Logo Polskiego Radia
Print

35 гадоў таму быў адкрыты помнік Малому паўстанцу ў Варшаве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.10.2018 13:24
Дзеці часам затойвалі свой сапраўдны ўзрост, каб змагацца за Радзіму.
Photo: wikipedia.org/Kalinka261015/CC BY-SA 3.0 PL

У панядзелак прыходзіцца 35-ая гадавіна адкрыцьця помніка Малому паўстанцу ў Варшаве. Калі хтосьці быў у польскай сталіцы, то хутчэй за ўсё бачыў каля Старога горада вылітую з бронзы фігуру хлопчыка ў надта вялікай вопратцы і абутку, у нямецкім шлеме, з карабінам.

«Rzeczpospolita» запытала прафэсара Веслава Яна Высоцкага, чаму помнік выклікае такія вялікія эмоцыі. Па словах гісторыка, кожны нармальны чалавек скажа, што дзеці не павінны ўдзельнічаць у бітвах. Аднак польская гісторыя так склалася, што змагаліся таксама дзеці. Малы паўстанец зьяўляецца сымбалем сытуацыі, якой мы ня хочам, але ў якой нам прыходзілася жыць.

Фармальна дзеці не маглі ўступіць у шэрагі Арміі Краёвай, прысягу можна было прыняць толькі пасьля 16 году жыцьця. Тым ня менш, было нямала выпадкаў, калі дзеці затойвалі свой сапраўдны ўзрост, каб прысягаць на вернасьць Радзіме. Акрамя таго, дзеці бывалі сувязнымі, яны маглі прабрацца туды, дзе не справіўся бы дарослы. Праўда, іх часта выганялі з войска, але яны пастаянна вярталіся, прасілі, каб ім далі нейкае баявое заданьне. Гэты помнік не зьяўляецца заахвочваньнем да таго, каб дзеці бралі ўдзел у вайне. Ён пастаўлены ў памяць аб героях, часта безыменных, якія загінулі ў барацьбе за свабоду.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт