліваць лісты з інфармацыяй, што іх кандыдатуры трапілі ва ўступны сьпіс непрацуючых грамадзян. У Магілёве пачалася паніка, бо лісты прыйшлі да жыхароў, якія працуюць. Чыноўнікі дамагаюцца, каб яны прынесьлі пасьведчаньні аб працаўладкаваньні, піша выданьне.

Дадзеная справа стала працягам мінулагодняй спробы ўладаў змусіць людзей, якія афіцыйна не працуюць, плаціць дзяржаве падатак - 250 даляраў у год. Дадзенае рашэньне выклікала масавыя пратэсты, і Лукашэнку давялося саступіць ды перагледзець сваё рашэньне.

Цяпер улады спрабуюць атрымаць гэтыя ж грошы з людзей, толькі праз іншы мэханізм – павышэньне аплаты за камунальныя паслугі. Працэс пачнецца ў лютым, калі прыйдуць першыя рахункі за камунальныя паслугі. У Сеціве ўжо зьявіліся заклікі выходзіць і пратэставаць, піша выданьне.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт