Украінец завёз у Польшчу адзёр
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.10.2018 15:22
Прыйшлося зрабіць прышчэпку ад адру ўсім асобам, якія мелі з ім кантакт.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
«Dziennik Gazeta Prawna» піша пра гісторыю, якая здарылася нядаўна ў польскай мясцовасьці Аструда (Ostróda). Працаўнік аднаго з прадпрыемстваў, украінец, паехаў на Аўчыну, а пасьля вяртаньня пайшоў да лекара, паколькі заўважыў у сябе сып. Польскія службы хутка адрэагавалі. Прыйшлося зрабіць прышчэпку ад адру ўсім асобам, якія мелі кантакт з украінцам – агулам гэта было амаль 900 чалавек.
Выпадкі адру здараюцца галоўным чынам у грамадзян Украіны. Улады гэтай дзяржавы больш за год змагаюцца з усплёскам колькасьці выпадкаў гэтай небясьпечнай хваробы. Экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што адной з прычын распаўсюджваньня адру ва Ўкраіне была прапаганда супраць вакцынацыі. У сваю чаргу ў Польшчы выпадкі захворваньня сярод мігрантаў паказалі, што ў заканадаўстве не прапісана, паводле якой схемы трэба неадкладна заняцца праблемай і хто павінен за прышчэпкі заплаціць. Акрамя таго, чыноўнікі нават ня ведаюць, ці вакцынацыя супраць адру ва Ўкраіне абавязковая, ці не. Журналісты задалі такое пытаньне прадстаўнікам Санэпіду, і тыя разьвялі рукамі.
У Міністэрстве аховы здароўя ідзе падрыхтоўку адпаведных прававых нормаў. Адной зь першых зьменаў, па інфармацыі выданьня, будзе адмена нормы, паводле якой абавязковая вакцынацыя датычыць толькі тых іншаземцаў, якія прабываюць у Польшчы даўжэй, чым тры месяцы.
Dziennik Gazeta Prawna/нг