У Польшчы адкрыты сярэднявечны замак
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
18.10.2018 18:21
«Мы ведалі, што замак быў, хаця нідзе не захавалася інфармацыя пра месца, памер і канструкцыю».
JamesDeMers/pixabay.com/CC0
Польскія археолягі знайшлі ў мястэчку Жэлехаў у Мазовіі (Żelechów) руіны сярэднявечнага замку. Вельмі добра захаваліся драўляныя элемэнты. Паводле спэцыялістаў, гэта была сядзіба роду Цёлкі.
Замак у Жэлехаве шукалі некалькі гадоў. Зь нешматлікіх гістарычных крыніц дасьледчыкі ведалі, што ў сярэднявеччы была там крэпасьць.
Дзякуючы выкарыстаньню паветранага лазэрнага сканаваньня і іншых мэтадаў, якія не патрабуюць нават рыдлёўкі, дакладна вызначана разьмяшчэньне будынку.
«Мы ведалі, што замак быў, хаця нідзе не захавалася інфармацыя пра месца, памер і канструкцыю», адзначыў у размове з Польскім агенцтвам друку кіраўнік археалягічных дасьледаваньняў Войцех Біс.
Комплекс ня быў акружаны абарончай сьцяной, што было характэрна для сярэднявечных замкаў, а земляным валам, узмоцненым каменнай канструкцыяй. Вельмі добра захаваліся драўляныя элемэнты будынку. Гэта стала магчымым дзякуючы высокаму ўзроўню грунтовых вод, якія добра захоўваюць арганічны матэрыял, патлумачылі археолягі.
Спэцыялізаваны аналіз драўляных элемэнтаў дазволіў дакладна вызначыць, што будынак узводзілі ў 1466 году.
Сучасныя мэтады дасьледаваньняў дапамаглі вызначыць контур аб’екту, які меў 85x90 мэтраў.
Аб тым, што ў замку, жылі багатыя людзі, сьведчыць сярод іншага пячная кафля. Паводле археолягаў, падобная знаходзілася ў палацы караля Жыгімонта Аўгуста ў Кнышыне і ў замку ў Тыкоціне на Падляшшы. Знойдзеныя абсмаленыя фрагмэнты посуду й іншых артэфактаў сьведчаць аб тым, што ў замку ў Жэлехаве быў пажар.
Магчыма, што гэтае адкрыцьцё зьменіць меркаваньне, што быццам бы ў сярэднія вякі ў Мазовіі жыло няшмат людзей.
З апошніх дасьледаваньняў вынікае, што падобных невядомых сядзіб з таго пэрыяду на дадзенай тэрыторыі было больш.
аўтар: Шыман Зьдзеблоўскі/яс