Калі ў 1989 годзе Польшча зноў стала поўнасьцю незалежнай дзяржавай, прыняла новую палітычную сыстэму і рынкавы капіталізм, пачалася прыватызацыя нацыяналізаванай у часы ПНР дзяржаўнай маёмасьці. Многія фабрыкі, заводы, банкі былі прададзеныя замежным уладальнікам. Урад партыі «Права і справядлівасьць» памяняў гэтую палітыку.
Калі партыя «ПіС» тры гады таму прыйшла да ўлады, яе дзеячы заяўлялі, што яны пастараюцца вярнуць многія стратэгічныя прадпрыемствы з замежным капіталам у польскія рукі. І сапраўды пачала рэалізаваць свае пляны. Увага палітыкаў канцэнтруецца між іншым на банках, сродках масавай інфармацыі, вялікіх прадпрыемствах. Канешне, няма гаворка пра паўторную нацыяналізацыю, падобную да той, што была праведзеная пасьля вайны. Тым ня менш, калі ўладальнік выстаўляе на продаж нейкае прадпрыемства з замежным капіталам, то дзяржава стараецца зрабіць усё магчымае, каб яно трапіла ў польскія рукі.
Па словах прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага, за восем гадоў, калі дзяржавай кіравала кааліцыя «Грамадзянская плятформа» – Польская Сялянская Партыя, былі прададзеныя прадпрыемствы за прыкладна 50-60 млрд. злотых. Кіраўнік Рады міністраў адзначыў, што яго ўраду ўдалося выратаваць ад продажу авіякампанію LOT, якая раней прыносіла страты, а таксама выкупіць у замежнага інвэстара Гданьскую суднавэрф.
М. Маравецкі: Паўтара году таму мы выкупілі суднавэрф ваенна-марскога флёту. Так што на самой справе ўрад «ПіС» імкнецца да таго, каб распрададзеныя аб’екты, а гэта нашы нацыянальныя скарбы ў самых розных галінах эканомікі, вярталіся ў польскія рукі, да польскай дзяржавы.
Прэм’ер-міністар паведаміў таксама, што Польскі фонд разьвіцьця выкупіць у замежнага інвэстара прадпрыемства Польскія канатныя дарогі. Дадзеная фірма – гэта самы вопытны і самы буйны апэратар фунікулёраў і горных канатных ліній, які абслугоўвае, у прыватнасьці, канатную дарогу на пік Каспровы верх у гарах Татрах на поўдні Польшчы.
Польскі фонд разьвіцьця падпісаў дамоўленасьць аб набыцьці 99% акцый Польскіх канатных дарог. У 2013 годзе яны былі прададзеныя за 215 млн. злотых фонду Mid Europa Partners. За якую суму польская дзяржава цяпер вяртае ў свае рукі прадпрыемства, не было паведамлена. Падпісаньне фінальнай дамовы плянуецца ў бліжэйшыя месяцы.
Матэвуш Маравецкі казаў, што вяртаньне фірмы ў дзяржаўныя рукі – гэта ажыцьцяўленьне перадвыбарчых абяцаньняў, якія давала ягоная партыя. І нагадаў, што ўсе сур’ёзныя заходнія дзяржавы, як Францыя, Італія ці Швэйцарыя не выпускаюць са сваіх рук прадпрыемствы, якія абслугоўваюць канатныя дарогі, гэта іх нацыянальная маёмасьць.
М. Маравецкі: Польскія канатныя дарогі абавязкова павінны быць у руках польскай дзяржавы. І цяпер, калі так сталася, мы можам аддаваць гэтую маёмасьць у распараджэньне палякаў. Такую менавіта мы паставілі перад сабою мэту – каб польскія турысты маглі напоўніцу карыстацца прыгажосьцю польскіх Татраў, прыгажосьцю польскіх гор.
Намесьнік старшыні гарадзкой рады мясцовасьці Закапанэ Ежы Захарка (Jerzy Zacharko) паведаміў, што цяпер Польскія канатныя дарогі чакаюць рамонты ды іншыя інвэстыцыі.
Е. Захарка: Фірма была прададзеная неўзабаве пасьля генэральнага рамонту. Новы ўладальнік практычна не ўкладваў у яе сродкаў, пяць гадоў яе эксплёатаваў. І таму цяпер, калі яна вяртаецца ва ўладаньне польскай дзяржавы, уладальнік павінен пачаць працу зноў жа з рамонтаў. Тым ня менш, мы вельмі цешымся, што канатная дарога будзе ў распараджэньні дзяржаўнага суб’екту гаспадараньня, што гэта стала магчымым.
Рэпалянізацыя стратэгічных аб’ектаў – такую мэту паставілі перад сабою польскія ўлады. І пасьлядоўна яе рэалізуюць. Ёсьць аднак і адмоўны бок гэтага працэсу. Паводле статыстычных дадзеных, летась у Польшчы было значна менш прамых замежных інвэстыцый, чым годам раней – толькі 35 млрд. злотых. Зьмяншэньне зацікаўленасьці інвэстараў польскімі фірмамі назіраецца ў многіх важных галінах эканомікі – розьнічным гандлі, энэргетычным да банкаўскім сэктары. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што інвэстараў можа адпужваць палітыка польскіх уладаў, якія даволі непрыхільна ставяцца да замежнага капіталу.
ІАР/нг/фота PAP/Grzegorz Momot