Logo Polskiego Radia
Print

Старшыні Партыі БНФ былі забаранілі карыстацца прыватнай маёмасьцю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.10.2018 15:45
  • Р.Кастусёў-абмежаваньні.mp3
Справа датычыць штрафаў за абарону Курапатаў ад забаўляльнай установы.
www.narodny.org

Арыгінальным чынам беларускія ўлады «павіншавалі» старшыню партыі БНФ з юбілеем арганізацыі 19 кастрычніка, які лічыцца днём нараджэньня Беларускага Народнага Фронту (30-годзьдзе стварэньня аргкамітэту БНФ).

У гэты дзень Рыгор Кастусёў атрымаў па пошце пакет дакумэнтаў, зьвязаных з адміністрацыйнымі штрафамі, якімі палітык быў пакараны за акцыі пратэстаў у Курапатах. Сярод іншага, была дасланая позва і пастанова аб накладаньні абмежаваньняў на маёмасьць – аўтамабіль і гараж, якія належаць старшыні БНФ.
Рыгор Кастусёў кажа, што дзеяньні суду былі беспадстаўнымі, паколькі ўсе штрафы ён сплаціў.

Р. Кастусёў: Усе гэтыя штрафы мною аплочаныя, дакумэнты накіраваныя ў адпаведныя органы. А мне накіраваныя дакумэнты, што накладваецца абмежаваньне ў карыстаньні аўтамабілем і гаражом. Гэта мая асабістая маёмасьць. Прыйшлося 19-га чысла разьбірацца, абзвоньваць. Я атрымаў вуснае абяцаньне, што судовыя выканаўцы разьбяруцца і дашлюць мне дакумэнт аб зьняцьці абмежаваньняў на маю маёмасьць.

Нагадаем, што 4 ліпеня суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў) за ўдзел у акцыях па абароне Курапатаў, дзе адчынілася забаўляльная ўстанова «Поедем-поедим». Напярэдадні лідэр БНФ быў брутальна затрыманы спэцаддзелам міліцыі на шляху да менскага аэрапорта, што пазбавіла яго магчымасьці выступіць на канфэрэнцыі ў польскім Сэйме. Па факце абмежаваньня свабоды сходаў старшыня БНФ падаў паведамленьне ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Інтарэсы старшыні Партыі БНФ абараняе магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Ён са шкадаваньнем адзначыў, што на ўзроўні беларускай дзяржавы Рыгору Кастусёву сваю правату даказаць не ўдалося, бо ўлады не выконваюць сваіх міжнародных абавязацельстваў. Затое на ўзроўні Камітэта па правах чалавека ААН, упэўнены праваабаронца, атрымаецца дамагчыся посьпеху. Тым ня менш, гэта толькі маральная перамога, паколькі беларускія суды ігнаруюць пастановы ААН. Больш за тое, прадстаўнікі беларускага ўраду падчас справаздачы ў ААН нахабна заяўляюць, што абмежаваньняў на свабоду сходаў у Беларусі няма.

Б. Бухель: Так, мы перамагаем. Аднак у ААН была разгледжаная справаздача беларускіх уладаў на гэтую тэму. Прадстаўнікі Беларусі нахабна казалі, што гэта толькі добрае пажаданьне. Суды адмаўляюцца выконваць пастановы ААН. Журботнае відовішча, калі дзяржаўныя чыноўнікі выступаюць на такіх міжнародныя форумах, твары ў прадстаўнікоў ААН дзервянеюць, бо тыя нясуць бязглузьдзіцу, а трэба ж усьміхацца... Акрамя таго, гэта ня хуткая працэдура. Адказ будзе дзесьці праз 4 гады.

Старшыня Партыі БНФ атрымаў штрафы за ўдзел у акцыях абароны мэмарыялу Курапаты ад забаўляльнага комплексу «Поедем-поедим», збудаванага ў межах ахоўнай зоны таго месца, дзе ў сталінскія часы былі забітыя дзясяткі тысяч палітычных вязьняў. Быў час, калі па абодвух баках была воля пачаць перамовы наконт вырашэньня тупіковай сытуацыі, але перамовы былі сарваныя, – распавядае Рыгор Кастусёў.

Р. Кастусёў: Уладальнікі ўстановы зьвярталіся да мяне, каб распачаць перамовы, я ўзяў на сябе гэтае заданьне. Была папярэдняя дамоўленасьць, што мясцовыя ўлады далучацца, некаторыя дэпутаты нас падтрымалі. На жаль, незадоўга да перамоваў усё сарвалася, калі ўладальнікі ды ахоўнікі кінуліся з кулакамі на абаронцаў. Была папярэдняя дамоўленасьць, што ўстанова на час перамоўнага працэсу прыпыніць працу.

Рыгор Кастусёў дадае, што ён гатоў зноў распачаць перамоўны працэс. Аднак цяпер назапасілася вельмі шмат нэгатыўных эмоцый па абодвух баках, ніхто ўжо ня мае жаданьня ісьці на кампраміс, актывісты далей атрымліваюць штрафы за абарону Курапат ад рэстарана. На думку старшыні партыі БНФ, цяпер ужо немагчыма вырашыць праблему без прыцягненьня ўладных структураў краіны.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт