У многіх краінах сьвету, у тым ліку ў Польшчы ды Беларусі, праходзіць Сусьветны тыдзень прадпрымальніцтва. Сёлета ён адбываецца ўжо 21-ы раз у 170 дзяржавах. Прадпрымальнікі сустракаюцца, абменьваюцца досьведам, шукаюць новыя ідэі для вядзеньня бізнэсу.
Мэта мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў рамках Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва ў Польшчы – прасоўваньне сьвядомага разьвіцьця, актыўнага падыходу да жыцьця ды бізнэс-ініцыятыў. Якім чынам на рынку паяўляецца новая фірма? Перш за ўсё патрэбная добрая ідэя, але часам вырашае выпадак або і неабходнасьць, калі няма іншай працы. А тое, ці прадпрыемства здолее захаваць сваю пазыцыю на рынку і разьвівацца, залежыць перш за ўсё ад настойлівасьці ўладальніка, – адзначае Зьбігнеў Скалік, прадпрымальнік з больш чым дваццацігадовым стажам.
З. Скалік: У мяне выдатная база спэцыялістаў, якія перайшлі да мяне яшчэ ў папярэднія часы, калі мы разам працавалі ў іншым прадпрыемстве. І цяпер мы спраўляемся з нашымі заданьнямі, абнаўляем парк машын. Мая фірма знаходзіцца ў добрай фінансавай форме.
У Польшчы як цэнтральныя, так і муніцыпальныя ўлады шмат робяць шмат, каб падтрымліваць мясцовы бізнэс. Ад цэнтральных уладаў залежыць, якія законы прымаюцца, у сваю чаргу лякальныя органы найлепш ведаюць патрэбы прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць на дадзенай тэрыторыі. Напрыклад, горад Радам падрыхтаваў адмысловыя прапановы для бізнэсоўцаў, – гаворыць віцэ-мэр Радама Ежы Заводнік.
Е. Заводнік: Гаворка ідзе пра чатыры пакеты – «Прагрэс», «Піянэр», «Мікра» ды «Ідэя». Зразумела, кожны пакет – гэта прапанова, падрыхтаваная адмыслова пад канкрэтных суб’ектаў гаспадараньня, якія ўжо існуюць у Радаме, а таксама для тых, хто думае пра тое, каб весьці тут эканамічную дзейнасьць.
У Беларусі таксама адбываецца Сусьветны тыдзень прадпрымальніцтва. На адкрыцьці тыдня, якое адбылося 12 лістапада ў Менску, прадпрымальнікі са стажам і тыя, хто толькі намераны ўвайсьці ў бізнэс, дзяліліся сваім досьведам, абменьваліся ведамі ды ідэямі, прадстаўлялі стартапы. Падчас форуму з нагоды Сусьветнага тыдня прадпрымальніцтва намесьнік міністра эканомікі Беларусі Зьміцер Матусевіч адзначыў, што Беларусь палепшыла сваю пазыцыю ў сусьветным рэйтынгу Doing Business:
З. Матусевіч: Мы падняліся на адну прыступку ў рэйтынгу і наблізіліся, таксама, як летась, на амаль 0,7 пункта да перадавога рубяжа. Гэта вельмі знакавая падзея, нават больш важная, чым само месца.
У сваю чаргу эканаміст Леанід Заіка кажа, што ён доўгі час займаўся распрацоўкай стратэгіі для прадпрымальнікаў, і заўважыў, што сытуацыя ў Беларусі мяняецца ў лепшы бок, але і так ёсьць нямала абмежаваньняў для бізнэсмэнаў у краіне. Перш за ўсё вялікі бізнэс немагчыма весьці без знаёмства ва ўладных колах.
Л. Заіка: Дзесьці 10 гадоў таму сытуацыя пачала мяняцца, раптам аказалася, што можна перамагаць бюракратыю. Аднак, акрамя такіх важнейшых рэчаў, як прыватызацыя, абарона прыватнай уласнасьці. Па прынцыповых пазыцыях намэнклятура нічога не зьбіралася рабіць. У Беларусі прадпрымальнікі практычна ня маюць сваёй уласнасьці – офісаў, будынкаў...Прадпрымальнікам даюць магчымасьць бегаць на кароткім павадку вакол прэзыдэнта ды яго каманды. Бізнэс добры ў таго, хто ў пляне сваяцтва ды тэхналёгіі зьвязаны з чыноўнікамі. Вось Захад нам прапанаваў прыватна-дзяржаўнае партнэрства, не разумеючы сытуацыі ў Беларусі. У нас гэтае партнэрства аказалася сыстэмай уніі намэнклятуры зь сямейным бізнэсам. Кожны вялікі бізнэс павінен мець «дах», падтрымку. Канешне, у заходніх краінах таксама ёсьць палітычны лёбінг, але ў Беларусі праблема ў тым, што 80% уласнасьці зьяўляецца дзяржаўнай. Таму бізнэс не разьвіваецца цывілізавана.
Адным словам, умовы для прадпрымальнікаў у Беларусі паляпшаюцца, але застаюцца праблемы фундамэнтальнага характару, якія практычна немагчыма вырашыць без грунтоўнай зьмены падыходу да прынцыпаў прыватнай уласнасьці і адсутнасьці ўмяшаньня намэнклятуры ў эканоміку.
нг