Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначаюць гадавіну ўрада Дашыньскага

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 06.11.2018 16:11
  • У Польшчы адзначаюць.mp3
Гэта быў першы польскі ўрад, які абвясьціў незалежнасьць краіны, пасьля падзелаў Рэчы паспалітай з канца ХVIII-га стагодзьдзя.
Foto: Wikipedia Commons/CC0

100 год таму ўначы з 6-га на 7-ае лістапада ў Любліне паўстаў часовы ўрад Польскай народнай рэспублікі на чале з Ігнацыям Дашыньскім.

Гэты ўрад, атрымаў назву «люблінскага» ды «народнага» складаўся з прадстаўнікоў левых партый незалежніцкага характару як Польская сацыялістычная партыя ды Польская сялянская партыя «Вызваленьне».

Ігнат Дашыньскі быў прэм’ерам ды міністрам замежных спраў. Праграма ягонага ўраду прадугледжвала роспуск акупацыйных органаў адміністрацыі, рэалізацыю сацыяльных рэформаў, стварэньне мясцовага самакіраваньня. Самае галоўнае было ў тым, што ўрад Дашыньскага гучна дамагаўся прызнаньня незалежнасьці Польшчы на міжнароднай арэне. Згадваў у 1988-м годзе гісторык генэрал Мар’як Кукель, які асабіста ведаў Ігнацыя Дашыньскага.

Мар’ян Кукель: Я слухаў ягоныя выступы. Ён патрабаваў, каб польскія сацыялісты сьмелы ды адкрыта выступілі з лёзунгам незалежнасьці Польшчы, у якасьці галоўнай мэты для польскай нацыі. 7 лістапада ў Любліне ён стаў на чале ўраду з сацыяльнымі дэклярацыямі ў маніфэсьце супраць ураду Рэгенцыйнай рады ў Варшаве.

Рэгенцыйная рада – гэта быў кіроўны орган створаны на польскіх тэрыторыях нямецкай ды аўстрыйскай вайсковай адміністрацыяй пасьля захопу польскіх зямель у часе Першай сусьветнай вайны. Пра абвяшчэньне незалежнасьці Польшчы ды стварэньне «народнага ўраду» у 1918-м годзе палякі даведаліся з апублікаванай адозвы. Што ў ёй было ўзгадвалі журналісты ў праграме Радыё «Свабодная Эўропа» у 1983-м годзе.

Радыё «Свабодная Эўропа»: На вуліцах гораду расклеілі зварот з такімі словамі: Мы абвяшчаем у Польшчы поўная ды абсалютная роўнасьць у правах, для ўсіх грамадзян без розьніцы па паходжаньні, канфэсіі ды нацыянальнасьці. Мы абвяшчаем свабоду веравызнаньня, друку, слова, грамадзкіх сходаў, прафсаюзаў ды страйкаў.

Тады ж быў агучаны фрагмэнт успамінаў Ігнацыя Дашыньскага, які пісаў пра абставіны фармаваньня ўраду, пра грамадзкую падтрымку.

Ігнацы Дашыньскі (інсцэнізацыя): Усе высілкі ўраду засталіся беспасьпяховымі, калі б не працоўны люд, які ахапіў парыў цудоўнага патрыятызму. Сотні працоўных ды сялян пайшлі добраахвотна ў войска ды без перапынку трэніраваліся за горадам. У Радаме 600 працоўных раззброілі камэндатуру. Усіх пераўзышлі чыгуначнікі, якія ратавалі чыгунку ад рабунку з боку марадзёраў. Чыгуначнікі – гэта безыменныя героі.

Стварэньне «люблінскага ўраду» выклікала ўзрушэньне сярод палякаў у тыя часы. Так згадвала тыя падзеі колішняя актывістка Польскай сацыялістычнай партыі Лідыя Цёлкашова пры канцы 1980-ых гадоў.

Лідыя Цёлкашова: З часоў паўстаньня 1863-гг, гэта быў першы ўрад, які сваю ўладу атрымаў са згоды польскага народу, а не пад ціскам вонкавых сілаў. Гэта крок быў рэвалюцыйным. Польшча адрадзілася як рэспубліка ў Любліне. Адначасова народны ўрад выводзіў Польшчу на шлях парлямэнцкай дэмакратыі.

У 2016-м годзе старшыя Таварыства імя Ігнацыя Дашыньскага Ежы Стэфаньскі падкрэсьліваў, што тагачасны прэм’ер умеў працаваць з рознымі сіламі, знаходзіць кампрамісы дзеля незалежнасьці Польшчы.

Ежы Стэфаньскі: Урад дзейнічаў ва ўмовах змаганьня за незалежнасьць. Ён выступаў з пазыцыі сацыяльнай справядлівасьці, блізкай сацыялістам, зь іншага боку, бачыў найважнейшай справай адраджэньне незалежнасьці на ўсёй тэрыторыі, з усіх трох падзелаў.

Урад Ігната Дашыньскага дзейнічаў 5 дзён. 12 лістапада прэм’ер падпарадкаваў свой кабінэт Юзафу Пілсудскаму. Ігнацыю Дашыньскаму не ўдалося дамовіцца пра стварэньне новага ўраду, яго не падтрымалі ані сацыялісты, ані кансэрватары. 18 лістапада быў створаны новы ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Енджэя Марачэўскага.

Аднак да 1939 года ў Польшчы Дзень незалежнасьць адзначалі 7 лістапада ў памяць пра стварэньне ўраду Ігнацыя Дашыньскага.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт