Logo Polskiego Radia
Print

Навукоўцы, экспэрты разважаюць пра ролю бацькоўства і патрыятызм

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.10.2018 13:43
  • канфэрэнцыя.mp3
Канфэрэнцыя зладжаная ў рамках сьвяткаваньня Дня папы рымскага - гадавіны выбару К. Вайтылы папам.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У рамках адзначэньня 40-годзьдзя выбару Караля Вайтылы папам рымскім, у Варшаве зладжаная міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная між іншым патрыятызму ды бацькоўству.

У цэнтры польскай сталіцы, у Каралеўскім замку, сёньня раніцай пачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная ў прыватнасьці праблеме любові да Айчыны. Сустрэча навукоўцаў, экспэртаў у розных галінах носіць назоў «Супольнасьць-сям’я-бацькоўства-сучасныя выклікі». Канфэрэнцыя зладжаная ў рамках сьвяткаваньня Дня папы рымскага, гэта значыць, саракавой гадавіны выбару паляка Караля Вайтылы папам рымскім.

Канфэрэнцыя складаецца з дзьвюх частак. Першая панэль носіць загаловак «Бацькоўства – сям’я. Сучасныя выклікі». На ёй выступілі выкладчыкі, між іншым з Унівэрсытэту папы рымскага Яна Паўла ІІ у Кракаве, іх выступы камэнтавалі спэцыялісты. У сваю чаргу ў другой частцы галоўнай тэмай дыскусій быў патрыятызм.

Перад сустрэчай старшыня фундацыі «Праца новага тысячагодзьдзя» ксёндз Дарыюш Кавальчык, які зьяўляецца адным з арганізатараў канфэрэнцыі, адзначаў, што выступоўцы закранаюць шырокую тэматыку паняцьця патрыятызму.

Д. Кавальчык: Мы хочам задумацца над тым, што азначае сучасны патрыятызм. І ці палякі адносяцца да сваёй Айчыны нейкім спэцыфічным чынам, інакш, чым іншыя народы? Навукоўцы, публіцысты стараюцца на гэтае пытаньне адказаць. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць як польскія спэцыялісты, між іншым праф. Рашкоўскі, праф. Купчак, некалькі іншых публіцыстаў, так і ў дыскусіі бяруць удзел госьці, запрошаныя з-за мяжы – у прыватнасьці з Наварры праф. Блянка Кастылія, з Італіі доктар Масыміліяна Сынфрэдыта, знаўца папскай думкі. У такай міжнароднай кампаніі мы будзем над гэтымі тэмамі разважаць.

Ксёндз Дарыюш Кавальчык падкрэсьлівае, што канфэрэнцыя прыгадвае лёзунг сёлетняга Дня папы рымскага, які гучыць «Выпраменьваньне бацькоўства».

Д. Кавальчык: На канфэрэнцыі прысутнічаюць таксама прадстаўнікі «Фундацыі мамы і таты», паколькі мы хочам задаць сем’ям самыя звычайныя пытаньні: што для іх азначаюць гэтыя вялікія лёзунгі. Мы размаўляем з рознымі людзьмі, і часта чуем, што сыны або дочкі хацелі б адчуваць, што іх бацька – вялікі, надзвычайны чалавек, асабліва важна гэта для малых дзяцей. І мы хочам падказаць бацькам, каб яны не баяліся быць бацькамі, каб не пазьбягалі гэтай важнай ролі. Канешне, тады яны пазьбягаюць з аднаго боку цяжкай працы, якой нямала, але з другога боку – вялізнага задавальненьня.

Тэматыка канфэрэнцыі згадвае навучаньне Яна Паўла ІІ пра бацькоўства ў двух плоскасьцях – сям’і і Айчыны.

Надоечы, 16 кастрычніка, па ўсёй Польшчы, а таксама за межамі краіны вельмі маштабна адзначалася 40-ая гадавіна абраньня Караля Вайтылы папам рымскім. Галоўны пункт урачыстасьці адбыўся ў Кракаве, дзе прайшла між іншым сьвятая імша, падчас якой да вернікаў зьвярнуўся кардынал Станіслаў Дзівіш, шматгадовы асабісты сакратар папы рымскага. Ён казаў, між іншым, што Ян Павал ІІ быў папам сям’і і абаронцам жыцьця.

С. Дзівіш: Таму ён так адназначна і рашуча бараніў чалавечае жыцьцё. Жыцьцё пачатых дзяцей, яшчэ ненароджаных, якім заканадаўства многіх краін не дае права ўбачыць сьвятло гэтага сьвету. Такі быў стыль жыцьця і навучаньня папы рымскага – нікога не выключаць, не зачыняць межы перад чужынцамі. Гэта стыль шырокага позірку, калі чалавек не замыкаецца ў тым, што дзеліць, а шукае тое, што аб’ядноўвае нас у Польшчы.

Кожны можа браць для сябе прыклады з жыцьця і навучаньня вялікага паляка – Яна Паўла ІІ – дадаў кардынал Станіслаў Дзівіш.

ІАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт