Logo Polskiego Radia
Print

Прыйшлі халады, бяздомным людзям стала цяжэй

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.11.2018 15:53
  • бяздомныя.mp3
Асаблівая ўвага сацыяльных службаў накіраваная на асоб без акрэсьленага месца жыхарства.
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаPhoto: Feans/flickr.com/Commercial use allowed

Халодная пара году стварае звычайна больш праблем, чым вясна ды лета. Прасьцей схавацца ад пякучага сонца, чым ад вялікіх маразоў. У нашым кліматычным поясе вельмі цяжка жыць без даху над галавою. Асабліва зімой, бо летам яшчэ можна так-сяк «перакантавацца» недзе на дачным участку або нават у парку ці лесе. І таму зімой асаблівая ўвага сацыяльных службаў накіраваная на асоб без акрэсьленага месца жыхарства, паколькі многія з іх проста не ў стане вытрымаць маразы, а ня ўсе хочуць ісьці жыць у прытулкі для бяздомных, дзе як правіла дзейнічаюць жорсткія правілы па ўтрыманьні чысьціні і поўнай адсутнасьці сьпіртных напояў.

Кожны год прадстаўнікі сацыяльных службаў, паліцыі, гарадзкой варты просяць жыхароў Польшчы зьвяртаць увагу на людзей, якія робяць уражаньне бяздомных, асабліва калі на дварэ стаіць мароз. Надоечы ў Польшчы ў чацьвёрты раз пачалася грамадзкая акцыя пад назовам «Крыху цяпла для бяздомнага». Да канца лютага дзякуючы супрацоўніцтву дабрачыннай арганізацыі каталіцкага касьцёла Caritas Polska і гарадзкой варты Варшавы спэцыяльныя патрулі будуць развазіць гарачы суп, пледы і цёплую вопратку людзям, якія ня маюць уласнага цёплага дому. Па словах дырэктара Caritas Polska варшаўскай дыяцэзіі ксяндза Зьбігнева Зэмбжускага, дзякуючы акцыі ўдаецца аказаць падтрымку і дапамогу самым малазабясьпечаным слаям грамадзтва.

З. Зэмбжускі: Каманда гарадзкой варты, прадстаўнікі Caritas Polska, а таксама «дактары надзеі» праводзяць сыстэматычныя патрулі. Гэтыя людзі наведваюць бяздомных і адзінокіх у самых розных месцах. Гэта не заўсёды бяздомныя асобы. Ёсьць таксама людзі, якім цяжка рухацца хворыя, старыя, самотныя. Патрулі развозяць ім цёплае харчаваньне, адзеньне, абутак, бялізну. Гаворка ідзе пра тое, каб гэтым людзям у цяжкіх умовах зімы не пагражала небясьпека страціць жыцьцё і здароўе.

Калі прыходзяць халодныя дні, а тым больш маразы, тады колькасьць людзей, якім патрэбная неадкладная дапамога, рэзка павялічваецца. На гэта зьвяртае ўвагу начальнік аддзелу прафіляктыкі і плянаваньня гарадзкой варты Варшавы Гжэгаж Станішэўскі.

Г. Станішэўскі: Такіх месцаў на тэрыторыі Варшавы, дзе прабываюць бяздомныя людзі, вельмі шмат. На сёньняшні дзень мы зафіксавалі 117 такіх месцаў, куды неабходна выслаць патруль. У гэтых месцах пабывае 320 чалавек. На маю думку, таксама, як у папярэднія гады, лічба месцаў, якія мы будзем наведваць, вырасьце да 140-150 на тэрыторыі Варшавы, дзе будзе знаходзіцца 500-600 чалавек. Умовы, у якіх жывуць гэтыя людзі, вельмі розныя, але заўсёды яны крайне цяжкія. Гэта закінутыя будынкі, гэта каналы, у якіх праходзяць трубы з гарачай вадой.

Каардынатар праектаў арганізацыі Caritas Polska Януш Сукеньнік дадае, што ў студзені будучага году бяздомныя змогуць карыстацца новай лазьняй. Да гэтае пары адзіная лазьня, у якой маглі мыцца бяздомныя асобы, была ў рамках дзейнасьці Caritas Polska у варшаўскім раёне Прага.

Я. Сукеньнік: Трэба сказаць, што на мяне яна зрабіла вялікае ўражаньне. Там пяць кантэйнэраў, чысьценькіх, выдатна падрыхтаваных. Ёсьць рампы для вазочнікаў, прылады для інвалідаў. Туды прыходзяць самыя розныя асобы, таксама тыя, каго немагчыма ўбачыць у прытулку для бяздомных. Абслугоўваюць кліентаў таксама бяздомныя людзі. Можна сказаць, што бяздомныя дапамагаюць бяздомным. Можна памыцца, атрымаць чыстую бялізну, ручнік, мыла, можна агаліцца. Прыходзяць галоўным чынам мужчыны, але ня толькі.

Утрыманьне цела ў адноснай чысьціні вельмі важна для чалавека, і нават бяздомныя людзі, якія прывыклі як правіла да антысанітарыі, вельмі рады, калі могуць скарыстацца бясплатна паслугамі лазьні, атрымаць чыстую бялізну, а нават у Польшчы час ад часу арганізоўваюць акцыі, падчас якіх цырульнікі бясплатна стрыгуць валасы бяздомным. Гэта вяртае людзям веру ў сябе ды іншых людзей.

А Caritas Polska ды гарадзкая варта заклікае ўсіх быць пільнымі, зьвяртаць увагу на бяздомных, якія ў халодныя дні і ночы знаходзяцца пад голым небам. Дзякуючы ўвазе неабыякавых людзей можна ахаваць бяздомных ад сьмерці ў выніку пераахалоджваньня.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт