Logo Polskiego Radia
Print

Пантыфік пажадаў балтыйскім краінам сьвятла надзеі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.09.2018 15:55
  • Пантыфік пажадаў.mp3
Працягваецца душпастарскі візыт Рымскага папы Францішка ў краіны Балтыі.
Foto: EPA/VATICAN MEDIA Dostawca: PAP/EPA.

Першыя два дні візыту Рымскі папа правёў у Летуве. Пантыфік наведаў Вільню ды Коўна, дзе сустракаўся з уладамі гэтых краін, сьвятарамі ды вернікамі. Рымскі папа маліўся таксама перад помнікам ахвярам Віленскага гета ды ў Музэі акупацыі ды змаганьня за свабоду на віленскіх Лукішках.

Пантыфік казаў пра тое, што прага ўлады ды славы для адных абарочваецца пакутамі для іншых, у першую чаргу для слабейшых, для меншасьцяў. Рымскі папа згадаў, што асабліва гэта адчулі народы Балтыі, дзе цэлыя пакаленьні закранула савецкая акупацыя, якая абярнулася дэпартацыяй, здрадай, даносамі, катаваньнямі ды сьмерцю. Сымбалем акупацыі стаў музэй, дзе ў савецкія часы была сядзіба КДБ, дзе катавалі ды забівалі вязьняў – ахвяр савецкага рэжыму. Пантыфік быў у залі расстрэлаў ды маліўся перад помнікам ахвяр савецкай акупацыі.

Рымскі папа Францішак: Няхай Летува будзе сьвятлом надзеі. Няхай будзе зямлёй працавітай памяці, якая паспрыяе барацьбе з любымі праявамі несправядлівасьці. Няхай множацца высілкі ў абарону ўсіх людзей, асабліва тых слабых ды безабаронных, няхай будзе лідарам у прымірэньні разнастайнасьці.

У Вільню на сустрэчу з Рымскім папам прыехалі вернікі з усяе Летувы, Польшчы і таксама вернікі Беларусі.

Польскія вернікі казалі, што для іх адлегласьць не была праблемай, а ў Вільню іх прывяла душэўная патрэба.

Верніца: Мы прыехалі з Граева, гэта даволі далёка, больш за 200 кілямэтраў. Мы тут з 5 раніцы. Я лічу, што трэба тут быць, каб разам памаліцца, разам перажыць гэты момант. Гэта вельмі важна для душы, каб памаліцца за сваіх блізкіх.

Беларусы зьвярталі ўвагу на тое, што ў гэты дзень у летувіскай сталіцы панавала добрае надвор’е ды цудоўная атмасфэра.

Верніца: Была цудоўная атмасфэра, ніякай паліцыі ды праверак. Папа Францішак згадаў таксама Беларусь і беларусаў, кажучы пра тое, што тут яны спрадвеку жылі разам і мірна зь летувісамі ды ўкраінцамі.

Зь Вільні ды Летувы Рымскі папа накіраваўся ў Латвію. Трэці дзень свайго паломніцтва ён праводзіць у гэтай краіне. У праграме візыту сустрэча з прадстаўнікамі латвійскіх улад ды служба падчас сьвятой імшы ў Санктуарыі Божай Маці ў Аглёне.

Рымскі папа Францішак зазначыў, што Латвія застаецца краінай дыялёгу і мірнага суіснаваньня, а латыскі каталіцкі касьцёл не цураецца супрацы з іншымі канфэсіямі.

Рымскі папа Францішак: З радасьцю даведваюся, што ў гэтай зямлі ўкараніўся каталіцкі касьцёл, што ён супрацоўнічае з іншымі хрысьціянскімі цэрквамі. Гэта знак таго, як магчыма шырыць веру, нягледзячы на існуючыя розьніцы. Гэтаму спрыяе сьмеласьць людзей выйсьці па-за межы павярхоўнай варожасьці ды паглядзець глыбока на сябе.

У Рызе папа ўдзельнічаў у экумэнічнай малітве з прадстаўнікамі розных рэлігійных супольнасьцяў. Сьвяты Айцец сустрэўся таксама з каталіцкімі вернікамі ў катэдры Св. Якуба.

У аўторак раніцай Пантыфік паляціць у Талін. Эстонія будзе апошняй краінай, якую наведае Францішак. У аўторак увечары ён вернецца ў Рым.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт