Logo Polskiego Radia
Print

Мэр адмовіўся ад сяброўства ў партыі з-за сваіх хамскіх жартаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 08.10.2018 14:51
  • жанчыны ў палітыцы.mp3
"З табой праблема, ты занадта прыгожанькая", - так мэр прадстаўляў кандыдатак у дэпутаты.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У Польшчы набліжаюцца муніцыпальныя выбары. У гэты час асабліва рэзка відаць, што сабою прэзэнтуюць паасобныя палітыкі. Надоечы ў краіне разгарэўся скандал, зьвязаны з выказваньнем мэра аднаго з падваршаўскіх гарадоў.

Раман Смагажэўскі (Roman Smogorzewski) знаходзіцца на пасадзе мэра гарадка Легіянова, што пад Варшавай, ужо 16 гадоў. Відаць, усё яго акружэньне прывыкла да хамскіх жартаў, якія гучаць час ад часу з вуснаў Смагажэўскага. Магчыма, таму ніхто не адрэагаваў, а ўсе толькі пасьміхаліся, а некаторыя нават білі ў далоні, калі мэр такім чынам прадстаўляў жанчын – кандыдатак у гарадзкі савет дэпутатаў:

Р. Смагажэўскі: ...З табой такі клопат, што ты занадта прыгожанькая. Канешне, у цябе шмат іншых моцных бакоў, ты кампэтэнтная. Я табе скажу, што мая жонка зусім не раўнівая... Ну, і спэцыялістка па сэксу, і па біялёгіі, так? Прабачце, але такая ў мяне з вамі асацыяцыя. На маю думку, гэта зусім ня дрэнная асацыяцыя, калі гаворка ідзе пра мужчыну і жанчыну. Я з вашым мужам заўтра паразмаўляю.

Калі запіс гэтай сустрэчы трапіў у інтэрнэт, Раман Смагажэўскі адмовіўся ад сяброўства ў сваёй партыі – апазыцыйнай цяпер у Польшчы «Грамадзянскай плятформе». Пра гэта паведаміў прэс-сакратар групоўкі Ян Грабец. Дарэчы, на канвэнцыі, падчас якой прагучалі сэксістоўскія жарты, прысутнічаў сам Грабец, але ён ніякім чынам не адрэагаваў на выказваньне свайго партыйнага калегі. За што яго самога раскрытыкаваў кандыдат у віцэ-мэры Варшавы Пётр Гузял.

П. Гузял: Спадар Грабец агідна рагатаў, седзячы ў залі. Няпраўда, што ён прыйшоў пад канец сустрэчы. Ёсьць здымкі, якія паказваюць, што ён слухаў выказваньне Смагажэўскага. Ён маўчаў, а пад канец з шырокай усьмешкай віншаваў яму, узнагародзіў яго шабляй ды заклікаў Смагажэўскага ісьці ў бой і заваяваць перамогу для «Грамадзянскай плятформы». Гэта проста скандальна.

Калі відэазапіс канвэнцыі «ГП», падчас якой выступаў Смагажэўскі, трапіў у сеціва, палітык адмовіўся ад сяброўства ў партыі і разьмясьціў у Фэйсбуку выказваньне, у якім просіць прабачэньня. Калі агулам гэта можна назваць прабачэньнем, паколькі ён тлумачыць, што не хацеў нікога пакрыўдзіць, а імкнуўся толькі прадставіць кандыдатак у дэпутаты «свабодна і з гумарам», а яго словы былі адарваныя ад агульнага зьместу выказваньня. Быццам бы просіць прабачэньня, а на самой справе не разумее, навошта, бо гэта ж быў «толькі жарт».

Такі падыход мужчын-палітыкаў да жанчын не зьдзіўляе беларускага гісторыка Ніну Стужынскую. Далёка яшчэ да роўнасьці паміж мужчынамі ды жанчынамі ў палітыцы, – кажа старшыня Беларускай жаночай лігі.

Н. Стужынская: Размова ідзе пра дыскрымінацыю жанчын, тым больш жанчын прыгожых. Што б не гаварылі, у нас гэта ёсьць. Эйджызм: калі жанчына старэйшага ўзросту, то кажуць, яна старая, хай сядзіць дома, гадуе ўнукаў. Калі непрыгожая, таксама знойдуцца людзі, якія кажуць: маўляў, такое страхоцьце, хай дома сядзіць. Калі прыгожая, зноў ня так. Праблема ў гендэрнай роўнасьці, ці ў яе адсутнасьці. Абсалютна няма гэтай роўнасьці. Нават у дэмакратычных партыях носьбітамі такіх цемрашальскіх настрояў зьяўляюцца лідары гэтых партый. Я выступаю за тое, каб больш маладых, прыгожых жанчын было ў палітыцы. Хопіць адседжвацца на кухні. Важныя сацыяльныя пытаньні, якія тычацца сям’і, дабрабыту сям’і, адны мужчыны ня вырашаць. Любую сацыяльную праблему без удзелу ў палітыцы ня вырашыш.

Жанчын павінна быць больш у палітыцы, каб паступова гэта перастала быць выключэньнем, а стала нормаю. Тады людзі перастануць зьвяртаць бачную ўвагу на іх выгляд. Акрамя таго, яны павінны таксама перастаць займаць другарадныя пасады ў партыях, а меціць у самыя важныя кіруючыя пасады, тады, магчыма, мужчыны будуць трымаць язык за зубамі і не дазволяць сабе такія вульгарныя жарты, як кіраўнік Легіянова. Што цікава, з пятніцы, калі скандальны запіс трапіў у сеціва, да панядзелку амаль што не чуваць выказваньняў жаночых актывістак Польшчы, фэміністак. Можа таму, што такое faux pas здарылася з палітыкам апазыцыйнай грамадзянскай плятформы, якая ў гэтым асяродзьдзі лічыцца прагрэсіўнай партыяй.

нг

запіс у YouTube выступу мэра Легіянова

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт