Роўна апоўдні ў нядзелю ў сотнях месцаў па ўсёй Польшчы ды за яе межамі будзе гучаць нацыянальны гімн польскай дзяржавы. Гэта кульмінацыя шматлікіх мерапрыемстваў, зьвязаных з адзначэньнем сотай гадавіны незалежнасьці краіны.
А 12 гадзіне ў нядзелю, 11 лістапада, гімн загучыць практычна па ўсёй дзяржаве. Людзі яго прасьпяваюць у амаль што сямістах месцах у Польшчы, а таксама за мяжой дзяржавы. Дарэчы, гэта не адзінае масавае выкананьні Мазурка Дамброўскага ў гэтыя дні. У пятніцу каля пяці мільёнаў школьнікаў ды настаўнікаў сьпявалі гімн роўна а 11.11, а ў нядзелю арганізатары сьвяткаваньня незалежнасьці прапануюць далучыцца да сьпяваньня гімну – як у Польшчы, так і за мяжой.
Нацыянальная патрыятычная песьня будзе гучаць, між іншым, на Замкавай плошчы (Пляц Замковы) у Варшаве. Плошча асабліва моцна зьвязана з польскай гісторыяй. Менавіта тут вырашаўся лёс Польшчы ў мінулым, гэтае месца важнае таксама для палякаў, якія змагаліся за свабоду ў часы камунізму, – адзначае Ізабэля Віткоўска-Мартыновіч з прэс-бюро Музэя Каралеўскага замка ў Варшаве.
І. Вікоўска-Мартыновіч: Здарэньні, зьвязаныя з дэманстрацыяй салідарнасьці – яны таксама адбываліся на Замкавай плошчы. Нам вядомы такі, даволі сымбалічны здымак, калі вадамёты цэляцца ў муры замка. На маю думку, гэтае месца на столькі сымбалічнае і на столькі прасякнутае гісторыяй, што аж просіцца, каб гэтая плошча засьпявала гімн у 12 гадзін.
Акцыя выкананьня гімну ладзіцца таксама ў адным з аддзяленьняў Музэя Войска Польскага ў Варшаве – у Катынскім музэі. «Мазурак Дамброўскага – гэта асабліва важная песьня для польскага войска, а таксама для ўсіх супрацоўнікаў музэя», – кажа прэс-сакратар установы Сэбасьцьян Варлікоўскі.
С. Варлікоўскі: У Катынскім музэі, у нашым аддзяленьні, выступіць хор «Арфа», а перад гэтым выступленьнем мы ўсе разам прасьпяваем гімн. Нам гімн атаясамліваецца хутчэй з пэрыядам, калі Польшча стала незалежнай дзяржавай сто гадоў таму. Хаця, канешне, зьмест яго зусім іншы, ён быў напісаны значна раней. Тым ня менш, гэта вельмі важная патрыятычная песьня, на роўні з «Маршам першай брыгады». Як Мазурак Дамброўскага, так і «Марш першай брыгады» нагадваюць нам, на колькі цяжка далася незалежнасьць польскай дзяржаве, як за яе змагаліся – ня толькі ў апошнія сто гадоў, але таксама і раней.
Ініцыятарам і каардынатарам акцыі «Гімн Незалежнай» («Niepodległa do hymnu») зьяўляецца Офіс праграмы «Незалежная», які ладзіць шматлікія ўрачыстасьці, зьвязаныя з адзначэньнем гадавіны незалежнасьці Польшчы. Дырэктар офісу Ян Кавальскі распавядае, што супрацоўнікі офіса доўга рыхтавалі падзеі, якія маглі б згуртаваць усіх палякаў, ня толькі жыхароў Польшчы, але таксама асоб польскага паходжаньня, якія пражываюць за мяжою, паколькі немагчыма, каб усе прыйшлі на Замкавую плошчу ў Варшаве.
Я. Кавальскі: Таму мы падрыхтавалі акцыю «Гімн Незалежнай». Мы запрашаем усіх, каб у 12 гадзін разам сьпявалі гімн. Дзеля гэтага мы зьмясьцілі адмысловую мапу на інтэрнэт-сайце (niepodlegla.gov.pl), на якой прадстаўнікі муніцыпальных органаў, таварыстваў, а таксама звычайныя палякі зазначаюць месцы, дзе будуць сьпяваць гімн. Так што можна далучыцца нават да свайго суседа, які намераны сьпяваць гімн. Цяпер на мапе 392 месцы, дзе ён прагучыць. А за межамі Польшчы – між іншым у ЗША, Аўстраліі, Японіі, Пэру, а таксама ў Эўропе – Эстоніі, Вялікабрытаніі.
У пятніцу гімн гучаў таксама ў сьценах польскіх школ, якія такім чынам адзначылі гадавіну незалежнасьці. Звыш пяці мільёнаў вучняў і настаўнікаў роўна а 11.11 сьпявалі Мазурак Дамброўскага. Такім чынам быў пабіты рэкорд колькасьці чалавек, якія адначасова выканалі гімн польскай дзяржавы. Ніколі раней у гісторыі Польшчы не здарылася, каб у адным і тым жа часе столькі палякаў прасьпявалі свой гімн. Акцыю «Рэкорд для Незалежнай» зладзіла Міністэрства нацыянальнай адукацыі.
ІАР/нг