Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы паведаміла, што мясцовыя выбары завяршыліся.
У нядзелю прайшоў ІІ тур галасаваньне на кандыдатаў у мэры гарадоў, мястэчак ды войтаў гмін. Усяго галасаваньне прайшло ў 649 адзінках мясцовага самакіраваньня.
Агулам перамогу на выбарах атрымала кіроўная партыя «Права й Справядлівасьць» (ПіС). Партыя здабыла 32% галасоў выбарцаў, ейныя канкурэнты з «Грамадзянскай кааліцыі» ды Польскай сялянскай партыі атрымалі 24% і 13% адпаведна. У сэйміках на ўзроўні ваяводзтваў ПіС перамог у 9 з шаснаццаці ваяводзтваў, у шасьці ваяводзтвах прадстаўнікі партыі будуць кіраваць самастойна без кааліцыі.
Затое палітыкі партыі не змаглі перамагчы на выбарах мэраў у вялікіх гарадах. У сталіцах ваяводзтваў ня будзе мэраў зьвязаных з гэтай партыяй. Там перамаглі альбо незалежныя кандыдаты, альбо асобы зьвязаныя з апазыцыйнай «Грамадзянскай кааліцыяй».
Напрыклад, у Гданьску перамог незалежны кандыдат – Павал Адамовіч, набраўшы 64,8% галасоў, тады як ягоны сапернік з ПіС Кацпэр Плажыньскі здабыў 37% галасоў. У гарадзкой радзе 6 месцаў здабылі незалежныя кандыдаты, 12 – ПіС і 16 – «Грамадзянская кааліцыя». Новаабраны мэр спадзяецца на супрацы з былым канкурэнтам.
Павал Адамовіч: У нас ёсьць новы склад рады дэпутатаў, сярод якіх таксама прадстаўнікі партыі «Права й Справядлівасьць», у тым ліку кандыдат ад партыі на мэра горада. Застаецца адкрытым пытаньне, якую арыентацыю абярэ ПіС: ці будзе падтрымліваць праграмна блізкія ініцыятывы мэрыі, ці будзе як дагэтуль?
У Кракаве кандыдатка на мэра ад ПіС Малгажата Васэрман саступіла ў барацьбе з цяперашнім мэрам горада Яцкам Майхроўскім. Апошні перамог 64,6% галасоў, а кандыдатка ПіС здабыла 35,4% падтрымкі. Гэта годны вынік, заявілі Малгажата Васэрман.
Малгажата Васэрман: Віншую пераможцу спадара мэра Майхроўскага, дзякую ўсім кракавянам, якія пайшлі на выбары, шчыры дзякуй тым жыхарам горада, якія паверылі мне й прагаласавалі за мяне. Я ішла на выбары без пустых абяцаньняў, не спакушала пасадамі, і не палохала сапернікаў. У гэтых умовах атрыманы мной вынік дае мне права ганарыцца.
Прадстаўнікі партыі «Права й Справядлівасьць» заявілі, што ўспрымаюць вынікі мясцовых выбараў як сваю перамогу, але будуць аналізаваць вынікі, бо партыю чакае шмат працы ў буйных гарадах. Гаворыць дэпутат з парлямэнцкай фракцыі ПіС Марцін Гарала.
Марцін Гарала: Мы мусім падумаць над нашым стылем камунікацыі з выбарцамі. Мы перамаглі, перамога нас задавальняе, але ёсьць вялікі ўзровень незадавальненьня. Мы павінны ўбачыць, што нас чакае шмат працы. Спачатку трэба прааналізаваць сытуацыю, потым рэалізаваць прынятыя рашэньні.
У сваю чаргу прадстаўнікі апазыцыі дэкляруюць узмоцненую працу ў меншых гарадах ды на вёсцы. Маўляў толькі так можна здабыць 30-40% падтрымку ў Польшчы. Гаворыць Томаш Сямоняк з партыі «Грамадзянская плятформа».
Томаш Сямоняк: Трэба мець падтрымку ў вялікіх гарадах, але ў малых мястэчках таксама. І на вёсках. Так было, калі Грамадзянская плятформа перамагала на выбарах. Да нас быў давер і ў малых мясцовасьцях. Цяпер гэты давер трэба адбудаваць. Прыклад многіх гарадоў, дзе прайгралі кандыдаты ад партыі «Права й Справядлівасьць» паказвае, што ўзровень даверу вызначаецца памерам гарадоў, што ў сярэдніх гарадках няма месца на апазыцыю ці «Грамадзянскую кааліцыю».
Пакуль жа прадстаўнікі «Грамадзянскай кааліцыі» вядуць перамовы пра хаўрус на мясцовым узроўні з прадстаўнікамі Польскай сялянскай партыі. Ідзецца пра тое, каб выкарыстаць пазытыўнае стаўленьне выбарцаў да аб’яднаньня апазыцыі. Палітыкі апазыцыйнай кааліцыі прапануюць стварэньне сумеснага сьпісу кандыдатаў на выбары ў Эўрапарлямэнт, якія адбудуцца ў Польшчы вясной будучага года. Гаворыць дэпутат «Грамадзянскай плятформы» Анджэй Галіцкі.
Анджэй Галіцкі: Вядома, што з Польскай сялянскай партыі, мы павінны стварыць адзіны супольны сьпіс. У першую чаргу таму, што мы ў адной фракцыі ў Эўрапейскім парлямэнце.
У Польшчы завяршыліся мясцовыя выбары. У мінуўшую нядзелю адбыўся ІІ тур галасаваньня. Цяпер польскія палітычныя партыі кажуць ужо пра падрыхтоўку да выбараў у Эўрапарлямэнт ды польскі Сэйм, якія адбудуцца вясной і восеньню 2019-га года.
Юры Ліхтаровіч