Польскія фірмы гатовыя рабіць капіталаўкладаньні ў Беларусі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
26.11.2018 15:21
У Варшаве падпісаны мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж польскімі і беларускімі кампаніямі.
foto: Polska Agencja Inwestycji i Handlu
У Варшаве сустрэліся прадпрымальнікі з Польшчы і Беларусі на польска-беларускім бізнэс-форуме. Мерапрыемства зьяўляецца адказам Польскага агенцтва інвэстыцый і гандлю на рост зацікаўленьня беларускім рынкам з боку польскіх бізнэсмэнаў.
Форум суправаджаў паседжаньне Сумеснай польска-беларускай камісіі па пытаньнях эканамічнага супрацоўніцтва. У паседжаньні камісіі прынялі ўдзел міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгіі Ядвіга Эмілевіч з польскага боку ды міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч зь беларускага боку.
Мы запыталі міністра Калтовіча, якія пытаньні закраналіся польскімі ды беларускімі партнэрамі.
У. Калтовіч: Мы разважалі па розных напрамках эканамічнага супрацоўніцтва паміж дзьвюма дзяржавамі. Гэта галіна сельскай гаспадаркі, транспарту, ахова навакольнага асяродзьдзя. Мы закраналі пытаньні, зьвязаныя з разьвіцьцём энэргетыкі, размаўлялі пра асноўныя напрамкі дзейнасьці на будучы год. Наша камісія мае таксама гэтак званыя падкамісіі, гэтыя рабочыя групы працуюць.
Выступоўцы падкрэсьлівалі імкненьне разьвіваць тавараабарот паміж Польшчай і Беларусяй. Міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгій Польшчы Ядвіга Эмілевіч кажа, што беларускі ўрад зацікаўлены польскімі інвэстыцыямі ў Беларусі.
Я. Эмілевіч: Перш за ўсё адзначалася вялікае зацікаўленьне польскімі інвэстыцыямі з боку Беларусі. Польскія фірмы гатовыя ня толькі экспартаваць свае тавары, але таксама ўкладваць капітал у Беларусі. Каб гэта было магчыма, патрэбныя інфраструктурныя інвэстыцыі. Мы размаўлялі, між іншым, пра чарговы мост на Бугу. Польскі бок падрыхтаваны да гэтага, цяпер мы хацелі б паскорыць праектныя работы і атрыманьне адпаведных згодаў зь беларускага боку. Ішла гаворка таксама пра малы памежны рух, я двойчы закранала гэтае пытаньне падчас гутаркі зь беларускім міністрам. Беларускі бок прапануе агулам адмяніць візы. Мы прапануем зрабіць першы крок – увесьці малы памежны рух, мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя.
У рамках паседжаньня Сумеснай польска-беларускай камісіі эканамічнага супрацоўніцтва было падпісанае між іншым пагадненьне паміж польскай кампаніяй PZL Sędziszów i беларускім прадпрыемствам Белкамунмаш. Супрацоўніцтва датычыць вытворчасьці электрычных аўтобусаў.
нг