Тры тысячы чалавек хочуць уступіць у шэрагі Войска Польскага
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jury  Lichtarowicz 
                        
                        27.11.2018 13:41
                    
                                 
                
                
                    Польская армія пачала рэклямную кампанію, якая заахвочвае ісьці ў войска. 
                
                
                    
                        
Foto: pixabay.com/CC0
                     
                
                
                
               
                
                         Таксама Міністэрства абароны ладзіць зборы для парамілітарных арганізацый з разьлікам, што іх сябры папоўняць шэрагі вайскоўцаў. Тэму асьвятляе штодзёнка «Rzeczpospolita».
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак прагназуе, што праз год Войска Польскае прыме на службу 10 тысяч новых жаўнераў. У зьвязку з гэтым армія пачала шырокую рэклямную кампанію, а вайсковыя інфармацыйныя пункты зьявіліся нават у крамах. Падрыхтаваныя матэрыялы паказваюць, што войска – гэта ня толькі служба, але стабільная, цікавая ды пэрспэктыўная праца.
З дадзеных міністэрства вынікае, што за мінулы месяц заявы на кантракт у войска падалі тры тысячы чалавек. Дзякуючы гэтаму вайскоўцы спадзяюцца кампэнсаваць недахоп жаўнераў, зьвязаны з тым, што штогод з вайсковай службы звальняюцца некалькі тысяч чалавек. Таксама міністэрства вядзе набор жаўнераў у адзінкі Тэрытарыяльнай абароны ды ў новапаўсталую 18-ую дывізію, якую разьмесьцяць на ўсходзе краіны.
Адначасова з гэтымі дзеяньнямі міністэрства абароны пачало ладзіць зборы да трэніроўкі для парамілітарных арганізацый з разьлікам, што часта іх сяброў пойдзе служыць у войска. За апошні год такую падрыхтоўку атрымалі ўжо 1500 чалавек. У наступным годзе міністэрства плянуе ахапіць гэта праграмай студэнтаў ды зладзіць навучаньне для 5 тысяч чалавек.
юл