Logo Polskiego Radia
Print

Авіякампанія LOT была вымушаная адкласьці рэйсы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 23.10.2018 16:27
  • 23.10.18_пульс эканомікі.mp3
У LOT з 18 кастрычніка працягваецца страйк бартавога пэрсаналу і пілётаў.
Bild: Dariusz Kłosiński /www.lotnisko-chopina.pl

Кіраўніцтва спачатку заяўляла, што забастоўка не парушыць раскладу рэйсаў, аднак ужо ў нядзелю ўзьнікла неабходнасьць адмяніць рэйс у Таронта ў Канаду і яшчэ некалькі маршрутаў з-за недахопу пілётаў і сьцюардэс. Пратэстуюць некалькі дзясяткаў чалавек.

Прэс-служба PLL LOT паведаміла, што кампанія будзе вымушаная адмяніць чарговыя рэйсы.

Адрыян Кубіцкі, прэс-сакратар PLL LOT: LOT адмяніў некалькі рэйсаў. На жаль, сярод іх некалькі далёкіх палётаў. А сёньня былі вымушаныя адмяніць рэйсы ў Токіё, Сэул і Таронта. Мы выбачаемся ў пасажыраў, аднак жа на нелегальныя дзеяньні прафсаюзаў і некаторых нашых супрацоўнікаў ня маем уплыву. Мы стараемся як мага хутчэй і ў як мага лепшых умовах замяніць пасажырам гэтыя палёты. Магчыма, будзем вымушаныя адміняць яшчэ некалькі рэйсаў, але сытуацыя памалу вяртаецца да нормы.

Старшыня кампаніі Рафал Мільчарскі паведаміў СМІ, што 67 чалавек звольненыя ў дысцыплінарным парадку па прычыне адсутнасьці на працы. Сярод іх бартавы пэрсанал і пілёты, у тым ліку капітаны паветраных суднаў.

У панядзелак 22-га кастрычніка прайшлі перамовы паміж кіраўніцтвам авіякампаніі й прадстаўнікамі прафсаюзаў. Паразуменьне не было дасягнута.

Аб перамовах расказала журналістам старшыня прафсаюзу бортправаднікоў Агнешка Шэлёнгоўска.

А. Шэлёнгоўска: Старшыня ня сеў з намі за стол перамоваў з добрымі намерамі. Ён не хацеў пайсьці на ніякія саступкі. Ён вырашыў зрабіць гэта проста для выгляду й зацягнуць час. Гэты чалавек не праяўляе ні грама пакорлівасьці, адкрытасьці на дыялёг, ці павагі да працаўнікоў. У той час, калі мы былі на перамовах, больш за дзесяць чалавек па электроннай пошце атрымалі дысцыплінарнае звальненьне з працы. Такое спрабавалі таксама зрабіць з удзельнікамі перамоваў. Тое, што сёньня здарылася, мабілізуе астатніх да падтрымкі. Страйк будзе працягвацца, пакуль усе звольнены ня будуць вернутыя на працу, а старшыня павінен сысьці.

Пратэстоўцы патрабуюць вярнуць на працу звольненую раней старшыню аднаго з прафсаюзаў Моніку Жэлязік, павялічыць заробкі, лепшыя ўмовы працы. З патрабаваньнем звольніць старшыню кампаніі LOT пратэстоўцы зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага.

Польскі нацыянальны авіяперавозчык быў вымушаны пазычыць некалькі самалётаў у іншых кампаній дзеля таго, каб рэалізаваць плянавыя маршруты.

яс

Эфірны выпуск перадачы "Пуль польскай эканомікі" у далучаным файле

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт