Logo Polskiego Radia
Print

Вышаградзкая група дае прыклад дзяржавам ЭЗ

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.10.2018 15:55
  • Саміт V4 Славаччына.mp3
У Славаччыне праходзіць традыцыйны саміт прэзыдэнтаў краін V4.
Foto: Kancelaria Prezydenta RP/prezydent.pl

Для многіх у ЭЗ Вышаградзкая група – гэта прыклад таго, як супольна можна прасоўваць свае інтарэсы ўнутры Эўразьвязу.

У чацьвер у славацкім мястэчку Шчырбске Плесо пачаўся двухдзённы саміт прэзыдэнтаў V4. Такія сустрэчы ладзяцца штогод. Сёлета ў Славаччыну прыехалі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, Вугоршчыны – Янош Адэр, Чэхіі – Мілаш Зэман, а гаспадаром сустрэчы стаў славацкі прэзыдэнт Андрэй Кіска.

У чацьвер прэзыдэнты размаўлялі пра сучасныя выклікі для Эўропы, адказную сацыяльную палітыку. У пятніцу дыскусія ішла пра разьвіцьцё тэхналёгіі, стварэньне месцаў працы, рост дабрабыту ў рэгіёне, а таксама пра міграцыю ды сытуацыю ў Эўрапейскім Зьвязе. Больш падрабязна пра хаду сустрэчы распавядае карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.

Войцех Цэгельскі: Прэзыдэнты Вышаградзкай групы, то бок Польшчы, Чэхіі, Славаччыны ды Вугоршчыны, размаўлялі спачатку пра сацыяльную палітыку ў рэгіёне. Польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда падчас дыскусіі падкрэсьліў посьпех праграмы 500+. Сярод іншых тэмаў размоваў быў тэхналягічны прагрэс, а таксама энэргетыка. У першую чаргу ішлося пра польска-харвацкі праект «Ініцыятыва трох мораў», які павінен зьвязаць Поўнач ды Поўдзень новымі дарогамі, чыгуначнымі спалучэньямі, а таксама перадачай энэргіі. Таксама на сустрэчы ў Славаччыне палітыкі абмяркоўвалі пытаньні міграцыі, будучы бюджэт Эўрапейскага Зьвязу ды сытуацыю ў ЭЗ пасьля выхаду Вялікабрытаніі ў сакавіку будучага году. Прэзыдэнты Вышаградзкай групы сустракаюцца штогод восеньню ў краіне, якая старшынствуе ў групе. Два гады таму прэзыдэнты размаўлялі ў польскім Ланцуце, а летась у вугорскім Сэксарце.

Калі ў пытаньнях адносін з ЭЗ паміж прэзыдэнтамі V4 няма разыходжаньняў, то ў справах энэргетычных яны ёсьць. Непаразуменьне выклікае пытаньне газаправоду Nord Stream 2, які будуе Расея ў Нямеччыну па дне Балтыйскага мора, казаў Польскаму радыё Войцех Пшыбыльскі з Visegrad insight.

Войцех Пшыбыльскі: Вугоршчына хацела б, каб ЭЗ адмяніў санкцыі накладзеныя на Расею, а Польшча хацела б, каб ЭЗ выступаў адзіным фронтам у дачыненьні да Расеі, і каб асобныя краіны не вырашалі індывідуальна па-за ЭЗ свае газавыя інтарэсы з Расеяй.

У сваю чаргу кіраўнік кабінэту польскага прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі лічыць, што няма «газавай спрэчкі» сярод краін групы V4.

Кшыштаф Шчэрскі: Што тычыцца тэмы Nord Stream 2, тут лідарамі, ініцыятарамі абмеркаваньня зьяўляюцца Польшча ды Славаччына. Іншыя краіны прымаюць да ведама нашу пазыцыю, не ўдзельнічаюць у праекце Nord Stream 2. Гэтак яны падтрымліваюць нашу крытычную пазыцыю. Важна тое, што сёньня ў ніводнай краіне групы няма ўдзелу ў праекце Nord Stream 2, ніхто ня будзе карыстальнікам.

Апошнія гады Вышаградзкая група дазволіла Польшчы, Славаччыне, Чэхіі ды Вугоршчыне выпрацоўваць супольную пазыцыю ў шматлікіх складаных пытаньнях. Пазьней разам гэтыя краіны больш эфэктыўна прасоўвалі свае інтарэсы ў Бруселі. Для многіх іншых краінах Супольнасьці V4 – гэта сёньня прыклад пасьпяховай інтэграцыі, кажа Войцех Пшыбыльскі з Visegrad insight.

Войцех Пшыбыльскі: Прэзыдэнт Славаччыны Андрэй Кіска заявіў сёньня, што Вышаградзкая група павінна трымацца разам. Гэта ўмова большай эфэктыўнасьці пры ажыцьцяўленьні эўрапейскай палітыкі. Вышаградзкі фармат мае сэнс у першую чаргу ўнутры ЭЗ, а таксама ў рэгіянальным вымярэньні. Гэта бачна ня толькі ў пытаньні міграцыі, але новых тэхналёгій ды інвэстыцый. На мінулым тыдні ў рамках групы было падпісана паразуменьне пра новыя фінансавыя мэханізмы, у Бруселі група дамаглася карысных для сваіх чальцоў запісаў у справе электрамабільнасьці ды разьвіцьця вытворчасьці электрычных аўтаў. Многія дзяржавы ў ЭЗ, асабліва скандынаўскія, глядзяць на групу V4 як на прыклад правядзеньня палітыкі ў Эўразьвязе, як бараніць свае інтарэсы праз канструктыўны дыялёг.

У Славаччыне прайшоў двухдзённым саміт прэзыдэнтаў краін Вышаградзкай групы. Палітыкі абмяркоўвалі сучасныя выклікі для Эўропы, выкарыстаньне тэхналягічных інавацыі для росту дабрабыту ў рэгіёне.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт