Былы прэм’ер-міністар Польшчы, старшыня Эўрапейскай рады Дональд Туск даў сёньня паказаньні адмысловай сьледчай камісіі, якая высьвятляе дзейнасьць фінансавай піраміды Amber Gold. Фірма ашукала амаль 19 тыс. людзей у Польшчы, крадучы іх ашчаднасьці.
Крыху інфармацыі, зьвязанай з гісторый дзейнасьці скандальнай фінансавай піраміды Amber Gold. Яна была створаная ў 2009 годзе, плянавала інвэставаць сродкі сваіх кліентаў у золата ды іншыя каштоўнасьці. Кліентаў прыцягвала вельмі высокімі працэнтамі, значна вышэйшымі, чым у іншых банках. У выніку шмат людзей заплюшчвала вочы на магчымую рызыку такой інвэстыцыі і ўкладвала грошы ў AG. Установа аб’явіла банкруцтва летам 2012 году, а тысячам кліентаў не вярнула іх грошай ды працэнтаў па ўкладах. Фірма ашукала амаль 19 тыс. кліентаў.
Іншая справа – авіякампанія OLT Exspress, заснаваная ў рамках AG. Менавіта ў гэтай авіякампаніі працаваў сын Дональда Туска Міхал, што таксама кідае цень на былога прэм’ер-міністра.
Калі партыя «Права і справядлівасьць» прыйшла да ўлады тры гады таму, было вырашана стварыць адмысловую камісію, якая да гэтага часу расьсьледуе справу фінансавай піраміды. З восені 2016 году камісія спрабуе адказаць на пытаньні, чаму адпаведныя дзяржаўныя службы своечасова не адрэагавалі на тое, што тварыў AG, чаму кіруючыя сілы не стрымалі махляроў, хто з уладнай эліты мог быць зьвязаны з кіраўніцтвам AG, паколькі такія структуры як правіла ня могуць існаваць без гэтак званага «даху» – аховы ўладаў. А што ставіцца ў віну былому прэм’ер-міністру? Што ён, будучы галавой ураду, своечасова не адрэагаваў і не даручыў спэцслужбам затрымаць будаваньне фінансавай піраміды. І што не перасьцярог палякаў аб рызыках, зьвязаных з укладваньнем грошай у AG, калі папярэджваў свайго сына, што гэта падазроная структура.
Былы прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск зьяўляецца апошнім сьведкам, выкліканым на дачу паказаньняў па справе фінансавай піраміды АГ. Яшчэ ў пятніцу не было вядома, ці старшыня Эўрапейскай рады прыедзе на пасяджэньне камісіі. Яго адвакат Раман Гертых тлумачыў, што ўсё залежыць ад працоўнага календара Туска.
Тым ня менш, у панядзелак раніцай Туск прыбыў на пасяджэньне камісіі па справе AG. Пытаньні задавала старшыня камісіі Малгажата Васэрман (Małgorzata Wassermann) – палітык «ПіС», дэпутатка і адвакат. Падчас дачы паказаньняў Туска на пасяджэньні камісіі Васэрман адзначыла: праблема ў тым, што ў часы кіраваньня дзяржавай партыі «Грамадзянская плятформа» адпаведныя дзяржаўныя службы ня здолелі прадухіліць махлярствы Марціна П., заснавальніка AG, які нахабна выкарыстаў у сваіх цёмных інтарэсах сына прэм’ер-міністра.
М. Васэрман: Праблема заключаецца ў тым, што фінансавы махляр, у якога было 9 судовых прысудаў, заснаваў авіякампанію, а спэцслужбы цягам дзевяці месяцаў не маглі з гэтым справіцца. І, каб гэтага было мала, дзеля заснаваньня авіякампаніі згаданы 9 разоў асуджаны махляр выкарыстаў вашага сына.
На гэта Дональд Туск адказаў, што палітыкі «ПіС» карыстаюцца сьледчай камісіяй па справах AG дзеля таго, каб нападаць на яго сям’ю. Калі паявілася пытаньне наконт уяўнай забароны зьбіраньня інфармацыі пра яго сына Міхала, якую атрымалі супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі, старшыня Эўрапейскай рады заявіў, што дзейныя ўлады Польшчы не зрабілі нічога, каб высьветліць справу яго сына.
Д. Туск: Я ведаю чаму – бо вам патрэбная гэта камісія. Вам патрэбны гэты спэктакль, каб кожныя два тыдні, кожныя два месяцы паўтарыць гэтыя закіды ў адрас маіх дзяцей, маёй сям’і. У вас жа ёсьць усе неабходныя інструмэнты, каб гэтую справу высьветліць да канца.
Дональд Туск сказаў падчас дачы паказаньняў у камісіі па справе AG, што ён раіў сыну адмовіцца ад супрацоўніцтва з авіякампаніяй OLT Exspress. Былы прэм’ер-міністар адзначыў, што пра гэтае супрацоўніцтва ён даведаўся з інтэрвію, якое Міхал Туск даў прэсе, раней ён толькі ведаў, што сын намераны працаваць у аэрапорце. Туск дадаў, што ў яго было дрэннае прадчуваньне.
Д. Туск: Калі ўпершыню ў нашай гутарцы паявілася інфармацыя, што мой сын намераны супрацоўнічаць з гэтай авіякампаніяй, у мяне было дрэннае прадчуваньне. Яно было зьвязана з гэтым, так сказаць, смуродам, які цягнуўся за фірмай AG. Былі адпаведныя публікацыі ў друку, акрамя таго, Камісія фінансавага нагляду перасьцерагала перад гэтай кампаніяй. Так што яна не выклікала ў мяне даверу.
Сьледчая камісія па пытаньні дзейнасьці кампаніі AG за больш чым два гады працы сабрала паказаньні 140 сьведак, у тым ліку прадстаўнікоў Гданьскай пракуратуры, Камісіі фінансавага нагляду, Ведамства грамадзянскай авіяцыі, Агенцтва ўнутранай бясьпекі, Міністэрства фінансаў, падатковай інспэкцыі. Былы прэм’ер-міністар зьяўляецца апошнім сьведкам, які даваў паказаньні па справе гданьскай фінансавай піраміды.
ІАР ПР/нг